Энэргетыкі будуць загадзя ўстараняць дрэвы, якія могуць упасьці на лініі электраперадачы. Пра гэта расказаў намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства энэргетыкі.
Пакуль гэтую практыку ўводзяць у Гомельскай вобласьці. У час такіх работ будуць адключаць сьвятло ў жылых дамах.
«Насельніцтва будуць інфармаваць пра часовыя адключэньні электразабесьпячэньня ў выпадку ліквідацыі дрэў, якія пагражаюць падзеньнем на лініі электраперадачы ў Гомельскай вобласьці», — расказалі энэргетыкі.
Адмыслоўцы лічаць, што ліквідацыя такіх дрэў дасьць магчымасьць павысіць надзейнасьць работы электрасетак перш за ўсё ў час бураў і ўраганаў.
Мароз заявіў, што энэргетыкі на Гомельшчыне дадаткова праводзяць абходы на лініях электраперадачы і шукаюць «небясьпечныя» дрэвы.
Сёньня Міністэрства энэргетыкі заявіла, што пацярпелыя ад буры населеныя пункты Гомельшчыны, засілкаваныя ад дызэль-генэратарных установак, пераводзяцца ў штатны рэжым электразабесьпячэньня. Дызэль-генэратары пакуль яшчэ працуюць у 61 населеным пункце рэгіёну.
Форум