Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі зьвяз прадпрымальнікаў: дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў вядзе малы бізнэс да стратаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суб’екты малога і сярэдняга бізнэсу нясуць страты ад дзейнай сыстэмы рэгуляваньня цэнаў, заявіў старшыня Менскага сталічнага зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 30 кастрычніка.

Паводле яго слоў, дзейныя нарматыўныя акты «нясуць розныя наступствы для буйных і для малых і сярэдніх бізнэсаў».

Уступіў у сілу пяты дадатак да пастановы ўраду пра рэгуляваньне цэнаў, паводле якога з 29 кастрычніка 2024 году па травень 2025 году ўстаноўленыя гранічныя максымальныя раздробныя цэны на сьвежыя агуркі, яблыкі, цыбулю рэпчатую, бульбу харчовую, капусту белакачанную, буракі сталовыя, моркву, за выключэньнем мытых.

Менскі сталічны зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў рыхтуе зварот да дзяржаўных органаў, каб «гэтую праблему аблегчыць», робячы акцэнт на дзьвюх асноўных прапановах, удакладніў Віктар Маргелаў. Пра гэта піша Позірк.

Першая — вызваленьне суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ад цэнавых абмежаваньняў па значным сьпісе тавараў і паслуг. Эканаміст адзначыў, што каля 80% абароту як мінімум харчовых прадуктаў належыць буйным гандлёвым сеткам. Таму малы і сярэдні бізнэс у гэтым выпадку «ідзе за цаною, а праблемы з цэнаўтварэньнем прыносяць толькі дадатковыя рызыкі».

Другім пытаньнем, на якое кіраўнік зьвязу зьвярнуў увагу, зьяўляецца рэгуляваньне электронных плацяжоў. Маргелаў канстатаваў, што «для гандлю [рэгуляваньне] ёсьць, і вельмі жорсткае, а для спадарожных паслуг яго няма ад слова зусім». Эканаміст лічыць, што банкаўскі сэктар зарабляе на сыстэме безнаяўных плацяжоў столькі ж, колькі ўвесь гандаль, які яму належыць.

Як заявіла сустаршыня праўленьня, дырэктар «Бізнэс зьвязу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. С. Куняўскага» Жанна Тарасевіч, пастанову № 713 трэба рэфармаваць.

«У розьнічных сетак ужо сфармаваная „дастаткова вялікая база даных з улікам лічбавізацыі многіх працэсаў, і можна адсачыць, якія сацыяльна-эканамічныя тавары больш за ўсё ўплываюць на ўзровень інфляцыі“», — лічыць яна.

Аналіз гэтых лічбаў дазволіў бы вызначыць пералік сацыяльна-значных тавараў, на якія можна пакінуць дзяржаўнае рэгуляваньне, а ўсё астатняе «рэгуляваць лімітавым узроўнем рэнтабэльнасьці».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG