Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Чхо Сон Хуэй абмеркавалі «увесь блёк двухбаковых пытаньняў і дамовіліся аб канкрэтных захадах па інтэнсыфікацыі ўзаемных кантактаў на розных узроўнях.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы МЗС Беларусі, бакі дамовіліся аб разьвіцьці дагаворна-прававой базы і актывізацыі ўзаемадзеяньня паміж замежнапалітычнымі ведамствамі дзьвюх краін.
«Міністры канстатавалі супадзеньне пазыцый і пагадзіліся працягваць супольныя намаганьні ў мэтах прасоўваньня да справядлівага шматпалярнага сьвету», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
МЗС Беларусі і КНДР дамовіліся ўзаемадзейнічаць у міжнародных арганізацыях, а таксама абмеркавалі «сытуацыю ў сфэры глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі».
Чхо Сон Хуэй выказала падтрымку намаганьняў Беларусі «ў супрацьстаяньні незаконным санкцыям і абмежаваньням з боку групы заходніх дзяржаў».
На перамовах зь міністрам замежнаэканамічных сувязяў КНДР абмеркавалі эканамічнае супрацоўніцтва ў сфэрах, «неабмежаваных рашэньнямі Рады Бясьпекі ААН». Сярод такіх кірункаў назвалі пытаньні харчовай бясьпекі, адукацыі, аховы здароўя.
Прэсавая служба МЗС Беларусі паведаміла, што ў складзе беларускай дэлегацыі знаходзяцца першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Бахановіч, першы намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, намесьнік міністра аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў і намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Вадзім Шагойка.
Беларусь і КНДР дамовіліся правесьці сёлета чарговае пасяджэньне камісіі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Форум