Арт-рэзыдэнцыя «Дом творцаў» у Варшаве працуе з 2021 году. Гэта сапраўдны дом, дзе жывуць, праходзяць рэабілітацыю, ствараюць новыя творы мастацтва беларусы, якія апынуліся ў эміграцыі альбо прыяжджаюць зь Беларусі на пэўны пэрыяд.
У «Доме творцаў» адначасова могуць жыць ад 7 да 15 чалавек. Тэрмін знаходжаньня абмежаваны — максымум 2 месяцы, пакуль людзі ня стануць на ногі. Акрамя жылых пакояў, ёсьць вялікая заля для рэпэтыцый, выставаў, правядзеньня рэзыдэнцый, камін, расказвае Сяргей Доўгушаў.
«Мы захоўваем культуру, мы яе рэабілітуем і ствараем новую, гэта зараз вельмі важна. Бо беларуская культура ўнутры краіны ў заняпадзе, на фэстывалях спрэс расейская папса. І агулам немагчыма сябе рэалізаваць і прэзэнтаваць штосьці сапраўднае беларускае, што мае гістарычны, нацыянальны падмурак. Беларуская культура зьнішчана альбо раскідана па ўсім сьвеце. Мы ўсё гэта спрабуем захаваць у такія няпростыя часы, асабліва ў эміграцыі», — кажа Сяржук.
Дапамаглі 500 беларусам
Яшчэ адна важная місія — рэабілітацыя, бо часьцяком у «Дом творцаў» прыяжджаюць тыя дзеячы культуры і мастацтва, хто мусіў уцякаць, хто прайшоў праз турму, выйшаў з калёніі і трапіў у чужую краіну з адным заплечнікам.
«Многія вымушаныя былі ўцякаць з краіны, ім прыходзіцца літаральна выжываць у эміграцыі, зарабляць грошы, і тады ўжо не да творчасьці. Наша задача — рэабілітаваць, стварыць ім спрыяльныя ўмовы, даць ім магчымасьць зноў вярнуцца да прафэсіі. Інакш мы можам згубіць пэўную колькасьць нашых культурных дзеячоў.
Прыяжджаюць людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, для іх гэта сьвежае паветра, каб зноў вярнуцца да прафэсіі, зноў ствараць і паверыць, што тое, што яны робяць, вельмі важна», — працягвае Сяржук Доўгушаў.
Па яго словах, агулам праз арт-рэзыдэнцыю прайшлі каля 500 беларусаў, якія маглі ня толькі займацца творчасьцю, у іх былі заняткі з псыхолягам, інтэграцыйныя сустрэчы. Для 150 чалавек «Дом творцаў» стаў часовым месцам пражываньня.
Установа правяла 8 рэзыдэнцый, у кожнай удзельнічала ад 15 да 30 чалавек — мастакі, дызайнэры, акторы, музыкі.
«У 2023 годзе мы падтрымалі гурт „Irdorath“ і вяртаньне іх на сцэну пасьля турмы. Яны жылі ў нас некалькі месяцаў, была задача маральна іх падрыхтаваць, каб яны зноў вярнуліся да музыкі, вярнуліся на сцэну. Падчас рэзыдэнцыі была запісаная песьня, зьняты кліп. Было некалькі рэзыдэнцый для мастакоў, у якіх удзельнічалі творцы зь Беларусі», — расказвае Сяржук.
Па словах Доўгушава, адна з задач — інтэграцыя, каб творцы зь Беларусі не замыкаліся ў сваім асяродзьдзі, а інтэграваліся ў польскую культуру, выходзілі на міжнародны ўзровень.
«Апошняя рэзыдэнцыя напрыканцы вясны была накіраваная менавіта на інтэграцыю. Усё праходзіла па-польску зь перакладчыкам, былі сустрэчы ў Акадэміі мастацтваў, у нас працавалі польскія мастакі, каб беларусы зразумелі, як гэта функцыянуе тут, нашы хадзілі ў госьці да польскіх мастакоў. Былі майстар-клясы нават па японскім жывапісе. Гэта ўсё накіравана на тое, каб нашы мастакі ўсьведамлялі сябе часткай эўрапейскага мастацтва. Каб вучылі мовы, знаходзілі кантакты», — адзначае важнасьць інтэграцыі Сяргей Доўгушаў.
«Нам патрэбныя сродкі на арэнду»
«Дом творцаў» ня мае сталага фінансаваньня. Ёсьць партнэры, донары, спонсары, праектныя заяўкі. Сяржук Доўгушаў узгадвае яшчэ цяжэйшы час, асабліва калі пачалася вайна ва Ўкраіне. Тады, па яго словах, на беларускую культуру наагул зьнікла фінансаваньне. Цяпер зноў узьніклі складанасьці.
«Нам патрэбныя сродкі, каб ад пачатку восені і да канца году заплаціць за арэнду і ўтрыманьне дому, дзе жывуць сем’і, прыяжджаюць творцы зь Беларусі. Цяпер гэта 13 тысяч злотых — у нас такія выдаткі штомесяц. Раней плацілі 9 тысяч. А з наступнага году ёсьць у нас пляны, каб існаваць нармальна», — спадзяецца Доўгушаў.
Яшчэ сёлета плянуецца правесьці дзьве рэзыдэнцыі для беларускіх творцаў, кажа суразмоўца. Па словах Доўгушава, людзі спрабуюць зарабляць на некаторых праектах, да прыкладу, прадаваць карціны, створаныя падчас рэзыдэнцый, але гэтага не хапае.
«Мы заяўляем пра сябе як пра дабрачынную арганізацыю, спрабуем дапамагаць. Не ідзем у камэрцыю. Але спрабуем знаходзіць магчымасьць крыху падзарабіць. У нас вялікая колькасьць карцін засталася пасьля нашых рэзыдэнцый. Іх можна набыць і падтрымаць творцаў і наш Дом. Мы таксама працуем над сайтам, дзе будуць прадстаўленыя паслугі творцаў: напрыклад, можна будзе замовіць прафэсійны дызайн, напісаць песьню, фанаграму, таму што вакол нас вялікая колькасьць таленавітых людзей», — кажа Доўгушаў.
Форум