Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Meta заблякуе акаўнты RT і «Россия сегодня» на ўсіх сваіх плятформах


Сымболіка кампаніі
Сымболіка кампаніі

Кампанія Meta заблякуе на сваіх плятформах (сацыяльныя сеткі Facebook, Instagram і Treads, а таксама мэсэнджар WhatsApp) старонкі расейскіх дзяржаўных СМІ, якімі валодаюць падкантрольныя Крамлю RT і мэдыягрупа «Россия сегодня», паведамляе Reuters са спасылкай на заяву карпарацыі.

У заяве адзначаецца, што рашэньне прынялі таму, што названыя мэдыя «выкарыстоўвалі падманную тактыку для правядзеньня таемных апэрацыяў уплыву ў інтэрнэце» і праводзілі «дзейнасьць, зьвязаную з замежным умяшаньнем». Блякаваньне іх акаўнтаў пачнецца ў найбліжэйшыя дні.

Reuters адзначае, што гэтая забарона зьяўляецца «рэзкім узмацненьнем жорсткасьці мер» з боку найбуйнейшай у сьвеце сацыяльнай мэдыякампаніі супраць расейскіх дзяржаўных СМІ. Раней яна рабіла менш кардынальныя крокі кшталту блякаваньня рэклямы і памяншэньня ахопліваньня пастоў.

13 верасьня ўлады ЗША ўвялі санкцыі супраць мэдыягрупы «Россия сегодня», яе дырэктара Дзьмітрыя Кісялёва, «ТВ-Новости» (юрыдычнай асобы тэлеканала RT), а таксама НКА «Евразия» і яе заснавальніцы Нэлі Парутэнкі.

У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што «Россия сегодня» і «РИА Новости», Sputnik і RT, якія ўваходзяць у яе, працуюць на расейскія спэцслужбы. Ён абвінаваціў іх ва ўдзеле «ў кампаніях па дэзінфармацыі» па ўсім сьвеце. Паводле Блінкена, RT зьбіраў грошы для расейскага войска і ўмешваўся ў выбары ў Малдове, а таксама кіруе мэдыя, якія базуюцца ў Бэрліне пад назвай Red — нягледзячы на тое, што вяшчаньне прапагандысцкага канала забаронена ў Эўразьвязе.

«Структуры „России сегодня“ і, у прыватнасьці, тэлеканал RT, ня проста рупар крамлёўскай прапаганды, але і ўдзельнікі таемных апэрацый расейскай выведкі», — сказаў тады Энтані Блінкен.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG