Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць 12 фігурантаў у справе аб дывэрсіі супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усіх фігурантаў абвінавачваюць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Частка падсудных не знаходзіцца ў Беларусі.

Разгляд справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах распачаўся 19 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Сярод падсудных 12 чалавек: Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандар Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.

Частка зь іх (Азараў, Тачыцкая, Лапароў, Якуцік, Яцута, Дзёмін, а таксама меркаваны ўкраінскі дывэрсант Швец, перададзены Ўкраіне) не знаходзяцца ў Беларусі, іх судзяць завочна.

Усіх абвінавачваюць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 3614 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці),
  • ч. 1 арт. 2901 («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»),
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
  • ч. 1 арт. 358 («Агентурная дзейнасьць»),
  • ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»),
  • ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»),
  • ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»),
  • ч. 2 арт 361 («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»),
  • ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў»),
  • ч. 3 арт. 290 («Праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці»).

Судзяць абвінавачаных у закрытым рэжыме. Справу разглядае Валянціна Зянькевіч. Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дывэрсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але, нягледзячы на гэта, па справе адбываецца суд і яго падсудным у Беларусі пагражаюць вялікія тэрміны зьняволеньня. Завочна судзяць і самога Швяца.

У ліпені 2023 году кіраўнік аб’яднаньня былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol Аляксандар Азараў паведаміў, што пашкоджаньне на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам рэдкага і дарагога расейскага самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 было апэрацыяй ByPol і Службы бясьпекі Ўкраіны (адбылося 26 лютага 2023 году).

Першапачаткова ByPol заявіў, што гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ і пасьля апэрацыі пакінулі Беларусь.

КДБ паведаміў пра затрыманьне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцу Мікалая Швеца, які быў названы агентам украінскай спэцслужбы. Ведамства заявіла, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на самалёт выстаўлена абвінавачаньне па ч. 3 арт. 289 КК.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасьць службы да дывэрсіі 25 сакавіка 2024 году.

Сёлета ў чэрвені гэтага году асуджанага Швяца абмянялі на мітрапаліта Ёнатана (Анатоль Ялецкіх), які належыць да Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ва Ўкраіне ён адбываў тэрмін за апраўданьне расейскай агрэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG