Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над памерлым, завочныя і паўторныя суды: у траўні сама меней 145 чалавек асудзілі ў Беларусі па палітычных справах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У траўні па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаныя сама меней 145 чалавек, зь іх 31 жанчына і 114 мужчын, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Больш за ўсё асуджаных па крымінальных справах у Менску — 76 чалавек, далей ідуць Берасьцейская вобласьць — 34 чалавекі, Горадзенская — 12 чалавек, Гомельская — 11 чалавек, Менская — 8 чалавек, Магілёўская і Віцебская вобласьці — па 2 чалавекі.

На працягу траўня праваабаронцы «Вясны» фіксавалі працяг масавых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Улады імкнуцца не апублічваць інфармацыю пра «палітычныя» суды, нярэдка яны праходзяць у закрытым рэжыме, таму праваабаронцам вядомыя падрабязнасьці толькі 39 крымінальных спраў за травень.

За мінулы месяц асудзілі сама меней 6 сем’яў, адзначаюць праваабаронцы, сярод іх — лекар-нэўроляг Руслан Бадамшын і ягоная жонка Тацяна, якіх асудзілі паводле «народнага» артыкула.

У траўні набірала абароты тэндэнцыя інтэнсіўнага выкарыстаньня працэдуры «спэцыяльнага вядзеньня» і завочных судоў у дачыненьні да палітычных эмігрантаў. Месяц адзначыўся пачаткам самага масавага завочнага суду па справе «аналітыкаў Ціханоўскай» і працэсу супраць дарадцы Ціханоўскай Франка Вячоркі, а выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова ў траўні завочна асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня.

У канцы траўня ў Берасьці прайшло судовае паседжаньне ў справе Аляксандра Кулініча, які памёр у зьняволеньні — яго ня стала за тыдзень да пачатку разгляду крымінальнай справы. Чым скончыўся суд, невядома, але, як мяркуе юрыст «Вясны», імаверна, што суд мог вынесьці абвінаваўчы прысуд згодна з правіламі ч. 3 арт. 468-24 КПК без прызначэньня пакараньня памерламу.

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі паўторнага і наступнага судовага перасьледу з палітычных матываў. У траўні стала прыкметнаю нэгатыўная тэндэнцыя асуджэньня ахвяраў рэпрэсіяў паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) ужо пасьля таго, як іх асудзілі па гэтым жа артыкуле раней, адзначае «Вясна».

Праваабаронцы адзначаюць яшчэ адну тэндэнцыю: усё часьцей праваахоўныя органы ў якасьці інструмэнта рэпрэсіяў выкарыстоўваюць склады злачынстваў, прадугледжаныя артыкулам 32 Крымінальнага кодэксу — «злачынствы супраць дзяржавы».

На працягу траўня, паводле «Вясны», адбыўся рэзкі скачок разгляду судамі справаў, дзе сярод абвінавачваньняў фігурантам прадʼяўлялі ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі, з удзелам СМІ і інтэрнэту). Паводле праваабаронцаў, гэты артыкул цяпер ужываюць як рэпрэсіўны інструмэнт для ўціску любога альтэрнатыўнага пункту гледжаньня ў Беларусі і перасьледу палітычных апанэнтаў. У траўні па гэтым артыкуле толькі вочна судзілі 13 чалавек, завочна — прынамсі Франка Вячорку і шэраг фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай».

Як адзначаюць праваабаронцы, фармулёўка «...зьдзяйсьненьне іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы РБ...», пакідае правапрымяняльніку «неабмежаваныя магчымасьці для тлумачэньня дзеяньняў абвінавачанага самым шырокім чынам», а паводле часткі 3 артыкула 361 («...з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту») чалавека могуць прыцягнуць да адказнасьці за «любое публічнае выказваньне меркаваньня», прычым за гэта прадугледжваецца пакараньне ад 4 да 12 гадоў зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG