Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перадалі Ўкраіне новую вайсковую дапамогу на 400 мільёнаў даляраў


Уладзімір Зяленскі і Лойд Осьцін, Кіеў, 21 красавіка 2024 году.
Уладзімір Зяленскі і Лойд Осьцін, Кіеў, 21 красавіка 2024 году.

Міністар абароны ЗША Лойд Остын абвясьціў сёньня аб перадачы Ўкраіне новых узбраеньняў на суму 400 мільёнаў даляраў. Гэтая заява была зробленая падчас візыту Остына ў Кіеў.

Паводле заявы Пэнтагону, у пакет уваходзяць дадатковыя боепрыпасы для сыстэм HIMARS, 155- і 105-мілімэтровыя артылерыйскія боепрыпасы, 60-, 81- і 120-мілімэтровыя мінамётныя боепрыпасы, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы TOW- 4, гусенічныя бронетранспартэры M113, абсталяваньне спадарожнікавай сувязі, стралковая зброя і боепрыпасы, гранаты і трэнавальнае абсталяваньне, абсталяваньне і боепрыпасы для выбуховых работ, абсталяваньне для абароны крытычнай інфраструктуры, запчасткі, дапаможнае абсталяваньне, паслугі ў навучаньні і транспартаваньні.

«Злучаныя Штаты маюць намер падтрымліваць Украіну тэхнікай, неабходнай ёй для ўмацаваньня пазыцый на полі бою, абароны ад жорсткай агрэсіі Крамля і забесьпячэньня справядлівага і трывалага міру, — падкрэсьліваецца ў заяве дзяржсакратара Энтані Блінкена наконт дапамогі, якая выдзяляецца. — Як ясна даў зразумець прэзыдэнт Байдэн, Злучаныя Штаты і міжнародная кааліцыя, якую мы стварылі, будуць працягваць падтрымліваць Украіну».

Візыт Остына ў Кіеў праходзіць за два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

«На працягу апошніх двух з паловай гадоў Украіна мела двупартыйную падтрымку, і я з упэўненасьцю чакаю, што Кангрэс працягне аказваць Украіне двупартыйную падтрымку», — сказаў ён.

«Злучаныя Штаты ўсьведамляюць, што на карту тут пастаўлена ўсё, спадар прэзыдэнт», — сказаў Остын прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму падчас сустрэчы, абвясьціўшы аб выдзяленьні новых сродкаў на дадатковыя боепрыпасы, бранятэхніку і супрацьтанкавую зброю.

«Гэта вельмі цяжкая барацьба і цяжкі шлях», — падкрэсьліў амэрыканскі міністар абароны.

Апошні раз кіраўнік Пэнтагону сустракаўся з Зяленскім у мінулы чацьвер у штаб-кватэры NATO у Брусэлі, дзе прэзыдэнт Украіны прадставіў свой «плян перамогі». Ён атрымаў абяцаньні далейшай падтрымкі, але не атрымаў ухваленьня свайго закліку да неадкладнага запрашэньня ў Паўночнаатлянтычны альянс.

Адказваючы ў пятніцу ў Бруселі на пытаньне аб «пляне перамогі» Зяленскага, Остын сказаў, што ня можа публічна яго ацэньваць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG