Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі пашпарт зьбеглага экс-судзьдзі Шмыта анулявалі, ён ня зможа езьдзіць за мяжу зь Беларусі


Томаш Шмыт у сядзібе БелТА, архіўнае фота
Томаш Шмыт у сядзібе БелТА, архіўнае фота

Былога польскага судзьдзю Томаша Шмыта, які папрасіў і атрымаў прытулак у Беларусі, на радзіме вінавацяць у шпіянажы.

Мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт былога судзьдзі Томаша Шмыта, які перабег у Беларусь больш за пяць месяцаў таму.

Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza.

Адзначаецца, што гэты крок «не набліжае затрыманьне Шмыта, але істотна абмяжоўвае яго магчымасьць падарожнічаць». Польскія мэдыя мяркуюць, што калі перабежчык «не атрымае пашпарта, напрыклад, ад беларускіх уладаў», то ў Беларусі «ён апынецца ў пастцы», «зможа ездзіць толькі ў Расею, якая супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі».

Расьсьледаваньне справы аб магчымым супрацоўніцтве Шмыта зь беларускімі спэцслужбамі працягваецца.

Пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Томаш Шмыт уцёк у Беларусь, стала вядома 6 траўня з паведамленьня тэлеграм-канала, створанага за тры дні да таго ад ягонага імя на польскай і расейскай мовах. У ім сьцьвярджалася, што мужчына вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спэцслужбы Беларусі даўно працавалі з судзьдзём Шмытам, які ўцёк, ягоныя адносіны зь беларусамі «маюць даўнюю гісторыю», гэта ня справа «апошніх месяцаў».

9 траўня Шмыт быў звольнены Вышэйшым адміністрацыйным судом на падставе яго заявы. Нацыянальная пракуратура Польшчы пачала расьсьледаваньне.

4 чэрвеня стала вядома, што Шмыт ня будзе ўключаны ў сьпіс асоб, якія адшукваюцца Інтэрполам з «чырвоным апавяшчэньнем». Паводле інфармацыі прэс-сакратара Галоўнага ўпраўленьня паліцыі Польшчы Катажыны Новак, гэта зьвязана з тым, што Інтэрпол «не дазваляе перадаваць па сваіх каналах дадзеныя наконт дзеяньняў супраць бясьпекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы». Да такіх дзеяньняў, адзначыла Новак, Інтэрпол адносіць шпіянаж.

10 чэрвеня акруговы суд Варшавы выдаў ордэр на арышт Шмыта. Ордэр мае моц толькі на тэрыторыі дзяржаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, гэта значыць ня будзе мець рэальнай сілы, пакуль перабежчык не перасячэ мяжу адной з краін ЭЗ.

Вядома, што Томаш Шмыт вядзе гутаркі на youtube-канале дзяржаўнага беларускага агенцтва. Ён робіць інтэрвію для праекта «У тэме».

  • Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр 6 чэрвеня. У сярэдзіне траўня пракуратура Польшчы пачала шукаць былога судзьдзю Томаша Шмыта з ордэрам на арышт.
  • У Варшаве 55-гадоваму Шмыту выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы.
  • Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
  • Інфармацыя пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Шмыт «пакуль неафіцыйна» папрасіў «статус палітычнага ўцекача» ў Беларусі, зьявілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным за тры дні да таго ад яго імя на польскай і расейскай мовах.
  • Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG