Сытуацыя на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу ў пляне перасячэньня для грамадзян Беларусі ўскладняецца. Каб трапіць у Літву, часам, трэба да 20 гадзін. У Польшчу — больш за 20.
Апоўдні 5 жніўня ў чарзе на памежным пераходзе «Берасьце — Цярэспаль» стаяла 60 аўтобусаў, 430 легкавых аўтамабіляў. На памежным пераходзе зь Літвой «Каменны Лог — Меднікі» — 14 аўтобусаў і 170 легкавых аўтамабіляў. У пункце пропуску «Беняконі — Салечнікі» чарга з 95 легкавікоў. Аўтобусаў не было. На адзіным цяпер памежным пераходзе з Латвіяй на выезьдзе зь Беларусі стаялі 10 легкавікоў і 400 грузавікоў, аўтобусаў таксама не было. Такія дадзеныя Памежнага камітэту Беларусі.
Літва: «У лепшым выпадку аўтобус за гадзіну»
Беларуска, якая праходзіла мяжу ўначы 4 жніўня, на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, як гэта адбывалася. Адпраўленьне ейнага аўтобуса спазьнілася на 2 гадзіны. Па выніку дарога заняла прыблізна 20 гадзін.
«На мяжу прыехалі а 1-й ночы, перад намі было 10 аўтобусаў. Чарга вельмі марудна рухалася, у лепшым выпадку па аўтобусе за гадзіну. Многія не пасьпявалі на самалёт, таму перасаджваліся ў аўтобусы, якія бліжэй да шлягбаўма, але раніцай прыехала транспартная міліцыя і аўтобусы Мінтранса штрафавала, у літоўскіх перавозчыкаў толькі дакумэнты правярала. Пасьля гэтага людзі сталі спадарожкі лавіць, бо кіроўцы больш нікога не хацелі браць», — расказала дзяўчына.
Пасьля абеду ў нядзелю яе аўтобус прайшоў абедзьве мяжы. На літоўскай было пуста, кажа суразмоўца.
Беларус, які нядаўна ехаў зь Беларусі ў Літву, зьвярнуў увагу на тое, што квіткі цяпер набыць цяжка. Гэта варта рабіць за тыдзень.
«Набыць квіток на аўтобус менш як за тыдзень да адпраўленьня вельмі цяжка, кошт іх таксама ўзрастае», — адзначыў суразмоўца.
Яшчэ адна падарожніца ехала зь Вільні ў Менск, аўтобус зь Вільні павінен быў выехаць а 8-й раніцы, але ня выехаў нават па абедзе. Давялося скарыстацца паслугамі іншага перавозчыка.
«Усё становіцца горш і горш. Мы мусілі зьехаць на аўтобусе а 8-й раніцы зь Вільні ў Менск, але ня выехаў аўтобус. Казалі, што ўсе аўтобусы на мяжы стаяць. А 14 гадзіне дня нікуды ня селі яшчэ. Нейкія людзі зьяжджалі зь іншымі перавозчыкамі, дзе былі свабодныя месцы, за грошы. Пасьля і мы падселі да іншага перавозчыка за 55 эўра. На мяжы мы сустрэлі ўсе аўтобусы ўвечары, яны стаялі на літоўскай мяжы. Мы прастаялі 4–5 гадзін на мяжы і праехалі каля 22-й вечара», — расказала Свабодзе суразмоўца.
У выніку для яе дарога заняла таксама прыкладна 20 гадзін. Такі ж час паездкі называюць многія беларусы ў тэматычных чатах, якія прысьвечаныя паездкам зь Беларусі ў Літву і наадварот. Прыкладна пра такі ж час на дарогу пішуць карыстальнікі чатаў, якія рухаюцца на ўласным аўто. Аднак бываюць і шчасьлівыя выключэньні: 10 гадзін у дарозе.
Польшча: чарга амаль два кілямэтры
На памежным пераходзе «Берасьце — Цярэспаль» на мяжы з Польшчай на выходных чарга зь легкавых машын расьцягнулася на 2 кілямэтры. У тэматычных чатах людзі пісалі, што ўся дарога на аўтобусе займае 30 гадзін і болей.
Адна з карыстальніц расказвае, што ейны аўтобус, які выехаў зь Менску а 20 гадзіне вечара, быў на мяжы апоўначы. Толькі падвечар наступнага дня, а 17-й гадзіне, аўтобус даехаў да шлягбаўма памежнага пераходу, а ў 22:50 пачаў рухацца ў бок Варшавы, да якой яшчэ некалькі гадзін. Па выніку — амаль 30 гадзін у дарозе.
Беларуска, якая ехала зь Менску ў Варшаву 31 ліпеня, расказала Свабодзе, што дарога заняла 22 гадзіны. І тое толькі таму, што ўдалося перасесьці ў аўтобус, які быў бліжэй да мяжы. А каштавала гэта 140 рублёў (40 эўра).
Ёсьць падарожнікі, якім шанцуе болей і мяжу ўдаецца прайсьці за 20 гадзін і нават менш: мяжа — 10 гадзін, астатняе на дарогу.
Латвія: «Мяжа — 4 гадзіны»
З 16 ліпеня ў Латвію нельга заехаць на машынах зь беларускімі нумарамі. У верасьні ўлады гэтай краіны могуць перагледзець забарону. Праезд праз гэтую мяжу, у параўнаньні зь іншымі суседзямі Беларусі зь ліку краін ЭЗ, — адзін з самых хуткіх.
Карыстальнікі тэматычных чатаў пра мяжу пішуць, што мяжа праходзіцца за 4–6 гадзін.
«У беларусаў поўны кантроль усіх машын, рэчаў, чамаданаў, усё паказаць, усё дастаць, кожная торба, кожны куток, чарга на мытнае афармленьне, незразумела, хто каторы ў чарзе — бедныя памежнікі. Удваіх адначасова афармляюць і глядзяць машыны», — напісаў адзін з падарожнікаў.
З 16 жніўня беларусы больш ня змогуць прыяжджаць у Літву на машынах зь беларускімі нумарамі, калі ня будзе зьменаў у заканадаўстве. Такую забарону ўвялі яшчэ з 18 ліпеня, але зрабілі выключэньне на месяц, калі на машыне едзе ўладальнік і яна завозіцца не для продажу. Польшча такіх абмежаваньняў пакуль ня ўводзіла. Латвія ўвяла забарону з 16 ліпеня, але гэтую меру абяцаюць перагледзець.
Форум