Пра тое, як гэты ліст зьвязаны з новым нацыянальным праектам у «захаваньні здароўя» расейцаў і як сам праект зьвязаны зь сябрам прэзыдэнта Расеі Пуціна Міхаілам Кавальчуком, які «марыць пра вечнае жыцьцё», гаворыцца ў расьсьледаваньні выданьня «Медуза» і праекту расьсьледаваньняў расейскай службы Радыё Свабода «Система».
«Нас прасілі тэрмінова даслаць усе нашы распрацоўкі, прычым ліст паступіў, скажам так, сёньня, а адправіць усё трэба было ўчора», — расказаў супрацоўнік аднаго з нацыянальных мэдыцынскіх дасьледчых цэнтраў (НМДЦ).
Хуткасьць і настойлівасьць, зь якой ад навукоўцаў запатрабавалі падаць дадзеныя, уразілі лекараў, паведамілі аўтары дасьледаваньня.
«Нам зараз, акрамя гэтых „старых пнёў“ (суразмоўца аўтараў тэксту мае на ўвазе расейскіх высокапастаўленых пажылых палітыкаў. — Рэд.), аднаўляць няма каго, ага. Гэта значыць, проста цяпер (калі ідзе вайна. — Рэд.) мы павінны ўсё кінуць. Гэты цынізм нават зьбівае з панталыку», — абураецца супрацоўнік іншага цэнтру.
У пачатку 2024 году Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што Расеі неабходны новы нацыянальны праект, накіраваны на «захаваньне здароўя» грамадзян. Адна зь яго праграм — барацьба са старэньнем, якім даўно заклапочаная расейская ўлада.
Будуць павялічваць працягласць жыцьця расейскіх грамадзян за кошт новых тэхналёгій і інавацыйных прадуктаў, паведаміла дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на прэзэнтацыю праекту, якая адбылася ў траўні, празь дзевяць дзён пасьля інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна на пяты прэзыдэнцкі тэрмін. На задуму ўладаў, да 2030 году праект дапаможа «захаваць 175 тысяч жыцьцяў». Для параўнаньня: за два з паловай гады вайны супраць Украіны пацьверджаныя паводле адкрытых крыніц страты Расеі ўжо перавысілі 120 тысяч чалавек.
Суразмоўца аўтараў расьсьледаваньня ў адной з маскоўскіх лякарняў называе ініцыятыву «дзівацтвамі старых з палітбюро». Паводле яго, распрацоўкі ў Міністэрства аховы здароўя пакуль не адправілі.
Бюджэт нацпраекту не называецца.
Як сказала крыніца, блізкая да Крамля, усе сучасныя дасьледаваньні, пра якія ідзе гаворка ў нацыянальным праекце, дастаткова дарагія: яны патрабуюць вялікіх грошай і выдаткаў. Распрацоўваньне новых прэпаратаў — мільярды, «ніводзін нацпраект гэтага не пацягне, асабліва цяпер».
На думку суразмоўцы расьсьледнікаў, прычына ўзьнікненьня праекту — «дакучлівая ідэя, памножаная на лабізм».
«Гэта Міша Кавальчук, які марыць пра вечнае жыцьцё і „геном расейца“, дабег да прэзыдэнта», — адзначыў ён.
Сябра Пуціна, кіраўніка Курчатаўскага інстытуту, фізыка Міхаіла Кавальчука называюць лабістам нацпраекту тры крыніцы, знаёмыя з дэталямі яго рыхтаваньня. Кавальчук ужо займаецца фэдэральнай праграмай распрацовак у галіне генэтыкі, у якой бярэ ўдзел старэйшая дачка Ўладзіміра Пуціна, эндакрыноляг Марыя Варанцова.
Зьвязаная з Кавальчуком дзяржаўная карпарацыя «Росатом» займаецца распрацоўваньнем 3D-друку з выкарыстаньнем жывых клетак, якая дазваляе ствараць чалавечыя органы (біядрук). Яна згадваецца ў лісце Міністэрства аховы здароўя як тэхналёгія, «накіраваная на актыўнае даўгалецьце».
Ліст Міністэрства аховы здароўя здаецца дзіўным ня толькі яго адрасатам, але і апытаным экспэртам:
«Саркапенія і астэнія — вельмі важная мэдыцынская праблема ў тых краінах, дзе людзі дажываюць да старасьці, а ў Расеі, мякка кажучы, не заўсёды людзі дажываюць да пэнсіі», — кажа адзін з суразмоўцаў журналістаў на фармацэўтычным рынку.
Да пачатку вайны ў Расеі былі шанцы атрымаць значныя вынікі ў галіне барацьбы са старэньнем, а сярод цытаваных дасьледчыкаў у гэтай галіне было шмат вучоных, якія працавалі ў Расеі. Пакуль сытуацыя для стварэньня рэвалюцыйных біятэхналягічных мэтодык дрэнная, гаворыцца ў дасьледаваньні.
На думку былога прэзыдэнта фонду «Навука для падаўжэньня жыцьця» Міхаіла Баціна, «пераадолець уласную бюракратычную машыну немагчыма.
«А ў Пуціна гараць тэрміны, каб стварыць лекі ад старасьці. Выдаткаваць бюджэты можна, але каму ствараць тэхналёгіі? Ніхто ў Расеі ня можа пахваліцца публікацыямі ў (вядучым навуковым часопісе. — Рэд.) Nature на тэму старэньня, вельмі нізкі ўзровень навукі».
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Бацін пераехаў у ЗША, растлумачыўшы сваё рашэньне фразай «мы за падаўжэньне жыцьця, а вайна — аб яго скарачэньні».
Форум