Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Народным антыкрызісным упраўленьні» назвалі новую лічбу незаконна вывезеных з Украіны ў Беларусь дзяцей


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

Раней заяўлялі, што ад пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі ня менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка паведаміў, што ў Беларусь незаконна вывезьлі больш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей зь ня менш як 20 акупаваных Расеяй населеных пунктаў Украіны.

«Мы працягваем штомесяц зьбіраць дадатковыя доказы, што пацьвярджаюць злачынства, учыненае як самім Лукашэнкам, так і ягонымі супольнікамі», — працытавала Паўла Латушку выданьне «Позірк».

Паводле яго, на тэрыторыі Беларусі датычна гэтых дзяцей «ажыцьцяўляецца пэрманэнтная інтэнсіўная індактрынацыя ў інтарэсах «русского мира».

«Адбываецца мілітарызацыя дзяцей, іх вучаць выкарыстоўваць зброю. Усё гэта зьяўляецца фактамі, якія пацьвярджаюць ваеннае злачынства», — дадаў Павал Латушка.

Кіраўнік НАУ паведаміў, што ягоная каманда ўжо двойчы перадавала матэрыялы з доказамі злачынства ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, а таксама ў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны і Генэральную пракуратуру Літвы, якія расьсьледуюць адпаведную крымінальную справу на нацыянальным узроўні.

«Нам ужо ўдалося дабіцца ўключэньня ў санкцыйныя сьпісы за ўчыненьне гэтых злачынных дзеяньняў цэлага шэрагу асобаў, зьвязаных з Лукашэнкам, і арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і Расейскай Фдэрацыі», — падкрэсьліў Павал Латушка.

19 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь кіраўніком расейскай адміністрацыі Данецкай вобласьці Дзянісам Пушыліным заявіў, што дзяцей з Украіны прымаюць на лячэньне і адпачынак. «Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы выкрадаем, выяўляецца, вашых дзяцей. Ну дык я прапанаваў і Ўкраіне, і амэрыканцам: калі ласка, прыяжджайце, знайдзіце хоць адно скрадзенае дзіця. Гэта ня нашы прынцыпы», — заявіў Лукашэнка.


11 верасьня ў Сэйме Польшчы ўхвалілі рэзалюцыю, у якой асудзілі выкраданьне Расеяй і Беларусьсю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны і назвалі гэта «ганебным замахам на ідэнтычнасьць».

Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь

  • Датычнымі да выкрадзеньня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
  • Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.
  • У рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG