Міжнародны валютны фонд чакае, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2024 году вырасьце на 3,6%, гаворыцца ў новым выпуску дакладу «Пэрспэктывы разьвіцьця сусьветнай эканомікі», апублікаваным 22 кастрычніка.
Для параўнаньня: у папярэднім рэлізе сёлета ў красавіку МВФ прагназаваў рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе на ўзроўні 2,4%.
У 2025 годзе рост эканомікі Беларусі складзе 2,3%, прагназуюць экспэрты МВФ.
Згодна з прагнозамі фонду, інфляцыя ў 2024 годзе ў Беларусі складзе 6%, а ў 2025 годзе — 6,4%.
Раней Сусьветны банк у восеньскім дакладзе таксама істотна палепшыў свой прагноз па росьце эканомікі Беларусі: паводле яго, ВУП Беларусі па выніках 2024 году вырасьце на 4%. У вясновым аглядзе прагноз аналітыкаў банку быў значна сьціплейшы — плюс 1,2% па выніках 2024 году. У 2025 годзе экспэрты Сусьветнага банку прагназуюць рост эканомікі Беларусі на 1,2% (ранейшы прагноз быў +0,7%).
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў верасьнёўскім дакладзе прагназаваў рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе на ўзроўні 4,2% (у дакумэнце адзначаецца, што рост ВУП паскорыўся да 5% у першай палове 2024-га «на фоне росту залежнасьці ад расейскай эканомікі»). У траўні аналітыкі ЭБРР давалі больш сьціплыя прагнозы — 2,8% па выніках 2024 году. Па выніках 2025 году ЭБРР прагназуе рост ВУП Беларусі на ўзроўні 2,5% (+0,3% у параўнаньні з травеньскім прагнозам), пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што «рызыкі зьніжэньня прагнозу высокія».
У дасьледчым цэнтры BEROC прагназуюць рост эканомікі Беларусі па выніках 2024 году «ня больш як на 4,5 працэнта» — такую ацэнку выказаў на брыфінгу 22 кастрычніка старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык. На яго думку, ВУП па выніках 2024 году павялічыцца на 4–4,5%, у 2025 годзе — на 1–2%.
Паводле першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ВУП Беларусі за студзень — верасень 2024 году склаў 180,4 млрд рублёў, у супастаўных цэнах гэта на 4,5% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта плянавых) парамэтраў разьвіцьця Беларусі на 2024 год, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%.
У 2023 годзе ВУП Беларусі вырас на 3,9%, у 2022-м — зьнізіўся на 4,7%, у 2021-м — вырас на 2,3%, у 2020-м — зьнізіўся на 0,9%.
Эканаміст Зьміцер Крук раней у інтэрвію Свабодзе тлумачыў рост беларускай эканомікі сёлета некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта рост эканомікі Расеі, якую, паводле экспэрта, разганяюць вайсковыя выдаткі, і гэты расейскі «лякаматыў» цягне за сабой і Беларусь. Па-другое, гэта разгон унутранага попыту ў Беларусі, у значнай ступені штучны.
«Стан бюджэту дае магчымасьць падвышаць заробкі і фінансаваць інвэстыцыйныя праекты. Сьвядомае зьмякчэньне палітыкі Нацбанку ў 2023 годзе таксама падштурхоўвала ўнутраны попыт і попыт на крэдыты. (...) Яшчэ адзін чыньнік, дзякуючы якому расьце ўнутраны попыт, — гэта высокі ўзровень спажывецкага аптымізму. Людзі лічаць, што зараз час купляць, бо рост заробкаў — рэкордны», — тлумачыў Зьміцер Крук.
Форум