Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіць украінская балістычная ракета «Сапсан» сытуацыю на фронце


Выпрабаваньне ўкраінскай крылатай ракеты ў студзені 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Выпрабаваньне ўкраінскай крылатай ракеты ў студзені 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Украіна канцэнтруецца на ўласнай вытворчасьці ўзбраеньня, ракет і іншых снарадаў.

Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў заявіў аб «вялікай ракетнай праграме».

«Мы канцэнтруемся ў апошні час на ракетнай і дронавай праграмах. У далейшым або да канца гэтага году вы шмат пачуеце пра вялікую ракетную праграму. Мы ўжо пачалі працаваць над балістычнымі ракетамі», — сказаў Рустэм Умераў на Міжнародным форуме абаронных індустрый, які на гэтым тыдні прайшоў у Кіеве.

Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», перад гэтым прэзыдэнт Украіны заяўляў, што ніякіх дэталяў пра яе не паведамлялі.

Улады Ўкраіны і вайскоўцы трымаюць у сакрэце інфармацыю пра балістычную ракету. Але тое, што гэтае ўзбраеньне можа паўплываць на баявыя дзеяньні, прызнаюць і экспэрты, і ветэраны вайны.

«Калі мы зможам стварыць вытворчасьць у вялікай колькасьці, калі гэта будзе сотнямі, тады, я мяркую, гэта ня зьменіць ход вайны на 100 адсоткаў, але вельмі моцна паўплывае на нашыя магчымасьці на лініі фронту, вельмі моцна паўплывае ў пазытыўным сэнсе», — патлумачыў украінскі вайсковы экспэрт Аляксей Гэцьман.

Украіна плянавала стварыць сваю балістычную ракету яшчэ з часоў абвяшчэньня незалежнасьці і адмовы ад ядзернай зброі. Тады крылатыя ракеты аддалі Расеі. Апэратыўна-тактычны комплекс «Точка У», які дагэтуль знаходзіцца на ўзбраеньні, не падыходзіў, бо ягоная далёкасьць складае ўсяго да 120 кілямэтраў.


Праз эканамічныя праблемы распрацоўку пачалі толькі ў 2006 годзе пры актыўнай падтрымцы тагачаснага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Комплекс «Сапсан» пачалі распрацоўваць у канструктарскім бюро «Паўднёвае». Экспэрты мяркуюць, што менавіта пра гэтую ракету і казаў Зяленскі. У экспартнай вэрсіі для Саудаўскай Арабіі яе называюць «Гром-2». У Міністэрстве абароны Расеі яшчэ год таму сьцьвярджалі, што такую ракету яны зьбілі. Аднак пацьвярджэньня гэтаму няма.

«Гэтая ракета — аналяг расейскага „Іскандэра“. Аналяг у тым сэнсе, што гэта таксама балістычная апэратыўна-тактычная ракета. Вось і ўся аналёгія, таму што закладзеныя прынцыпы зусім іншыя. Але канструкцыйна гэта тая ж ракета невялікай далёкасьці зь цьвёрдапаліўным рухавіком», — патлумачыў украінскі авіяэкспэрт Валер Раманенка. Ён пераконвае, што ў адрозьненьне ад расейскага «Іскандэра», украінскі «Сапсан» павінен быў мець палепшаныя сыстэмы навядзеньня, дзякуючы чаму павялічваецца дакладнасьць і зьмяншаецца расход ракет.

«На канцавым адрэзку ў яе была радыёлякацыйная сыстэма высокадакладнага навядзеньня з радарам доўгай хвалі тры мілімэтры, то бок яна дазваляла наводзіць ракету на аб’ект з дакладнасьцю да двух мэтраў», — дадаў экспэрт.

Тэрміны распрацоўкі «Сапсана» стала пераносілі. А пры прэзыдэнту Віктару Януковічу (2010–2014) работу над новым комплексам увогуле нечакана спынілі. Фінансаваць праект адмовіліся, калі міністрам абароны быў Паўло Лебедзеў, які цяпер знаходзіцца ў вышуку за дзяржаўную здраду і, паводле ўкраінскіх сьледчых, хаваецца ў анэксаваным Расеяй Крыме.

«Расея ўсяляк перашкаджала нам у ракетнай праграме, таму што добра разумела, наколькі гэта будзе небясьпечна для іх, калі мы будзем узброеныя дальнабойнай зброяй», — сказаў вайсковы экспэрт Аляксей Гецьман.

У 2016 годзе стала вядома аб аднаўленьні праекту, а праз два гады пускавую ўстаноўку паказалі на вайсковым парадзе на Храшчаціку. У лютым 2021 году тагачасны міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што «Сапсан» гатовы на 80% і «неабходна зрабіць апошні крок» — дарабіць першы ўзор гэтай зброі. Але пра гэты апошні крок заявіў Зяленскі толькі праз тры з паловай гады.

«Прэзыдэнт казаў пра тое, што ракета ўжо ў комплексе, як яго выпрабоўвалі, а асобныя кампанэнты яшчэ раней прайшлі выпрабаваньні. І вядома, што ў ФСБ быў агент у КБ „Паўднёвае“, які ім паведаміў, што ў пачатку 2022 году работы над праектам аднавілі ў прыскораным рэжыме. І лётныя выпрабаваньні патрабавалі праводзіць нават раней, чым наземныя, гэта значыць без давядзеньня рухавіка на зямлі», — расказаў Валер Раманенка.

Газэта The Times апублікавала мапу, на якой былі пазначаныя аб’екты, у якія могуць пацэліць брытанскія ракеты Storm Shadow на тэрыторыі Расеі — авіябазы, нафтаперапрацоўчы завод, штаб Паўднёвай вайсковай акругі расейскай арміі. Далёкасьць брытанскай ракеты да 300 кілямэтраў. У ракеты «Сапсан», паводле вытворцаў, на 200 кілямэтраў большая. То бок дасягнуць можа нават да цэнтра Масквы.

«У Расеі комплексаў тыпу Patriot, здольных зьбіваць балістычныя ракеты, практычна няма. Гэта комплексы з сыстэмы абароны Масквы, і, магчыма, расейскі новы комплекс С-500, які цяпер знаходзіцца на стадыі выпрабаваньняў. То бок з стварэньнем украінскай балістычнай ракеты Расея ператвараецца на голага караля», — мяркуе авіяцыйны экспэрт Раманенка.

Аляксей Гецьман дадаў, што, калі ў Украіны будзе дастаткова сваіх балістычных ракет, то ні ў каго ня трэба будзе прасіць дазволу на ўдары па тэрыторыі Расеі: «Сваімі ракетамі мы нічога не парушаем, усе аб’екты вайсковыя на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — наша законныя цэлі».

Украінскія экспэрты перакананыя, што пры пасьпяховым выкарыстаньні ўкраінскіх ракет расейская армія будзе вымушана прыбраць авіяцыю на 450 кілямэтраў ад мяжы. Перабазаваць давядзецца і штабы, рамонтныя падразьдзелы, склады боепрыпасаў і паліва. Усё гэта паўплывае на баяздольнасьць расейскіх войскаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG