Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьмяншаецца колькасьць жанчын, у тым ліку рэпрадукцыйнага ўзросту


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. «Ланцуг салідарнасьці» жанчын каля Камароўскага рынку ў Менску. Лістапад 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. «Ланцуг салідарнасьці» жанчын каля Камароўскага рынку ў Менску. Лістапад 2020 году

У Беларусі на 1 студзеня 2024 году жылі 4 051 900 жанчын, старэйшых за 18 гадоў, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэту да Дня маці (14 кастрычніка).

На пачатку 2023 году ў Беларусі былі 4 059 900 жанчын, старэйшых за за 18 гадоў, а за год іх паменела на 8 тысяч (−0,2%). Аналягічных зьвестак за 2022 год Белстат не публікаваў.

Таксама за апошнія гады паменела жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту (15–49 гадоў) — на 1,67%. У сьвежым аглядзе Белстату гаворыцца, што летась у Беларусі жылі 2 118 900 жанчын у рэпрадукцыйным узросьце. У падобных аглядах за 2023 і 2022 гады пазначалася колькасьць жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту на пачатак гэтых гадоў адпаведна 2 134 000 і 2 154 800.

Цяпер жанчыны складаюць 55% жыхароў Беларусі, старэйшых за 18 гадоў (у 2023-м — 55,1%, 2022-м — 53,8%).

Сярэдні ўзрост жанчын расьце: у 2024 годзе ён склаў 43,9 года (у 2022-м — 43,3 года).

Сярэдні ўзрост маці пры нараджэньні дзіцяці, паводле актуальных зьвестак, складае 30,3 года (у 2023-м — 30,1, 2021-м — 29,9, 2010-м — 27,3). Пры нараджэньні першынца — 27,3 года (27,1; 26,9; 24,9 года адпаведна).

З агляду вынікае, што ў эканоміцы Беларусі ў 2023 годзе былі занятыя 2 233 000 жанчын, зь іх 48% мелі дзяцей. На пачатак 2024 году хатнімі гаспадынямі лічыліся каля 62 тысяч жанчын (у 2023-м — каля 68 тысяч), непаўналетніх дзяцей мелі 86%.

У Беларусі ўступілі ў дзетародны ўзрост жанчыны «пакаленьня дэмаграфічнай ямы», заявіў намесьнік міністра аховы здароўя Юры Горбіч у кастрычніку 2023 году на міжнароднай канфэрэнцыі «Сям’я ў цэнтры сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы».

Згодна з пададзенымі ў той дзень зьвесткамі Белстату, сумарны каэфіцыент нараджальнасьці з 2016 па 2023 год зьменшыўся з 1,73 да 1,38 дзіцяці на адну жанчыну фэртыльнага ўзросту (сярэдняя колькасьць дзяцей, якіх магла б нарадзіць адна жанчына на працягу рэпрадукцыйнага пэрыяду). Таксама было заяўлена, што жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту з 2012 да 2022 году паменела на 14,5% — з 2 494 000 да 2 134 000 адпаведна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG