На 1 кастрычніка 2024 году ў гадавым выражэньні колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў зьменшылася:
- на 2,3% — у Берасьцейскай вобласьці (з 34 181 на 1 кастрычніка 2023 году да 33 390 на 1 кастрычніка 2024 году),
- на 2,3% — у Віцебскай вобласьці (з 22 306 да 21 800),
- на 1,9% — у Гомельскай вобласьці (з 29 094 да 28 532),
- на 4,6% — у Горадзенскай (з 27 448 да 26174),
- на 2,5% — у Менскай (з 46 599 да 45 425 ),
- на 5,7% — у Магілёўскай (з 25 754 да 24 298),
на 11,7% — у Менску (з 71 167 да 62 846).
Пры гэтым колькасьць юрыдычных асобаў на 1 кастрычніка ў гадавым выражэньні вырасла паўсюль, акрамя Магілёўскай вобласьці — 12 166 (12 218; −0,4%); у Берасьцейскай — 15 436 (14 750; +4,7%), Віцебскай — 13 600 (13 280; +2,4%), Гомельскай — 14.347 (14 044; +2,2%), Горадзенскай — 11 810 (11 649; +1,4%), Менскай — 27 466 (27 018; +1,7%), Менску — 59 351 (56 605; +4,9%).
У Менску 1 кастрычніка аднавілася дзяржаўная рэгістрацыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Рэгістрацыю ІП у сталіцы спынілі ў 2021 годзе. Улады патлумачылі гэта «тэхнічнымі прычынамі».
22 красавіка гэтага году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці, які прадугледжвае «дзьве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю: юрыдычныя і фізычныя асобы». Да юрыдычных асобаў аднесьлі малыя арганізацыі з колькасьцю работнікаў да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізычных асобаў — рамесьнікі, уладальнікі аграэкасядзібаў, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, урад вызначыў 2 ліпеня. Па відах дзейнасьці, якія не ўвайшлі ў пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых ІП. Таксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 году дзейных індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы.
13 кастрычніка ў эфіры тэлеканалу АНТ дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Беларусі Вольга Русіновіч паведаміла, што новым мэханізмам перарэгістрацыі ў камэрцыйную арганізацыю скарысталіся 100 індывідуальных прадпрымальнікаў.
Па выніках студзеня — жніўня 2024 году ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і Менску скарацілася колькасьць насельніцтва, занятага ў эканоміцы. За студзень — жнівень 2024 году ў Беларусі звольнілі на 11,07% работнікаў больш, чым нанялі на працу —481 500 супраць 433 500, сьведчыць статыстыка.
Форум