Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн - Шольцу: падтрымка Ўкраіны не павінна слабець


Кір Стармэр, Оляф Шольц, Джо Байдэн, Эманюэль Макрон, Бэрлін, 18 кастрычніка 2024
Кір Стармэр, Оляф Шольц, Джо Байдэн, Эманюэль Макрон, Бэрлін, 18 кастрычніка 2024

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыехаў у пятніцу з афіцыйным візытам у Бэрлін. Гэта ягоны апошні візыт у Нямеччыну ў якасьці кіраўніка дзяржавы.

Ён сустрэўся з прэзыдэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і канцлерам Оляфам Шольцам.

Адной з галоўных тэмаў размовы Байдэна і Шольца была вайна ва Ўкраіне. Нямеччына — другая пасьля ЗША краіна паводле аб’ёмаў вайсковай дапамогі Кіеву. Байдэн падзякаваў ураду Шольца за падтрымку Ўкраіны. «Вайна Расеі супраць Украіны — гэта атака на дружалюбную дэмакратыю, але таксама і на прынцыпы, якія падтрымлівалі 75 гадоў міру і бясьпекі ў Эўропе», — сказаў ён.

Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Ўкраіну чакае суровая зіма і краіны-саюзьніцы павінны ўзмацніць сваю дапамогу. «Я разумею, што цана высокая, — сказаў ён. — Але гэта нішто ў параўнаньні з пэрспэктывай жыць у сьвеце, дзе кіруе агрэсія і дзе вялікія краіны нападаюць на меншыя проста таму што могуць».

Шольц адказаў, што Нямеччына будзе дапамагаць Украіне «столькі, колькі спатрэбіцца», і згадаў магчымасьць узмацніць вайсковую дапамогу Ўкраіне і падтрымку аднаўленьня яе энэргетычнай інфраструктуры за кошт расейскіх актываў, заблякаваных у Эўропе.

Нямецкія СМІ падкрэсьліваюць, што прэзыдэнт і канцлер не ўзгадалі «плян перамогі», прадстаўлены прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Абодва яны скептычна ставяцца да галоўных патрабаваньняў Зяленскага — як найхутчэйшага ўступленьня Ўкраіны ў NATO і ўжываньня далёкасяжных заходніх ракетаў па тэрыторыі Расеі.

Шольц заявіў: «Мы гарантуем, што NATO ня стане бокам вайны, каб гэтая вайна не прывяла да яшчэ большай катастрофы. Мы выдатна ўсьведамляем гэтую адказнасьць, і ніхто ня можа яе з нас зьняць». Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што не ўхваляе ідэю паставіць Украіне далёкасяжныя ракеты Taurus.

Кіраўнікі ЗША і Нямеччыны абмеркавалі таксама сытуацыю на Блізкім Усходзе. Шольц заявіў, што разам з амэрыканскім прэзыдэнтам спадзяецца зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць эскаляцыі канфлікту, у той самы час прызнаючы права Ізраілю на самаабарону. Ён згадаў, што спадзяецца на спыненьне агню і вяртаньне ізраільскіх закладнікаў, а гэта, у сваю чаргу, адкрые шлях да магчымага стварэньня палестынскай дзяржавы.

Байдэн таксама сустрэўся ў пятніцу з фэдэральным прэзыдэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Штайнмаер уручыў Байдэну найвышэйшую нямецкую ўзнагароду — Вялікі крыж ордэна «За заслугі перад Фэдэратыўнай рэспублікай». Ён сказаў, што Нямеччына шануе шматгадовую адданасьць Байдэна трансатлянтычнаму альянсу, ягонае палітычнае лідэрства ў гэты небясьпечны для Эўропы момант і служэньне агульнаму дабру, сумленнасьці і прыстойнасьці. Байдэн — другі пасьля Джорджа Буша-старэйшага амэрыканскі прэзыдэнт, ушанаваны гэтай узнагародай.

Увечары ў пятніцу ў Бэрлін прыехалі таксама прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, адбылася сустрэча чатырох лідэраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG