Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нікога з краіны не выганялі, не выціскалі». Ці зацікаўлены Лукашэнка ў вяртаньні палітэмігрантаў?


Войцех Ярузэльскі, Эдвард Герэк, Лех Валэнса, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Войцех Ярузэльскі, Эдвард Герэк, Лех Валэнса, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Лукашэнку турбуюць маштабы ўцёкаў насельніцтва з краіны. Але ў тых умовах, калі трон аднаасобнай улады хістаецца, небясьпека для ўстойлівасьці ўласнага рэжыму яго непакоіць значна больш, чым зьніжэньне колькасьці падаткаплатнікаў.

Сьцісла:

  • Ілюзія, якой цешацца многія дыктатары: калі перасаджаць альбо выціснуць за мяжу ўсіх нязгодных і зацятых ворагаў, то ўнутры краіны нібыта застануцца толькі ляяльныя і паслухмяныя. У рэальнасьці атрымліваецца зусім па-іншаму.
  • Лукашэнка ўсё часьцей выказваецца пра тое, што вяртаньне калі ня ўсіх, то значнай часткі палітуцекачоў было б для рэжыму пажаданым. Яго яўна турбуюць маштабы ўцёкаў насельніцтва з краіны.
  • Нават калі б Лукашэнка ўжо ў блізкім часе абвесьціў палітычную амністыю і абяцаў бясьпечнае вяртаньне ўсім, хто выехаў ад рэпрэсій, вярнуліся б далёка ня ўсе.
  • Час, калі вымушаныя ўцекачы імкнуліся да вяртаньня і былі гатовыя да яго, у выпадку зь беларускімі палітэмігрантамі 2020-2021 гадоў скончыцца ўжо вельмі хутка.

Нават павярхоўнага позірку дастаткова, каб заўважыць: выказваньні Лукашэнкі ў адрас тых, каго ён прывык называць «беглымі», на працягу апошняга часу сталі больш спакойнымі, не такімі агрэсіўнымі, пазбавіліся ранейшай празьмернай эмацыйнасьці. Ён ужо не заклікае, як калісьці ў студзені 2022-га, з агнём у вачах і мэталам у голасе:

«Мая вам парада: дамоў, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дамоў, на каленях, паўзком».

За мінулыя два з паловай гады рыторыка прыкметна зьмянілася. На нядаўнім верасьнёўскім «патрыятычным форуме» з вуснаў Лукашэнкі прагучала ўвогуле нечаканае сьцьвярджэньне пра палітуцекачоў, якое многіх зьдзівіла і ўразіла:

«Заўважце, мы нікога не выганялі, мы нікога не выціскалі. Ведаючы пра свае ўчынкі, яны зьехалі самі...»

Аляксандар Лукашэнка з аўтаматам падчас разгону маршу пратэсту 23 жніўня 2020
Аляксандар Лукашэнка з аўтаматам падчас разгону маршу пратэсту 23 жніўня 2020

Тыя, каму давялося ўцякаць з радзімы часам з адным заплечнікам, у каго не было выбару, хто прайшоў праз засьценкі ГУБАЗіКу і з дня на дзень чакаў новага арышту, у адказ на гэта хіба што неўразумела паціснуць плячыма. Але ж падобныя мэтамарфозы з оптыкай у Лукашэнкі здараюцца часта. У кожным разе відаць, што ягоная глыбокая рана 2020 года пакрысе загойваецца. Спакваля ён пачынае казаць пра тое, што вяртаньне калі ня ўсіх, то значнай часткі палітуцекачоў было б для рэжыму пажаданым. Для прыкладу, на сустрэчы са студэнтамі БДУІР 27 верасьня 2024 году Лукашэнка сказаў пра гэта адкрыта:

«Мы ж зацікаўленыя ў тым, каб ты вярнуўся на радзіму. Гэта вельмі важна і для мяне асабіста».

«Ідзі ў камісію Шведа, даказвай!»

Чаму «важна» і чаму «зацікаўленыя», даволі відавочна. Краіна і без таго сутыкаецца з вострым дэмаграфічным крызісам, бракам працоўных рук. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць насельніцтва ў Беларусі з 2019 году скарацілася амаль на 260 тысяч чалавек і на пачатак 2024 году складае 9 155 000. Гэтыя афіцыйныя зьвесткі, аднак, ня ўлічваюць тых, хто ўцёк ад палітычных рэпрэсій. А такіх не адна сотня тысяч. Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС паведамляў, што ў 2021-2022 гадах краіну пакінулі больш за 200 000 чалавек. Намесьнік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў агучваў лічбу 350 000. Сацыёляг Генадзь Коршунаў ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек.

Цяжка сказаць, наколькі Лукашэнку ад пачатку турбавалі маштабы ўцёкаў насельніцтва з краіны. Відавочна, што ў тых умовах, калі трон хістаецца, небясьпека для ўстойлівасьці ўласнага рэжыму яго турбуе значна больш, чым зьніжэньне колькасьці падаткаплатнікаў. Ён і цяпер, нават калі і пачынае гаварыць пра тое, што зацікаўлены ў вяртаньні тых, хто ўцяклі, тут жа асякаецца і абстаўляе вяртаньне ўмовамі:

«Бывае ж, як у нас у народзе кажуць, шарыкі за ролікі заскочылі. Памыліўся чалавек. Ну давай... Але калі ты вінаваты, то павінен адказаць паводле закону. Ідзі ў камісію, даказвай».

У згаданую Лукашэнкам камісію, якую ўзначальвае генпракурор Швед, як вядома, зьвяртаюцца адзінкі. Ніякіх пэўных гарантый яна не дае. Былі выпадкі, калі людзі, паверыўшы нібыта станоўчым высновам гэтай камісіі, вярталіся ў Беларусь і тут жа апыналіся за кратамі. І калі прынцыпы яе дзейнасьці ня зьменяцца, то і вынікі застануцца такімі ж — практычна нулявымі.

Генпракурор Беларусі Андрэй Швед
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед

Паводле некаторых ускосных зьвестак можна меркаваць, што пэўныя высілкі, каб актывізаваць працэс вяртаньня, заахвоціць хаця б тых, хто «выпадкова спатыкнуўся», робяцца. Вось і Рамана Пратасевіча, мяркуючы па ягоным нядаўнім інтэрвію Ксеніі Сабчак, мабілізавалі на тое, каб падахвочваць і ўгаворваць палітэмігрантаў вяртацца.

Адных «інтэрнавалі», другія — уцяклі

Нават калі б Лукашэнка ўжо ў блізкім часе абвесьціў палітычную амністыю і паабяцаў бясьпечнае вяртаньне ўсім, хто зьехаў ад рэпрэсій, вярнуліся б далёка ня ўсе.

Высокімі былі шанцы на вяртаньне ў першыя, самыя цяжкія гады эміграцыі. Чым далей, тым гэтых шанцаў становіцца меней. Прычым з кожным наступным годам. Сьцьвярджаць гэта можна даволі пэўна, абапіраючыся на не такі ўжо далёкі досьвед заходніх суседзяў.

Лех Валэнса выступае на мітынгу ў Гданьску, жнівень 1980
Лех Валэнса выступае на мітынгу ў Гданьску, жнівень 1980

Польшча ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя перажывала нешта падобнае. Грамадзкія пратэсты, увядзеньне «ваеннага становішча» ў сьнежні 1981-га і наступныя палітычныя рэпрэсіі з боку рэжыму, які імкнуўся любымі спосабамі захаваць сваё панаваньне ў краіне, — усё гэта выклікала вялікую хвалю эміграцыі на Захад. Паводле прыблізных ацэнак, у 80-я з ПНР выехалі каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек. Калі ўлічыць розьніцу ў колькасьці насельніцтва, маштаб эміграцыі быў прыблізна такім жа, як зь Беларусі ў 2020–2023-м. Пры гэтым, што важна адзначыць, узровень гвалту і жорсткасьці камуністычнага рэжыму Войцеха Ярузэльскага быў непараўнальным з тым, які працягвае панаваць у сёньняшняй Беларусі.

Папа Рымскі Ян Павал Другі і Лех Валэнса, Гданьск, 1987
Папа Рымскі Ян Павал Другі і Лех Валэнса, Гданьск, 1987

Так, у Польшчы падчас ваеннага становішча было інтэрнавана каля 10 000 чалавек у 52 «цэнтрах інтэрнаваньня». Але ўмовы таго «інтэрнаваньня» і блізка не нагадвалі тыя, у якіх апынуліся сёньняшнія беларускія палітвязьні.

Як сядзелася палітвязьню нумар адзін

Для прыкладу, якімі былі ўмовы зьняволеньня ў найбольш вядомых палітвязьняў таго часу, палітычных праціўнікаў Ярузэльскага — кіраўніка «Салідарнасьці» Леха Валэнсы і папярэдніка Ярузэльскага на пасадзе першага сакратара ЦК ПАРП Эдварда Герэка?

Лідэр польскіх пратэстаў Лех Валэнса правёў у «цэнтрах інтэрнаваньня» 11 месяцаў, са сьнежня 1981-га па лістапад 1982 году, у першы год ваеннага становішча, калі рэпрэсіі былі найбольш жорсткімі. Найдаўжэй яго трымалі ў ператвораным у ізалятар колішнім урадавым доме адпачынку ў Арламове ў Бяшчадах, на паўднёвым усходзе краіны. Гэты ўрадавы комплекс вядомы тым, што на працягу многіх гадоў быў месцам адпачынку партыйнай намэнклятуры.

У свой час там паляваў югаслаўскі дыктатар Ёсіп Броз-Ціта, гасьцявалі міністар замежных спраў СССР Андрэй Грамыка і прэм’ер-міністар Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн. Па сутнасьці, Валэнсу трымалі ў гатэлі неблагога стандарту. Ён гуляў у пінг-понг, лавіў рыбу і нават замаўляў падручнікі для вывучэньня францускай мовы.

Безумоўна, гэта было пазбаўленьне волі, але больш чым мяккае. На вокнах не было кратаў, а вязень карыстаўся адноснай свабодай. Ён меў мала чым абмежаваны доступ да ежы, алькаголю і цыгарэт. Яго наведвалі сям’я, сьвятары і нават некаторыя высокапастаўленыя асобы з партыйнай намэнклятуры.

Калі ў 1983 годзе Леха Валэнсу ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру, ён меў усе магчымасьці выправіцца ў Осла, каб атрымаць яе асабіста. Але не паехаў туды, бо асьцерагаўся, што камуністычныя ўлады ня ўпусьцяць яго назад у Польшчу. (Нобэлеўскую прэмію атрымлівала жонка палітыка Данута).

Двухмесны нумар для Эдварда Герэка

Пад палітычныя рэпрэсіі падчас ваеннага становішча трапілі ня толькі дзеячы «Салідарнасьці», але і былое кампартыйнае кіраўніцтва краіны на чале з адстаўленым першым сакратаром ЦК ПАРП Эдвардам Герэкам: у афіцыйным тлумачэньні гэта абгрунтоўвалася тым, што яны таксама «несьлі адказнасьць за крызіс». Усяго было затрымана 37 былых высокапастаўленых функцыянэраў, уключна з Герэкам і былым кіраўніком урада Пятром Ярашэвічам.

Эдвард Герэк
Эдвард Герэк

Першапачаткова ўсіх разьмясьцілі на базе адпачынку Глэмбоке ў Заходнім Памор’і. Умовы былі лепшыя, чым у інтэрнаваных актывістаў «Салідарнасьці», але горшыя, чым у Леха Валэнсы. Інтэрнаваныя жылі ў двухмесных пакоях (у асобным — толькі Ярашэвіч). У калідоры стаяў тэлевізар (Ярашэвіч ставіў пытаньне аб замене чорна-белага на каляровы зь вялікім экранам). Харчаваньне вызначалася нормамі армейскіх пайкоў і ў далейшым было палепшанае (мясныя стравы, вітамінныя салаты, па сьвяточных днях — дэсэрты). Пра перапоўненыя камеры, холад, прымусовую працу ці тым больш біцьцё размовы не было. Тым ня менш затрыманыя ўсё роўна скардзіліся на ўмовы і празь некалькі месяцаў іх перавялі ў значна больш камфортнае месца, былы санаторый Рады міністраў у мясцовасьці Промнік.

