Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадара Японіі выклікалі ў МЗС Беларусі ў «шпіёнскай справе»


Масатосі Наканісі ў прапагандысцкім сюжэце на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі
Масатосі Наканісі ў прапагандысцкім сюжэце на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі

Раней Японія выказала пратэст Беларусі ў сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі суайчыньніка ў шпіянажы.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз паведаміў, што 6 верасьня 2024 году ў МЗС выклікалі амбасадара Японіі ў Менску Хіраюкі Ямамота:

«Кіраўніку японскай дыпмісіі быў заяўлены пратэст у сувязі з правядзеньнем нядаўна затрыманым грамадзянінам Японіі на тэрыторыі нашай краіны шпіёнскай дзейнасьці, якая нанесла шкоду бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Цяпер расьсьледаваньне гэтай справы знаходзіцца на завяршальнай стадыі, і мера адказнасьці за ўчыненыя злачынствы будзе вызначаная судом у поўнай адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».

Глаз піша, што нібыта былі зь японскага боку патрабаваньні ўтаіць гэты выпадак, але беларускія ўлады іх пакінулі без разгляду.

МЗС Беларусі настойвае, што сьледчыя працэдуры былі «праведзеныя ў поўнай адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам і ўсімі міжнародна-прававымі нормамі».

«Да затрыманага быў забясьпечаны консульскі доступ, камфортныя ўмовы яго ўтрыманьня вядомыя японскаму боку, ён забясьпечаны абаронай, добраахвотна супрацоўнічае са сьледзтвам і ідзе на кантакт са СМІ.

Пры гэтым мы не адмаўляемся ад далейшых кантактаў зь японскім бокам па дадзенай справе».

Пратэст Японіі

Пасьля паказу на тэлебачаньні сюжэту прапагандысцкіх СМІ пра арыштаванага японца афіцыйны Токіё праз пасольства заявіў пратэст. Японія пратэставала ў сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі ў адрас свайго грамадзяніна Масатосі Наканісі, паведаміла выданьне Kyodo. Дыпляматы адзначылі, што публікацыяй такога відэа афіцыйны Менск парушыў правы чалавека.

Галоўны сакратар кабінэту міністраў Ёсімаса Хаясі заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што праграма, паказаная на беларускім канале, была «вартай жалю».

«Мы дамо ўсю магчымую падтрымку, каб абараняць нашых суайчыньнікаў», — заявіў прадстаўнік японскага ўраду.

У праграме пад назвай «Няўдача самурая з Токіё» паведамлялася, што супраць 50-гадовага японца, які раней працаваў у мясцовай навучальнай установе на паўднёвым усходзе Беларусі настаўнікам японскай мовы, праводзіцца расьсьледаваньне па абвінавачваньні ў шпіянажы.

Затрыманьне японца ў Беларусі

Затрыманага ў Беларусі японца Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу), расказаў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.

Як вынікае зь сюжэту, у Беларусь Масатосі Наканісі пераехаў у 2018 годзе. Тут ён узяў шлюб зь беларускай, які прапагандысты называюць «фіктыўным».

Таксама, паводле прапагандыстаў, Наканісі адкрыў у Беларусі фіктыўную кампанію «БелНіханінтэрнэшнл», якая за 6 гадоў «не прынесла ніякага прыбытку». Затое празь яе японец, паводле сюжэту «Беларусь-1», «зьбіраў дзелавую інфармацыю» і «зьвязваўся з такімі кампаніямі, як „Контэ“, „Малочны сьвет“, „Чырвоны харчавік“, „Спартак“, Гомельскай і Магілёўскай свабоднымі эканамічнымі зонамі», «праяўляў неабгрунтаваную цікавасьць, напрыклад, па супрацоўніцтве з Кітаем», заявілі прапагандысты.

Ягоную працу выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны ў сюжэце называюць «прыкрыцьцём». Да таго ж яго абвінавацілі ў фатаграфаваньні вайсковай тэхнікі каля ўкраінскай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG