Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка ў пастцы нізкіх тэмпаў росту — тлумачэньне эканаміста Крука


Чым тлумачыцца рост беларускай эканомікі з канца 2022 году? Чаму адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаў не спараджае дэфіцыту? Як выглядае беларуская эканоміка ў параўнаньні з эканомікамі суседзяў — Латвіі, Літвы і Польшчы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук.

— Я азнаёміўся з апошнімі прэзэнтацыямі BEROC. Паводле іх, назіраецца шалёны рост беларускай эканомікі, шалёны рост ВУП. У чым прычыны?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

— Я б паспрачаўся з вашым вызначэньнем: не называў бы гэты рост шалёным. Пагаджаюся, што ён у значнай ступені нечаканы і большы, чым мы прадказвалі напрыканцы мінулага году. Але называць яго шалёным не выпадае, асабліва калі мы глядзім на кантэкст некалькіх гадоў. Мы на пачатку гэтага году толькі вярнуліся на ўзровень 2021 году. А цяпер беларуская эканоміка толькі на 2% большая, чым была ў 2021 годзе.

А што да прычынаў росту, які сапраўды назіраецца, то іх некалькі. Першая — гэта рост эканомікі Расеі: яе разганяюць вайсковыя выдаткі. І менавіта гэты расейскі «лякаматыў» пацягнуў за сабой і Беларусь.

Там атрымаўся рэзананс бюджэтных і крэдытных стымулаў: бюджэтныя ўліваньні вядуць да росту заробкаў, а гэта падвышае попыт на крэдыт. Гэта разагравала расейскую эканоміку. І цягнула за сабой беларускую.

Другі маштабны чыньнік — гэта разаграваньне, разгон унутранага попыту ў Беларусі. У значнай ступені гэты працэс штучны. Стан бюджэту дае магчымасьць падвышаць заробкі і фінансаваць інвэстыцыйныя праекты.

Сьвядомае зьмякчэньне палітыкі Нацбанку ў 2023 годзе таксама падштурхоўвала ўнутраны попыт і попыт на крэдыты. Манэтарная палітыка заўсёды так працуе — яна дае вынік праз пэўны час.

І яшчэ адзін чыньнік, дзякуючы якому расьце ўнутраны попыт, — гэта высокі ўзровень спажывецкага аптымізму. Людзі лічаць, што зараз час купляць. Бо рост заробкаў — рэкордны. Рэальны сярэдні заробак у параўнаньні з даваенным часам вырас на 20%. Гэта сапраўды рывок, спурт, як кажуць у спорце.

Мы бачым сыгналы запавольваньня росту ўнутранага попыту. Але спажывецкі аптымізм застаецца на высокім узроўні.

— Некаторыя крытыкі задаюць пытаньне: ці можна верыць афіцыйнай эканамічнай статыстыцы? Што ўлады шмат у чым хлусяць — гэта не сакрэт. Але чаму вы верыце іх статыстыцы? Можа, і рост, пра які вы гаворыце, — адно вынік фальсыфікацыі статыстыкі, а насамрэч эканоміка валіцца?

— Гэты аргумэнт выказваюць ня толькі ў Беларусі. Пра тое і жарт — што ёсьць хлусьня, вялікая хлусьня і статыстыка. Але ж іншай статыстыкі ў нас няма.

А калі сур’ёзна, то пры ўсіх агаворках беларускай афіцыйнай статыстыцы, скажам, па ВУП, па заробках можна давяраць. Яна не ідэальная, але няма падставаў гаварыць пра сьвядомае завышэньне паказьнікаў.

— Напрыканцы 2019 году было абвешчана, што прыватны сэктар склаў больш за палову ВУП Беларусі. У нулявыя гады гэтая доля была, здаецца, 20–30%. А якая сытуацыя цяпер?

— BEROC на падставе статыстыкі ацэньваў у 2020 годзе гэтую долю ў 55%. Паколькі цяпер значная частка статыстыкі схаваная, то дакладна сучасную сытуацыю ацаніць складана. Але паводле ўскосных дадзеных можна сказаць, што гэтая доля зьніжаецца.

З канца 2022 году пачаўся аднаўленчы рост эканомікі. Гэта адбываецца пераважна за кошт перапрацоўкі, часткова — за кошт сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. А ў гэтых сфэрах дамінуюць дзяржаўныя кампаніі. Мая ацэнка — цяпер доля прыватнага сэктару ў ВУП складае недзе ад 45% да 55%.

Напрыканцы 2020 году чуў думку аднаго з рэжымных ідэолягаў, што ліквідаваць прыватны сэктар яны сабе дазволіць ня могуць, але трэба як мага шчыльней прывязаць яго да рэжыму, зрабіць максымальна залежным. Самы яскравы прыклад рэалізацыі гэтай стратэгіі — пастанова аб рэгуляваньні цэнаў. Гэтая мера, як і іншыя, зьніжае і ступень самастойнасьці, і ступень дынамічнасьці прыватнага сэктару.

— Зьміцер, вы ўжо прыгадалі адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаў. З пункту гледжаньня рынкавай ідэалёгіі гэта ерась. Але Лукашэнка з гэтага пачынаў сваё кіраваньне яшчэ ў 1994 годзе. У СССР нераўнаважныя цэны спараджалі таварны дэфіцыт. А чаму ў цяперашняй Беларусі не спараджаюць?