Вядома, гэта зусім не азначае, што такімі ж былі ўмовы ва ўсіх тысяч іншых «інтэрнаваных». Актывісты, якія перажылі арышты сьнежня 1981-га, успамінаюць і пра выбітыя ў кватэрах дзьверы, і пра пабоі, і пра спробы ўцёкаў, і пра плач перапалоханых дзяцей пры затрыманьні бацькі ці маці... Але, па-першае, умовы зьняволеньня нідзе не былі такімі нялюдзкімі і не суправаджаліся катаваньнямі, як гэта адбываецца ў сёньняшняй Беларусі. Па-другое (і гэта найбольш істотна), тэрмін «інтэрнаваньня» і нават зьняволеньня рэдка перавышаў некалькі месяцаў (максымум — год-паўтара).

22 ліпеня 1983 году ваеннае становішча ў Польшчы ўвогуле было адмененае. Яшчэ праз год, у ліпені 1984-га, да 40-годзьдзя ПНР Сэйм прыняў закон аб амністыі. І актывістаў «Салідарнасьці», і былых функцыянэраў ПАРП вызвалілі ад крымінальнага перасьледу, усе палітвязьні выйшлі на волю. І Валэнса, і Герэк прабылі пад вартай прыблізна па 11 месяцаў.

Зьехалі і не вярнуліся

Тады, у 80-я, уцякаючы на Захад, палякі, як і цяперашнія палітэмігранты-беларусы, ня ведалі, ці змогуць калі-небудзь вярнуцца. Пакінутую радзіму многія ўспрымалі як краіну бяз будучыні і без пэрспэктыў. І праблемы, зь якімі даводзілася сутыкацца на новым месцы, былі падобныя: пошукі працы і жытла, цяжкасьці зь легалізацыяй, туга па радзіме.

Многія дагэтуль успамінаюць нядобрым словам цеснату ў цэнтрах для ўцекачоў у Аўстрыі, шматмесячнае чаканьне дакумэнтаў для легалізацыі... Адтуль многія выпраўляліся за акіян — у ЗША, Канаду і Аўстралію. Значная частка асела ў Заходняй Нямеччыне, Швэцыі, Італіі.

Амаль усе прайшлі праз звыклую для вымушаных эмігрантаў чорную паласу тугі па пакінутым доме, сям’і, блізкіх. Кантактаваць з роднымі, якія засталіся ў камуністычнай ПНР, у той час было вельмі складана. Любое тэлефанаваньне ў Польшчу з заходняй краіны даволі дорага каштавала, было пад кантролем уладаў і таму спалучалася з цэлай грувасткай працэдурай папярэдніх заказаў.

У 1989 годзе ў Польшчы легалізавалі рух «Салідарнасьць»
У 1989 годзе ў Польшчы легалізавалі рух «Салідарнасьць»

Камуністычны рэжым у Польшчы абрынуўся ў 1989 годзе. Краіна амаль імгненна зьмянілася. Ранейшыя забароны і абмежаваньні былі скасаваныя. Зьніклі страх і небясьпека палітычнага перасьледу. Ці прывяло гэта да масавага вяртаньня эмігрантаў? Не.

Вярнуліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек (з паўтара мільёна). Чаму? Восем-дзевяць гадоў у жыцьці чалавека — значны тэрмін. За гэты час амаль усе, хто выехалі, наладзілі побыт на новай радзіме: займелі працу, жытло, вывучылі мову. Падрасьлі і вывучыліся дзеці... Вяртацца на радзіму, якая толькі пачынала рынкавыя і дэмакратычныя пераўтварэньні, і зноў пачынаць усё спачатку адважыліся нямногія. Пераважная большасьць ужо ня мела на гэта ахвоты і ня бачыла ў тым сэнсу.

Апрача таго, з абрынаньнем камуністычнага рэжыму зьнікла адчуваньне выгнаньня. Польшча стала часткай агульнага эўрапейскага дома. Туды да сяброў ці знаёмых стала магчыма выправіцца ў любы зручны момант. Зьнікненьне межаў выклікала сур’ёзныя псыхалягічныя зьмены: зьявілася адчуваньне, што радзіма стала значна бліжэйшай.

І дзіўная рэч: калі пытаеш, як часта выпраўляецца колішні палітэмігрант на радзіму, выяўляецца, што даволі рэдка — раз на год, а то і радзей. Уласна, і эмігрантамі ў сёньняшняй сытуацыі многія зь іх сябе ўжо ня лічаць. У пераважнай большасьці адначасова з польскай ідэнтычнасьцю зьявілася яшчэ адна — аўстрыйская, швэдзкая, італьянская...

Гонка з часам, якую дыктатуры ня выйграць

Ілюзія, якой цешацца многія дыктатары: калі перасаджаць альбо выціснуць за мяжу ўсіх нязгодных і зацятых ворагаў, то ўнутры краіны нібыта застануцца толькі ляяльныя і паслухмяныя. У рэальнасьці атрымліваецца зусім па-іншаму. Якія б прапагандысцкія і рэпрэсіўныя высілкі ні рабіліся, грамадзтва немагчыма закансэрваваць і трымаць у нейкім нязьменным стане, выгадным і зручным рэжыму. Тыя юныя грамадзяне Беларусі, якія ўпершыню прыйдуць галасаваць у 2025-м, у 2020-м былі 13-гадовымі падлеткамі. Яны ня ўдзельнічалі ў пратэстах, не выходзілі на маршы (а калі і выходзілі, то пад рэпрэсіі з прычыны ўзросту не падпалі). Але яны абавязкова рана ці позна зададуцца пытаньнем, чаму іх пазбавілі права на свабоду і сумленны выбар улады. Новае пакаленьне, прарастаючы, як трава скрозь бэтон, урэшце гэты бэтон дыктатуры і раскрышыць. І гэтую гонку з часам ня ўдавалася выйграць яшчэ ніводнаму дыктатару.

«Круглы стол» польскай улады і апазыцыі. 6 лютага 1989
«Круглы стол» польскай улады і апазыцыі. 6 лютага 1989

Дарэчы, у Польшчы падзеі 1989-га (новыя масавыя пратэсты, перамовы з апазыцыяй за «круглым сталом» і наступная хуткая трансфармацыя сыстэмы) адбываліся якраз з актыўным удзелам ня тых, хто былі ў эміграцыі, а тых, хто засталіся. І значная частка сёньняшняй польскай палітычнай эліты ў сваіх біяграфіях маюць радок пра тое, што ў 1980-я гады ў маладым (ці нават зусім юным) узросьце ўдзельнічалі ў масавых пратэстах, усяляк спрыялі «Салідарнасьці» хоць бы ў самых дробных справах — раздаючы і расклейваючы ўлёткі і газэты, дапамагаючы сем’ям рэпрэсаваных.

Зусім магчыма, што дыстыляваныя «выбары» 2025 году, вынікам якіх стане «поўная ўсенародная падтрымка» з паказьнікам у раёне 90 працэнтаў, канчаткова супакояць Лукашэнку. Пераканаўшыся ў поўным кантролі над сытуацыяй і адсутнасьці нават намёкаў на грамадзкія пратэсты, ён пачне больш прыслухоўвацца не да сілавікоў, якія настойваюць на працягу рэпрэсій, а да тых асьцярожных галасоў, што прапануюць «вяртаньне да нармальнасьці».

Сёньня цяжка ўявіць, што ён наважыцца на нешта маштабнае ў гэтай справе, кшталту сапраўднай палітычнай амністыі, як тое здарылася ў Польшчы ў сярэдзіне 80-х (ці ў многіх іншых краінах, якія перажылі падобныя палітычныя крызісы, хоць бы нядаўна ў Казахстане, у 2022-м). Але калі Лукашэнка ці ўплывовыя сілы ў ягоным атачэньні сапраўды яшчэ разьлічваюць на больш-менш масавае вяртаньне тых, хто ўцяклі ад палітычнага перасьледу, гэта, хутчэй за ўсё, будзе апошняе «акно магчымасьцяў». Потым проста стане запозна: час, калі людзі імкнуліся да вяртаньня і былі гатовыя да яго, у выпадку зь беларускімі палітэмігрантамі 2020-2021 гадоў скончыцца ўжо вельмі хутка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG