Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо культ асобы ці яшчэ не? Мэдыяэкспэртка Надзея Белахвосьцік пра вобраз Лукашэнкі ў прапагандзе


Алякседар Лукашэнка на плошчы Перамогі ў Менску. Арохіўнае фота
Алякседар Лукашэнка на плошчы Перамогі ў Менску. Арохіўнае фота

Надзея Белахвосьцік, галоўная рэдактарка Media IQ, беларускага праекту пра мэдыяпісьменнасьць, адказвае на пытаньне, як з гадамі мяняўся імідж кіраўніка Беларусі ў прапагандзе, якія ягоныя асноўныя рысы і які вобраз Лукашэнкі імкнуцца стварыць улады для новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Сьцісла:

  • Ужо ў 2010 годзе, паводле сацыялёгіі НІСЭПД, 35% апытаных адказалі, што ў Беларусі ёсьць «культ асобы» Лукашэнкі.
  • Ствараецца вобраз мудрага аксакала, які нібыта мае надзвычайны досьвед у палітыцы і таму можа вучыць іншых.
  • Слова «Бацька» на Лукашэнку можна пачуць дзе заўгодна — у Расеі, Украіне, Грузіі, але, як правіла, не ад саміх беларусаў.
  • Нават у тых, хто баіцца пераменаў, «культ асобы» не выклікае захапленьня.

— У многіх назіральнікаў ёсьць уражаньне, што апошнія месяцы прапагандысты сталі больш актыўна ўслаўляць Лукашэнку, разьдзьмуваць «культ асобы». Ці сапраўды гэты працэс узмацніўся апошнім часам, ці ў цэлым працягваецца ўсё тое, што і раней?

— Ужо ў 2021 годзе мы ў Media IQ пісалі пра пэўныя тэндэнцыі фармаваньня культу асобы Лукашэнкі. Магчыма, колькасна цяпер гэтага стала больш, але якасна гэта тое самае, што было і ў 2010-м, і ў 2001 годзе. Ужо ў 2010 годзе, паводле сацыялёгіі НІСЭПД (Незалежнага інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў), 35 працэнтаў апытаных адказалі, што ў Беларусі ёсьць «культ асобы» Лукашэнкі.

Надзея Белахвосьцік
Надзея Белахвосьцік

Мы ведаем, што ягоныя партрэты вісяць у кожным службовым кабінэце, у кожнай клясе ў школах. Розныя фонды, стыпэндыі ягонага імя, падарункі «ад прэзыдэнта» таксама павінны нагадваць народу пра тое, што ўсё гэта раздае адзін чалавек.

Цяпер, гэтага сапраўды стала яшчэ болей, але якасна мала што зьмянілася. Хаця мяняецца ягоны вобраз, якія малюе прапаганда. У 1990-я гэта быў нібыта «свой просты чалавек з народу», які ваюе са старой намэнклятурай. Далей, у нулявыя, гэта быў «гарант незалежнасьці, стабільнасьці, сацыяльных даброт і заваёваў». Пэўныя наратывы існуюць дзесяцігодзьдзямі. Напрыклад, што «Лукашэнка плаціць пэнсіі», — адзін з самых старых.

— Але цяпер ужо з прычыны ўзросту і нават выгляду Лукашэнкі немагчыма ствараць вобраз «мачо», спартоўца, чалавека ў росквіце сілаў. На які вобраз зараз працуе прапаганда?

— Чалавека, якія забясьпечвае мір і стабільнасьць. Мудрага аксакала, якія мае надзвычайны досьвед у палітыцы і таму можа вучыць іншых (асабліва заходніх палітыкаў, якія мяняюцца даволі часта). Ён наводзіць парадак, усё кантралюе, заўсёды мае рацыю, гарантуе беларусам мірную будучыню. Ну і таксама працягваюць эксплюатаваць вечны наратыў «Хто, калі ня ён?».

— Лукашэнка за ўсе гэтыя гады сам неаднаразова гаварыў, што ня любіць хваласьпеваў, і нават не дазваляе сваім падначаленым занадта яго хваліць. Ці можна ў гэта верыць? Бо часам сапраўды складаецца ўражаньне, што дай некаторым чыноўнікам і прапагандыстам волю, яны б узьнялі праслаўленьне на ўзровень Туркмэнбашы.

— Не, я думаю, гэта какецтва і крывадушнасьць з боку Лукашэнкі. На самой справе ў мэтадах прапаганды ёсьць шмат падобнага з культам асобы Сталіна. Проста цяпер іншыя часы і немагчыма паўтарыць тых маштабаў.

Калі ж параўноўваць з Туркмэнбашы, то ў Беларусі проста культура і мэнталітэт эўрапейскія. Тое, што дазваляецца і вітаецца ў Цэнтральнай Азіі, у Беларусі не праходзіць.

Напрыклад, слова «Бацька», ужытае адносна Лукашэнкі, можна пачуць дзе заўгодна — у Расеі, Украіне, Грузіі — але, як правіла, не ад саміх беларусаў. Ніхто ў Беларусі так яго не называе, акрамя самых зацятых прапагандыстаў. Беларусам не ўласьцівае пакланеньне нейкай асобе, для нас гэта ненатуральна. Тым больш пасьля 2020 году. У многіх гэта выклікае толькі раздражненьне. Нават сярод тых, хто баіцца пераменаў, стаўленьне да культу асобы адмоўнае.

Апошняя «дасягненьне» прапаганды — песьня «Балада аб дыктатары». Каго гэта можа ў нечым пераканаць? Але, як мне здаецца, тут небясьпечная рэч у тым, што яны як бы жартуюць («у нас дыктатура? — ха-ха»), аднак уводзяць гэтае паняцьце ў паўсядзённы ўжытак. Маўляў, дыктатура — гэта ня страшна, нават весела.

— Набліжаецца новая прэзыдэнцкая кампанія. Якія асноўныя наратывы будуць выкарыстоўвацца падчас яе? Нейкія дасягненьні беларускай сыстэмы?

— Галоўнае, што яны кажуць і будуць казаць: «У нас мір, няма вайны, і ўсё гэта дзякуючы Лукашэнку». Гэта мала стасуецца з рэчаіснасьцю, але на фоне адсутнасьці незалежных мэдыя ў Беларусі гэтая думка прасоўваецца прапагандай асабліва ўпарта. Да таго ж «усе хочуць Беларусь заваяваць, але мы трымаемся дзякуючы Лукашэнку і таму, што ён сябруе з Расеяй».

— Ці павінна вызваленьне палітвязьняў, якое адбываецца ў апошнія месяцы, выконваць нейкую ролю ў стварэньні перадвыбарнага іміджу Лукашэнкі як «гуманнага дзеда»?

— Пакуль, мне здаецца, тут няма нейкага канкрэтнага вобразу і наратыву. Яны, вядома, паўтараюць, што менавіта Лукашэнка праявіў гуманнасьць і вызваліў людзей, якія «раскаяліся». Гэта, маўляў, не рашэньне сыстэмы, а ягоны асабісты гуманны акт.

Але ўсё ж на сёньня галоўны перадвыбарны наратыў — тое, што ў Беларусі няма вайны, што Лукашэнка трымае краіну ў парадку, мае вялізны палітычны досьвед і гарантуе беларусам мір і незалежнасьць.

Нядаўна яны правялі «Кангрэс патрыятычных сілаў» і некаторыя тэзісы там адпрацоўвалі. Асноўныя зь іх: «Мір бяз санкцыяў, войнаў і ціску», «Мы жывём у агульным эўрапейскім доме», які, маўляў «хочуць аслабіць амэрыканцы», і што Беларусь імкнецца быць пляцоўкай да мірных перамоваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG