Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы аўтамабільны рынак «Малінаўка» выставілі на продаж


Аўтарынак «Малінаўка», архіўнае фота
Аўтарынак «Малінаўка», архіўнае фота

Цана рынку невядомая. Раней яго ўжо выстаўлялі на продаж, каб сплаціць пазыкі перад крэдыторамі, але безвынікова.

Рынак «Малінаўка», які знаходзіцца недалёка ад вёскі Азярцо пад Менскам, зноў спрабуюць прадаць. Інфармацыя аб гэтым зьявілася на сайце ЗАТ «Белрэалізацыя». Аб’ект выставіў на продаж «Сбер Банк», піша выданьне «Белорусы и рынок».

У інвэстыцыйнай прапанове пазначана, што аб’ект можа быць прададзены як на таргах, так і паводле прамой дамовы. Пакупніку прапануюць усё оптам: 102 аб’екты нерухомасьці на тэрыторыі звыш 25 га, а таксама інжынэрныя камунікацыі.

Аднак цаны аб’екту ў аб’яве няма. Як паведамілі Office Life на гандлёвай пляцоўцы, прапанову выклалі ў адкрыты доступ з мэтай вывучэньня попыту. А ўласьнік павінен прыняць рашэньне аб цане і форме продажу найбліжэйшым часам.

Некалі найбуйнейшая ў краіне пляцоўка для продажу аўтамабіляў і запчастак перайшла банку за даўгі ранейшага ўласьніка — ЗАТ «Гандлёвы сьвет „Кальцо“», якое зьліквідавалі на падставе рашэньня суду ў 2023 годзе.

Гэтая кампанія належала вядомаму беларускаму бізнэсоўцу Юрыю Авяр’янаву. Цяпер ён знаходзіцца за мяжой, а ў Беларусі супраць яго пачатая крымінальная справа.

Рынак у Малінаўцы спрабавала прадаць яшчэ ЗАТ «Гандлёвы сьвет „Кальцо“», каб плаціць даўгі крэдыторам.

У 2021 годзе за яго прасілі каля 44 млн рублёў. Па тагачасным курсе гэта складала амаль 17 млн даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG