Частку дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту 2025 году прафінансуюць за кошт крэдыту Расеі, паведаміў міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў на пашыраным пасяджэньні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, паведамляе БелТА.
Міністар нагадаў, што дэфіцыт бюджэту на 2025 год прагназуецца ў суме каля 4,5 млрд рублёў.
«Практычна 1 мільярд з 4,5 млрд рублёў — гэта будуць вонкавыя прыцягненьні. Частка гэтых сродкаў будзе прыцягнутая з Расеі ў выглядзе крэдыту», — заявіў міністар.
Дакладнай сумы крэдыту, які плянуюць атрымаць у Расеі, а таксама іншых магчымых крыніц фінансаваньня дэфіцыту бюджэту чыноўнік не назваў.
Паводле Селівестрава, парамэтры бясьпекі прадугледжваюць, што дэфіцыт бюджэту павінен быць ня больш як 3% ВУП, а ў праекце на 2025 год закладзена каля 1,6%, таму, на думку чыноўніка, «гэта прымальны ўзровень».
- З апублікаванага праекту закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год вынікае, што паступленьні ў 2025 годзе заплянаваныя на ўзроўні 45 млрд 836 млн беларускіх рублёў, а выдаткі — 50 млрд 295 млн рублёў, то бок дэфіцыт бюдэту складзе амаль 4,5 мільярда рублёў.
- На 2024 год дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту заплянаваны на ўзроўні амаль 4 млрд 751,1 млн рублёў — гэта рэкордны дэфіцыт за апошнія пяць гадоў.
Форум