Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст Драздоў: Зьвесткі беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта выдалілі з сыстэмы Інтэрполу


Андрэй Гнёт, архіўнае фота
Андрэй Гнёт, архіўнае фота

Зьвесткі беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у Бялградзе ў чаканьні рашэньня Вышэйшага суда Сэрбіі аб экстрадыцыі ў Беларусь, выдалілі з сыстэмы Інтэрполу.

Інтэрпол сваім рашэньнем ад 5 жніўня 2024 году задаволіў запыт юрыста Вадзіма Драздова і выдаліў са сваёй Інфармацыйнай сыстэмы зьвесткі беларуса Андрэя Гнёта. Пра гэта Свабодзе паведаміў сам прадстаўнік беларускага рэжысэра ў Інтэрполе юрыст Вадзім Драздоў. Копіі дакумэнтаў Інтэрполу маюцца ў рэдакцыі.

«Гэта значыць, што ніводная краіна больш ня зможа яго затрымаць на запыт Беларусі», — патлумачыў Вадзім Драздоў.

Як распавёў Свабодзе юрыст, ён накіраваў запыт у Інтэрпол аб тым, што экстрадыцыя супярэчыць Канстытуцыі Інтэрполу, 3 лістапада 2023 году, практычна адразу пасьля затрыманьня Андрэя Гнёта.

«Крыху пазьней мы дапоўнілі нашы аргумэнты і ў лютым нас праінфармавалі, што зьвесткі пра Андрэя Гнёта заблякавалі ў сыстэме да прыняцьця канчатковага рашэньня. Звычайна такое рашэньне прымаецца на працягу 9 месяцаў, але ўжо 5 жніўня Генэральны сакратарыят вырашыў задаволіць запыт», — дадаў Вадзім Драздоў.

Раней, паводле юрыста, была атрыманая беспрэцэдэнтная рэакцыя Эўрапейскага суда па правах чалавека (ЭСПЧ) на зьняволеньне Андрэя Гнёта ў Сэрбіі.

«Эўрапейскі Суд па правах чалавека, у адказе, які таксама накіраваны ўраду Сэрбіі, выказаў спадзяваньне, што нават пасьля вынясеньня канчатковага рашэньня аб экстрадыцыі сэрбскімі ўладамі заяўнік ня будзе выдадзены неадкладна, ня маючы магчымасьці падаць новы запыт у адпаведнасьці з Правілам 39 у ЭСПЧ. Гэта сьведчыць аб тым, што праведзена маштабная работа па стварэньні глыбокай і бясспрэчнай стратэгіі і аргумэнтацыі па справе», — падкрэсьліў Вадзім Драздоў.

Як напісаў Свабодзе сам Андрэй Гнёт, «Вадзім Драздоў не зьяўляецца маім адвакатам і/ці законным прадстаўніком пачынаючы з чэрвеня 2024 году. Ён ня мае права ні ад свайго імя, ні ад майго паведамляць інфармацыю любога характару датычна майго кейса, бо яна можа зьяўляцца няпэўнай, не санкцыянаванай мной для публічнага распаўсюджваньня або наносіць мне істотную шкоду».

Вадзім Драздоў у камэнтары для Свабоды пазьней адзначыў, што ягоная «даверанасьць на прадстаўленьне інтарэсаў Андрэя Гнёта ў Інтэрполе, падпісаная 31 кастрычніка 2023 году, адразу на наступны дзень пасля яго затрымання ў аэрапорце Бялграда, застаецца дзейнай да завяршэння працэсу разгляду запытаў, якія былі мной пададзеныя».

Менавіта таму, Інтэрпол даслаў афіцыйны ліст аб прынятым рашэньні прадстаўніку Гнёта, удакладніў юрыст.

Паводле Драздова, што тычыцца аказаньня астатніх юрыдычных паслуг, яго супрацоўніцтва з Гнётам завершанае: «З чэрвеня я заставаўся толькі ягоным прадстаўніком у Інтэрполе. Ні я, ні Інтэрпол не былі апавешчаныя аб тым, што інтарэсы Гнята ў Інтэрполе будзе прадстаўляць іншы адвакат. Таму, што да рашэнняў Інтэрпола, я маю права публічна казаць пра іх. Ніякай асабістай інфармацыі ў дадзеным выпадку не выдаецца".

  • 41-гадовы Гнёт — рэжысэр тэлерэклямы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працаваў зь вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
  • Яго затрымала 30 кастрычніка 2023 году памежная служба Сэрбіі пасьля прылёту ў Бялград, прычына — знаходжаньне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрполу ад 21 верасьня 2023 году.
  • Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што яго перасьледуюць з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальніка SOS.by.
  • 31 траўня 2024 году суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаваньне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае «ў мэтах яго прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў)».
  • Рашэньне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня і падалі апэляцыю.
  • Цяпер рэжысэр знаходзіцца ў Бялградзе пад хатнім арыштам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG