Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча закрывае расейскае консульства ў Познані. У Расеі прыгразілі «балючым адказам»


Антыпуцінская акцыя ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота
Антыпуцінская акцыя ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота

Пра закрыцьцё дыпляматычнага прадстаўніцтва Расеі ў Познані і прызнаньне ягонага пэрсаналу непажаданым на тэрыторыі Польшчы паведаміў 22 кастрычніка міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі.

Паводле яго, такое рашэньне польскія ўлады прынялі ў адказ на спробы Расеі зьдзейсьніць дывэрсіі на тэрыторыі Польшчы.

«Расея вядзе гібрыдную вайну. Яна дапускае спробы дывэрсіяў на польскай тэрыторыі. Як міністар замежных спраў я абавязаны рашуча адрэагаваць. Першым крокам стане закрыцьцё расейскага консульства ў Познані.

Мы ня зробім ні кроку назад. Мы абараняем Польшчу, мы абараняем палякаў», — напісаў Радослаў Сікорскі ў сацыяльнай сетцы X.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава пракамэнтавала рашэньне Польшчы, назваўшы яго «чарговым варожым крокам, на які будзе дадзены балючы адказ».

21 кастрычніка Радослаў Сікорскі паведаміў, што затрыманы ў Польшчы па падазрэньні ў падрыхтоўцы дывэрсіяў грамадзянін Украіны прызнаўся ў працы на расейскія спэцслужбы і плянах падпаліць фабрыку ва Ўроцлаве. Паводле зьвестак Gazeta Wyborcza, затрыманы — Сяргей С. 1973 году нараджэньня, родам з Адэсы, але з 2024 году жыў з жонкай у Нямеччыне. Як адзначае выданьне, ён стаў 17-м чалавекам, затрыманым Агенцтвам унутранай бясьпекі Польшчы, якога завэрбавалі праз тэлеграм.

У 2023 годзе польскія спэцслужбы заявілі, што ліквідавалі расейскую шпіёнскую сетку. Агулам тады затрымалі 16 чалавек (13 грамадзян Украіны, двое грамадзян Беларусі і адзін расеец). Як сьцьвярджаюць польскія ўлады, «чальцы шпіёнскай сеткі на замову расейцаў павінны былі ня толькі зьбіраць інфармацыю, фатаграфаваць вайсковыя і цывільныя аб’екты, распальваць антыўкраінскія і антынатаўскія настроі, але і рыхтаваць дывэрсіі».

  • Летась пракуратура Польшчы канфіскавала грошы з рахункаў расейскай амбасады і гандлёвага прадстаўніцтва ў Варшаве.
  • Таксама ў 2023 годзе ўлады Варшавы забралі будынак школы пры амбасадзе Расеі ў Польшчы.
  • Рахункі расейскай амбасады ў Польшчы былі заблякаваныя ў сакавіку 2022 году, неўзабаве пасьля маштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Прычынай блякаваньня сталі падазрэньні польскіх уладаў, што грошы з рахункаў амбасады Расеі маглі выкарыстоўваць для фінансаваньня тэрарызму або адмываньня незаконна атрыманых сродкаў. У адказ расейскі бок гэтаксама замарозіў рахункі польскага пасольства ў Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG