Пра гэта паведаміла 3 лістапада ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1» міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка, піша Позірк.
Паводле міністаркі, гаворка пра «маладых» пэнсіянэраў, якія «пяць гадоў як выйшлі на пэнсію і не працуюць», для якіх «такое абмежаваньне [па памеры пэнсій] цяпер спрацоўвае».
Матэрыяльнае стымуляваньне для працягу працоўнай дзейнасьці, як адзначыла Паўлючэнка, «мае вельмі сур’ёзны сацыяльны запыт».
«Сёньня грамадзян пэнсійнага ўзросту, якія працуюць, 446 тысяч, зь іх 110 тысяч працуюць з абмежаваньнем, гэта значыць не атрымліваюць поўны памер пэнсіі», — паведаміла кіраўніца Мінпрацы.
Дзейныя правілы, адзначыла міністарка, працуюць такім чынам:
«Ня мае значэньня, пэнсіянэр працуе на поўную стаўку, з частковай занятасьцю альбо выконвае асобныя віды работ паводле грамадзянска-прававой дамовы — усё роўна ягоная пэнсія памяншаецца, калі яго індывідуальны пэнсійны каэфіцыент вышэйшы за 1,3».
З 1 студзеня 2025 году пэнсія працоўным пэнсіянэрам будзе выплачвацца ў поўным аб’ёме.
Паводле міністаркі, прадугледжваецца паэтапнае павышэньне пэнсій, будуць павялічвацца надбаўкі, даплаты да пэнсій з прычыны росту бюджэту пражытковага мінімуму, зь якога яны разьлічваюцца.
Форум