Сьцісла:
- Лукашэнка заяўляе, што хацеў бы ўдзельнічаць у будучых мірных перамовах па Ўкраіне.
- Афіцыйны Менск не давярае Расеі, сумняецца, што Масква будзе адстойваць на перамовах інтарэсы Беларусі.
- Праблема ў тым, што Захад зь вялікім сумневам ставіцца да міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі, не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам.
- Менск уступіў у канфлікт з Захадам, абвясьціў пра паварот на Ўсход і Поўдзень у сваёй замежнай палітыцы. І ў момант, калі на парадак дня стала пытаньне фармаваньня новай сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы, Беларусь засталася без саюзьнікаў.
- Цяпер Лукашэнка імкнецца неяк выправіць сытуацыю, вярнуць легітымнасьць праз удзел у перамовах па Ўкраіне.
Ніякіх перамоваў у справе спыненьня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне пакуль няма, а ажыятаж вакол гэтай тэмы ўжо ўзьнік. Вось і Аляксандар Лукашэнка вырашыў пэўным чынам папіярыцца.
17 кастрычніка падчас сустрэчы з удзельнікамі антарктычных экспэдыцый ён раптам загаварыў пра тэму перамоваў па Ўкраіне і сваё жаданьне ўдзельнічаць у іх. Аргумэнтаваў тым, што трэба абараніць інтарэсы Беларусі, каб ня страціць беларускія тэрыторыі. Пры гэтым, як заўсёды, быў супярэчлівы. Ён заявіў:
«Так, яны там не „адцяпаюць“ да Гомля Палесьсе, ня ў гэтым справа. Але яны могуць прыняць такія рашэньні, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць».
Дык «адцяпаюць» ці не «адцяпаюць»? Гаварыць, выкарыстоўваючы узаемавыключныя тэзы, — гэта фірмовы палітычны стыль Лукашэнкі.
Але ўзьнікае іншае пытаньне. Ключавым гульцом на меркаваных перамовах будзе Расея — галоўны саюзьнік Беларусі. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што Масква ня толькі не гарант беларускай бясьпекі, а можа нават здаць хаўрусьніка, ахвяраваць ім дзеля сваіх інтарэсаў. Дык навошта патрэбны такі саюзьнік? То бок Лукашэнка не давярае Расеі і кажа пра гэта публічна.
Але калі глядзець на сытуацыю стратэгічна, то пытаньне пра ўдзел Беларусі ў будучых мірных перамовах цалкам лягічнае. Бо вырашаць гэтую драматычную сытуацыю давядзецца комплексна. Гэта будуць перамовы ня столькі пра мір ва Ўкраіне, колькі пра рэгіянальную бясьпеку, пра новую сыстэму эўрапейскай бясьпекі. Таму ўдзел у іх Беларусі быў бы рацыянальным рашэньнем.
Дарэчы, тэма гэтая ня новая. Яшчэ ў красавіку 2022 году Лукашэнка ўздымаў пытаньне пра ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах, якія ў той час праходзілі ў Стамбуле.
«Ніякіх сэпаратных, за сьпінай Беларусі, дамоўленасьцяў быць ня можа», — казаў ён тады.
Таксама пазыцыю афіцыйнага Менску пацьвярджаў тагачасны міністар замежных спраў Уладзімер Макей:
«Мы перакананыя, што інтарэсы і гарантыі бясьпекі павінны быць прадугледжаныя ня толькі адносна Ўкраіны і Расеі, але і Беларусі як аднаго з трох славянскіх народаў».
То бок і тады беларускае кіраўніцтва мела падазрэньне, што РФ гатовая да ўгоды за сьпінай Менску і на шкоду беларускім інтарэсам.
Але якраз тут паўстае праблема, пра якую Лукашэнка імкнецца ўголас не гаварыць. Справа ня толькі ў тым, што міжнародная супольнасьць лічыць Беларусь суагрэсарам. Статус агрэсара не перашкаджае той жа Расеі прэтэндаваць на ролю асноўнага перамоўніка. Больш важная праблема ў тым, што Захад зь вялікім сумневам ставіцца да міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі. Там лічаць краіну расейскай марыянэткай, сатэлітам, а Лукашэнку — васалам Пуціна, ад якога нічога не залежыць.
Другі момант. На Захадзе (і, дарэчы, ва Ўкраіне) не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. Несуб’ектнасьць (ці сумнеўная суб’ектнасьць) дзяржавы і нелегітымнасьць яе кіраўніка падмацоўваюць адна адну і становяцца вялікай перашкодай да магчымага ўдзелу Беларусі ў меркаваных будучых перамовах.
Лукашэнка разумее гэтую сытуацыю і фактычна пацьвярджае яе. «Асабліва Лукашэнкі на перамовах быць не павінна», — агучвае ён пазыцыю сваіх праціўнікаў. І абвінавачвае ва ўсім лідэраў апазыцыі ў замежжы. І тым самым імкнецца дыскрэдытаваць іх. Маўляў, яны здраднікі, а вось ён — сапраўдны абаронца Беларусі.
Аднак, канстатуючы, што пазыцыю Захаду вызначае беларуская дэмакратычная апазыцыя, Лукашэнка тым самым значна павялічвае яе палітычную вагу. І тут узьнікае пытаньне пра эфэктыўнасьць і прадуктыўнасьць афіцыйнай дыпляматыі. Калі Сьвятлана Ціханоўская вызначае пазыцыю Захаду па беларускім пытаньні, то навошта тады існуе МЗС Беларусі?
У такой сытуацыі вінаваты сам Лукашэнка. Абвясьціўшы палітычную, ідэалягічную, дыпляматычную вайну Захаду, арганізаваўшы атаку на суседзяў з выкарыстаньнем мігрантаў, ён сьвядома спальвае масты ў заходні бок. Маўляў, нам ня страшная ізаляцыя ад Эўропы, мы цяпер паварочваемся на Ўсход, сябруем з Глябальным Поўднем. Ну дык і зьвяртайцеся туды па падтрымку дзеля вырашэньня пытаньня бясьпекі ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы.
Але, падаецца, такім арганізацыям, як ШАС ці БРІКС, мала цікавыя праблемы ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. У іх свае, зусім іншыя клопаты. Тут Беларусь у крытычны момант важных перамоваў пра рэгіянальную бясьпеку засталася адна, без саюзьнікаў, бо амаль з усімі суседзямі пасварылася. А Расея, як цяпер высьвятляецца, — ненадзейны хаўрусьнік. Такі вынік дыпляматычнай «мудрасьці» афіцыйнага Менску.
І цяпер Лукашэнка імкнецца неяк выправіць сытуацыю, вярнуць суб’ектнасьць і легітымнасьць праз геапалітыку. Маўляў, безь Беларусі стварыць стабільную сыстэму рэгіянальнай бясьпекі немагчыма. Інструмэнтам прызнаньня Лукашэнкі прэзыдэнтам, мэханізмам вяртаньня суб’ектнасьці Беларусі мог бы стаць удзел у перамовах. А прэзыдэнцкія выбары 2025 году маглі б быць добрай нагодай для перамены пазыцыі Захаду адносна афіцыйнага Менску.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.
Форум