Дэфіцыту няма, спажывецкі аптымізм расьце, як вы кажаце. Народ, мяркуючы па апытаньнях, стрымліваньнем цэнаў задаволены.

А як жа законы рынку?

— Спроба чарговага штучнага рэгуляваньня цэнаў адбылася ў сытуацыі, калі значная колькасьць фірмаў нарасьціла фінансавы «тлушч». З другога боку, тады, у 2022 годзе, паводле апытаньняў, беларусы ўспрымалі рост цэнаў як праблему № 1.

Улады гэты «тлушч» фірмаў зрэзалі. У канцы 2023 году гэта ператварылася ўжо ў абмежаваньне фінансавых магчымасьцяў фірмаў, у магчымасьць «тлушч» нарошчваць. Пакуль яны яшчэ могуць выжываць, працаваць з прыбыткам. Але ён ужо вельмі малы.

Чаму няма дэфіцыту? Усё ж ёсьць магчымасьці пэўных маніпуляцыяў з гэтай пастановай аб рэгуляваньні цэнаў. Да таго ж ёсьць магчымасьці зарабляць на зьнешнім гандлі. Фірмы выкручваюцца. Для іх рызыкі застаюцца ў любым выпадку. Зачыніцца — давядзецца расплачвацца з даўгамі, да таго ж і крымінальную справу можна атрымаць. Таму часам бізнэсы проста вымушаныя працягваць дзейнасьць на мяжы фінансавага выжываньня.

— Прагнозы эканамістаў часьцяком ня спраўджваюцца. Летась на працягу году міжнародныя фінансавыя інстытуты — МВФ, Сусьветны банк — некалькі разоў карэктавалі свае прагнозы стану беларускай эканомікі ў бок больш аптымістычных. Мне здаецца, што і беларускія незалежныя эканамісты таксама прадказвалі больш сьціплы рост, чым ён атрымаўся насамрэч.

Ці няма тут сьветапоглядных прычынаў? І для МВФ, і для вас норма — гэта свабодная эканоміка. Усе дырыжысцкія штучкі, умяшаньне дзяржавы ў эканоміку — гэта ў прынцыпе кепска, гэта ерась. Гэта ня будзе працаваць і ў рэшце рэшт эканоміка лясьнецца. А яна трымаецца, ня «ляскаецца».

Вы рэфлексуеце наконт вашых сьветапоглядных установак?

— Выдатнае пытаньне. Зразумела, сьветапоглядныя ўстаноўкі ўплываюць на вынікі аналізу. Але гэты ўплыў можна мінімізаваць.

Трэнд на запавольваньне росту эканомікі назіраўся ўжо напрыканцы 2023 году. Але адбыўся рывок расейскай эканомікі, яна пацягнула за сабой беларускую.

Акрамя таго, трэба ўсё ж глядзець на шырэйшы інтэрвал часу. У кожны канкрэтны год могуць быць розныя ваганьні, якія цяжка прадказаць, надта шмат чыньнікаў вызначаюць хаду падзеяў, у тым ліку і зьнешніх.

І калі глядзець на шырэйшы часавы інтэрвал — 4–5 гадоў, то ні пра які беларускі «эканамічны цуд» гаварыць не выпадае.

— Памятаю, на пачатку дзясятых вы гаварылі пра беларускую пастку нізкіх тэмпаў росту. Вы тады тлумачылі, што беларуская эканамічная мадэль не абавязкова прывядзе да катастрофы, але тэмпы яе росту будуць вельмі нізкія. Так і атрымалася?

— Менавіта так і атрымалася. Калі паглядзець, скажам, дынаміку ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі і ў яе суседзяў — Латвіі, Літвы і Польшчы, то ўсё даволі відавочна. За 13 гадоў у Беларусі рост на 15%, у Польшчы — на 60%, у Літве — на 63%.

ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году) Беларусі і шэрагу іншых краінаў, 2010-2023

Крыніца: Сусьветны Банк, база дадзеных World Development Indicators

На наступным графіку, трансфармаваным з папярэдняга, больш выразна паказана, як на працягу 13 гадоў Беларусь бяднела адносна суседзяў-краінаў Эўразьвязу.

Дабрабыт Беларусі як адсотак дабрабыту суседзяў-краінаў Эўразьвязу, суадносіны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году), 2010-2023

Крыніца: Сусьветны Банк, база дадзеных World Development Indicators

У 2010 годзе адпаведныя паказьнікі дабрабыту Беларусі і Латвіі практычна супадалі. У 2023 годзе ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у « міжнародных далярах» 2021 году) Беларусі складаў ужо менш за тры чвэрці латвійскага. 13 гадоў таму беларускі дабрабыт складаў 85% літоўскага, летась – ужо толькі 60%.

Варта адзначыць, што ў другой палове 90-х і ў нулявыя гады тэндэнцыя была адваротнай, беларускі дабрабыт як доля суседзкага павялічваўся. Напачатку дзесятых гадоў тэндэнцыя памянялася.

Дабрабыт Беларусі як адсотак дабрабыту суседзяў-краінаў Эўразьвязу, суадносіны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у « міжнародных далярах» 2021 году), 1995-2009

Крыніца: Сусьветны Банк, база дадзеных World Development Indicators

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG