Паўднёвакарэйскае агенцтва «Ёнхап» зьвяртае ўвагу, што ў афіцыйным паведамленьні аб выступе Кім Чэн Ына 10 кастрычніка і заяве МЗС краіны 11 кастрычніка ў даце ўказвалася, што гэта 113 год Чучхэ. Пры гэтым у звароце сястры Кіма ад 12 кастрычніка год быў пазначаны як 2024-ы, бяз згадваньня календара Чучхэ.
Суразмоўца ў паўднёвакарэйскім Міністэрстве аб’яднаньня ў гутарцы з «Ёнхап» выказаў здагадку, што пераход зь летазлічэньня паводле Чучхэ — гэта частка намаганьняў Кім Чэн Ына ў стварэньні ўласнага культу асобы.
Паўночная Карэя пачала выкарыстоўваць каляндар Чучхэ з 8 ліпеня 1997 году, праз тры гады пасьля смерці Кім Ір Сэна, заснавальніка КНДР. За пункт адліку быў прыняты 1912-ы — год афіцыйнага нараджэньня Кім Ір Сэна. Месяцы і даты ў календары чучхэ не адрозьніваліся ад агульнасусьветных.
Пры напісаньні датаў у Паўночнай Карэі паказваўся год Чучхэ, а сьледам у дужках — год паводле грыгарыянскага календара.
Чучхэ (кар.: 주체) — паўночнакарэйская ідэалёгія, абвешчаная ў 1955 годзе Кім Ір Сэнам.
У КНДР чучхэ як афіцыйная ідэалёгія лічыцца трансфармацыяй ідэй марксізму-ленінізму на аснове старажытнакарэйскай філязофскай думкі.
Форум