Паводле ведамства, абмен адбываўся пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. 95 расейскіх вайскоўцаў, якіх абмянялі на ўкраінскіх палонных, цяпер знаходзяцца ў Беларусі.
Ва Ўкраіну ў выніку абмену палоннымі вярнуліся 34 байцы «Азова», якія 86 дзён абаранялі Марыюпаль, паведаміў Дзяніс Пракапенка, камандзір падразьдзяленьня, якое цяпер зьяўляецца часткай Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Таксама сярод украінцаў, якія вярнуліся дадому, — украінскі праваабаронца і журналіст Максім Буткевіч, сузаснавальнік арганізацыі ZMINA. У свой час ён працаваў ва Ўпраўленьні вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, адказваў за рэгіён «Украіна — Малдова — Беларусь». Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі Буткевіч таксама дапамагаў беларусам, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі, і выступаў за лібэралізацыю міграцыйных правілаў для іх. У сакавіку 2022 году ён абвясьціў аб прыпыненьні праваабарончай дзейнасьці і ўступіў у шэрагі Ўзброеных сіл Украіны.
Апошні раз Украіна і Расея абменьваліся ваеннапалоннымі 14 верасьня. Тады ён прайшоў у фармаце «103 на 103». Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага, з расейскага палону вярнуліся 82 радавыя і сяржанты і 21 афіцэр, сярод іх і абаронцы «Азоўсталі».
18 кастрычніка Расея і Ўкраіна таксама абмяняліся целамі загінулых. Кіеву перадалі целы 501 вайскоўцы, Маскве — 89.
Форум