Прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце заявіла, што Літва вяртае кантроль над энэргетычнай сыстэмай у свае рукі і робіцца часткай агульнай энэргетычнай сыстэмы Эўразьвязу.
Пра гэта паведамляе партал Delfi.
Прэм’ерка падкрэсьліла, што ўмацаваньне энэргетычнай незалежнасьці — адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзейнасьці яе ўраду, а адключэньне ад адзінай электраэнэргетычнай сыстэмы краін Балтыі, Расеі і Беларусі (БРЭЛЛ) — вынік мэтанакіраванай працы гэтай кадэнцыі.
«Мы заўсёды лічылі, што дэсынхранізацыя з БРЭЛЛ павінна адбыцца як мага хутчэй і незваротна. Гэта адбудзецца, і мы павінны клапаціцца аб сваёй энэргетыцы як аб частцы энэргасыстэмы ЭЗ, а ня нейкага незразумелага саюзу, часткай якога мы да гэтага часу зьяўляемся, будучы ў БРЭЛЛ, даючы тым самым варожай дзяржаве магчымасьць кантраляваць нашу энэргетычную сыстэму», — сказала Шыманіце.
«Я рада, што ўрад зможа з чыстым сумленьнем, завяршаючы сваю кадэнцыю, заявіць, што ён зрабіў усё, каб адключэньне ад БРЭЛЛ стала фактам, што гэта адбудзецца ў 2025 годзе і што гэтыя працэсы незваротныя», — дадала яна.
Міністар энэргетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс заявіў, што пасьля запуску сынхроннага кампэнсатара і адключэньня ад БРЭЛЛ Літва зможа свабодна павялічваць аб’ёмы сваёй аднаўляльнай энэргіі. «Кожная з гэтых прыладаў дазволіць нам выкарыстоўваць усё больш аднаўляльнай энэргіі — гэта азначае, што ў нас будзе ўсё больш энэргетычнай незалежнасьці і ўсё больш лепшых цэнаў для нашых людзей і нашага бізнэсу», — сказаў Крэйвіс. Цана праекту склала 96,28 мільёна эўра, 75% зь якіх прафінансаваў ЭЗ.
Палітычныя лідэры Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама апэратары сыстэмаў перадачы электраэнэргіі трох балтыйскіх краінаў дамовіліся, што ў лютым 2025 году адключацца ад так званага «кальца БРЭЛЛ».
Форум