«Гэта шчодрая прапанова прэзыдэнта Зяленскага, зь якім я шмат разоў сустракаўся... Але я лічу, што цяпер гэта недарэчная прапанова. Гэта выглядае як палітычны пас для Дональда Трампа ў выпадку перамогі на выбарах. А нам, тым, хто змагаецца за Ўкраіну ў Кангрэсе ЗША, ня трэба такога чуць. ЗША павінны быць у Эўропе», — заявіў амэрыканскі кангрэсмэн Джэры Коналі ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.
Ідэя замены амэрыканскіх вайскоўцаў украінскімі пасьля вайны ўтрымліваецца ў «пляне перамогі», прадстаўленым прэзыдэнтам Зяленскім.
«Ня трэба заахвочваць ЗША да выхаду з Эўропы, бо гэта не ў інтарэсах Украіны і не ў інтарэсах яе саюзнікаў. Калі хто і вітае такое, дык гэта Ўладзімір Пуцін. Таму што мы сродак супрацьдзеяньня, і наша фізычная прысутнасць у Эўропе супакойвае нашых партнёраў. Гэта не азначае, што мы ня можам зрабіць пэўныя змены ў нашай дысьлякацыі. Але думка, што мы цалкам сыходзім з Еўропы, а ўкраінцы шчодра замяняюць нас... Добра, я прымаю да ўвагі гэтую прапанову як праяву шчодрасці, але сама ідэя непрадуктыўная. І цяпер гэта таксама шкодна», — сказаў Коналі.
Войскі ЗША ў Эўропе былі разьмешчаныя на тэрыторыі некалькіх цяперашніх чальцоў NATO з канца Другой сусьветнай вайны — у прыватнасьці, яны разьмешчаныя ў Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі, Гішпаніі, а ў апошні час — у Польшчы і Румыніі, бо NATO ўмацоўвае свой усходні флянг.
Агульная колькасць амэрыканскіх войскаў у Эўропе цяпер складае каля 60 тысяч чалавек.
Форум