Сьцісла
- Тэорыя фокусных пунктаў нобэлеўскага ляўрэата Томаса Шэлінга — тлумачэньне, як людзі прымаюць узгодненыя рашэньні, калі няма магчымасьці іх узгадненьня.
- Захад ня мае крытэраў вызначэньня эфэктыўнасьці палітыкі адносна Беларусі, выкананьне якіх вызначала б час, прыдатны для заключэньня ўгоды з Лукашэнкам.
- Студзеньскія выбары ў Беларусі, хоць выбарамі і ня будуць, гэта так званы фокусны пункт у працэсе торгу паміж Менскам і Захадам.
Побытавая сытуацыя: муж і жонка згубілі адно аднаго ў вялізным супэрмаркеце. Справа адбываецца ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя: мабільнікаў няма, сужэнцы ня могуць дамовіцца, дзе ім сустрэцца. І дзе яны ў такім разе, хутчэй за ўсё, сустрэнуцца?
Гэта адзін са шматлікіх прыкладаў тэорыі прыняцьця рашэньняў з кнігі Томаса Шэлінга «Стратэгія канфлікту» . Гэта клясыка тэорыі гульняў, за гэтыя свае дасьледаваньні Шэлінг у 2005 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы. Вынікі прац Шэлінга выкарыстоўваюцца ў безьлічы сфэраў — ад бізнэсу да дыпляматыі і ваеннага плянаваньня.
Дык як жа жонцы і мужу сустрэцца ў супэрмаркеце? Шэлінг адзначаў, што абое будуць разважаць, спрабуючы перадбачыць развагі другога боку і зыходзіць з «чаканьняў наконт таго, што іншая чакае, што ён чакае, што яна чакае ад яго, што ён чакае ад яе менавіта такіх чаканьняў што да ягоных дзеяньняў».
Дзе ж спыніцца гэты доўгі ланцужок? У нашай сытуацыі — у бюро знаходак ці даведак у супэрмаркеце. Чаму? А таму што яно адно. І яно пэўнай сваёй асобнай якасьцю адрозьніваецца ад усіх іншых магчымых лякацыяў сустрэчы. Ва ўсіх астатніх прадаюць нейкія тавары, і гэтым яны падобныя. У бюро знаходак не прадаюць нічога. Гэта асобны, вылучаны пункт, дзе муж і жонка, не згаворваючыся, хутчэй за ўсё, вырашаць сустрэцца. Само па сабе бюро знаходак нічым ня лепшае за іншыя месцы ў супэрмаркеце. Але яно выклікае найменш пытаньняў кшталту «А чаму тут, а ня ў іншым месцы?».
Такія рашэньні сытуацыяў, да якіх бакі прыходзяць нават ва ўмовах адсутнасьці камунікацыі, Шэлінг называў фокуснымі пунктамі. І ён прыводзіць шмат прыкладаў такіх пунктаў у самых розных сытуацыях, прычым не абавязкова ва ўмовах адсутнасьці камунікацыі і нават пры наяўнасьці вострага канфлікту паміж бакамі.
У Другой сусьветнай вайне бакі не ўжывалі адзін супраць аднаго баявыя атрутныя газы. Як жа лютыя ворагі дамовіліся аб гэтым? А ніяк не дамаўляліся, тлумачыў Шэлінг.
Паводле яго, у сытуацыі былі два фокусныя пункты — самае шырокае ўжываньне баявых газаў без абмежаваньняў і поўная адмова ад іх выкарыстаньня. Пра любыя прамежкавыя варыянты (скажам, пра неўжываньне атрутных газаў супраць цывільных) было б немагчыма дамовіцца. Зразумела, што нацысты не давяралі саюзьнікам, і наадварот. Да таго ж любы прамежкавы варыянт быў менш абгрунтаваны, чым крайнія, фокусныя пункты: а чаму прытрымлівацца такіх абмежаваньняў, а ня іншых; а як пракантраляваць іх выкананьне, асабліва з улікам таго, што бакі ненавідзяць адзін аднаго?
У тым выпадку поўная адмова ад ужываньня хімічнай зброі была і самым гуманным варыянтам. Але бакі (Гітлер у тым ліку) выбралі яго з узаемнай маўклівай згоды ці не пераважна таму, што ён быў і прасьцейшым, і псыхалягічна больш абгрунтаваным, чым любыя іншыя варыянты частковых абмежаваньняў.
Фокусныя пункты могуць быць зьвязаныя і з часам. Шэлінг апісвае псыхалягічны экспэрымэнт. Дваім людзям даручаецца сустрэцца ў пэўным месцы ў пэўны дзень. Але дакладны час ня вызначаны. І яны ня маюць магчымасьці ўзгадніць яго. Калі яны, не дамаўляючыся, вырашаць сустрэцца? Як паказваюць псыхалягічныя экспэрымэнты, — а 12:00, апоўдні. Чаму, чым 12:00 лепшыя за 9:00 ці 16:00? Сярэдзіна, сымэтрычны час. Любы іншы час менш абгрунтаваны, чым 12:00. Фокусны пункт.
Ну, а зараз — да выбараў 2025 году. Тое, што яны ня будуць свабодным волевыяўленьнем беларускага народу, даволі відавочна. Прынамсі, Захад будзе глядзець на іх менавіта так. І Лукашэнка ведае, што Захад будзе глядзець на іх менавіта так. І Захад ведае, што Лукашэнка ведае, якім будзе заходні погляд. Але якім можа быць іншы пункт, калі бакі змогуць прыйсьці да нейкай угоды? Бадай, адзін відавочны ёсьць — гэта завяршэньне вайны ва Ўкраіне. Тады будзе натуральным перагляд усіх ранейшых схемаў адносінаў. Гэта будзе сусьветны фокусны пункт.
Можна пачакаць і да гэтага часу. Але калі ён настане, невядома. Калі зыходзіць толькі з дынамікі двухбаковых адносінаў і з унутранай сытуацыі ў Беларусі, то такі пункт не праглядаецца. Санкцыі нарэшце падарвуць рэжым Лукашэнкі, і тады ўжо можна будзе і дамовіцца? А які крытэр? Падарвалі — гэта як? Якая дынаміка ВУП і заробкаў ці нейкіх іншых індыкатараў пакажа, што падарвалі? А чаму такая, а ня іншая?
На Захадзе ёсьць прыхільнікі розных падыходаў. Акрамя таго, ёсьць інэрцыя палітыкі, якая праводзіцца адносна Беларусі ўжо шмат гадоў. Зь іншага боку, ёсьць разуменьне, што станоўчыя зьмены, дзеля якіх тая палітыка ўводзілася, не адбываюцца. Але няма і крытэраў, паводле якіх можна і варта перайсьці да іншай палітыкі. Адпаведна, няма выразнага, зьмястоўнага фокуснага пункту для такой зьмены, які быў бы зьвязаны з пэўным разьвіцьцём падзеяў у Беларусі.
На баку беларускага рэжыму сытуацыя шмат у чым іншая, але лёгіка торгу, апісаная ў дасьледаваньнях Шэлінга, узьдзейнічае і на Лукашэнку. Скажам, вызваліць усіх палітвязьняў — гэта, зразумела, будзе фокусным пунктам. А што за гэта дасьць заходні бок? А ці не падмануць? А калі вызваляць ня ўсіх, то колькі? 115, вызваленых у апошнія месяцы, малавата будзе? А колькі будзе ў самы раз і ці ёсьць такая лічба, адрозная ад усіх, якая дасьць магчымасьць заключыць угоду?
Але і для гэтага боку ёсьць праблема часу. Чатыры гады саджалі, душылі, катавалі, чаго б цяпер спыняцца? Сілавікі такое пытаньне будуць задаваць. Як той казаў, «за што змагаліся?». З Захадам някепска было б наладзіць больш спрыяльныя адносіны? Дык і год, і два таму было б някепска, і праз год, і праз два будзе някепска. Зноў жа — і на баку беларускай улады пытаньне крытэру: у якой сытуацыі, пры якіх умовах угода з Захадам лепшая за ўхіленьне ад яе?
І для абодвух бакоў аптымальным адказам на пытаньне «калі» можа стаць: пасьля выбараў 2025 году. У Лукашэнкі для сваіх «ястрабаў» (ці для «ястраба» ў ягонай уласнай душы) адказ, чаму тады і толькі тады ён можа дазволіць сабе нешта саступіць, — новая эпоха, новы адлік, новая старонка. Але і для Захаду аргумэнт — калі не пасьля гэтых абсалютна пустых выбараў, то калі? Наступны пункт такога ж кшталту — у 2030 годзе.
Зацікаўленасьць абодвух бакоў у пагадненьні даволі ўмоўная і ня надта пільная. Захад мае шмат іншых, больш важных клопатаў, ён можа дазволіць сабе проста забыць пра Беларусь, працягваць дзейнічаць па інэрцыі. Лукашэнка таксама ня ў той сытуацыі, каб без угоды з Захадам рызыкаваць устойлівасьцю свайго рэжыму. Але статус выбараў 2025 году як фокуснага пункту можа падштурхнуць бакі да такога пагадненьня.
І тут як у прыкладах Шэлінга: прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе для заключэньня ўгоды зьмястоўна нічым ня лепшыя за любы іншы часавы пункт, як і бюро знаходак у супэрмаркеце нічым ня лепшае за іншыя лякацыі для сустрэчы сужэнцаў, якія згубіліся. Але ў пэўным сэнсе — і лепшыя.
Шэлінг у сваіх працах тлумачыў, што вызначэньне рашэньняў як фокусных пунктаў, накіданьне партнэру свайго разуменьня іх — гэта вялікае мастацтва торгу. У гэтым, паводле яго, і праяўляецца майстэрства перамоўнікаў.
Цяпер Лукашэнка спрабуе накінуць Захаду разуменьне адносна такой ролі выбараў 2025 году. У Мальера адзін з герояў, спадар Журдэн, ня ведаў, што ўсё жыцьцё гаварыў прозай. Гэтак жа і Лукашэнка мо і незнаёмы з тэорыямі набэліянта Шэлінга. Але інтуітыўна тэорыю фокусных пунктаў ён разумее і адчувае.
У 2025 годзе ў яго гэтая гульня з Захадам можа і не атрымацца. Але спакуса ў такой прапанове прысутнічае. Бо калі не тады, то калі?
Форум