Цяпер Масатосі Наканісі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.
У сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу гаворыцца, што Наканісі нібыта зьбіраў у Беларусі інфармацыю, якую «зьбіраўся перадаць» у японскую спэцслужбу «Кока Коан Іінкай». Сьцьвярджаецца, што ягоным «куратарам» нібыта быў былы муж ягонай малодшай сястры Масанаі Сато, у якога «ёсьць сувязі ў спэцслужбах».
Як вынікае зь сюжэту, у Беларусь Масатосі Наканісі пераехаў у 2018 годзе. Тут ён узяў шлюб зь беларускай, які прапагандысты называюць «фіктыўным». Таксама, паводле прапагандыстаў, Наканісі адкрыў у Беларусі фіктыўную кампанію «БелНіханінтэрнэшнл», якая за 6 гадоў «не прынесла ніякага прыбытку». Затое празь яе японец, паводле сюжэту «Беларусь 1», «зьбіраў дзелавую інфармацыю» і «зьвязваўся з такімі кампаніямі як „Контэ“, „Малочны сьвет“, „Чырвоны харчавік“, „Спартак“, Гомельскай і Магілёўскай свабоднымі эканамічнымі зонамі», «выяўляў неабгрунтаваную цікавасьць, напрыклад, па супрацоўніцтве з Кітаем», гаворыць аўтар сюжэту.
Ягоную працу выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны ў сюжэце называюць «прыкрыцьцём».
У відэа дзяржаўнага тэлеканалу сьцвярджаеца, што японец таксама «езьдзіў у населеныя пункты побач з украінскай мяжой», дзе нібыта фатаграфаваў дарогі, масты, вакзалы і аэрапорты, а таксама інфраструктуру ваенных аб’ектаў і чыгуначныя шляхі, і агулам нібыта зрабіў 9 тысяч фатаздымкаў.
Таксама ў сюжэце гаворыцца, што Масатосі зьбіраў інфармацыю аб «сацыяльна-палітычнай» абстаноўцы ў Беларусі і хадзіў на мітынгі пратэсту.
Аўтар прапагандысцкага сюжэту сьцьвярждае, што затрыманы меў зносіны з супрацоўнікам амбасады Японіі ў Беларусі.
- Увечары 4 верасьня тэлеграм-канал Агенцтва тэленавінаў, якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, анансаваў паказ рэпартажу пра затрыманьне грамадзяніна Японіі, які нібыта зьвязаны са спэцслужбамі сваёй роднай краіны, у Беларусі займаўся зборам інфармацыі. У 42-сэкундным відэароліку на «Беларусь-1» паказалі чалавека, які гаворыць па-расейску і называецца як Масатосі Накамісі.
- Факт затрыманьня 50-гадовага японца ў Беларусі «9 ліпеня за меркаванае парушэньне беларускага заканадаўства» пацьвердзіла 4 верасьня тэлеканалу NHK амбасада Японіі ў Менску.
- 5 верасьня гэтую інфармацыю пацьвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабінэту міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі. Паводле яго, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад «аказаў яму максымальную падтрымку, у тым ліку зьвязаўся зь ягонымі сваякамі».
Форум