Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Гісторыя Беларусі да Вялікага Княства Літоўскага абсалютна ня зводзіцца, — Аляксандар Груша


Фотакаляж. Аляксандар Груша (справа).
Фотакаляж. Аляксандар Груша (справа).

Ці можна ў гісторыі Беларусі аддзяляць Русь ад Літвы? Беларусы — гэта нашчадкі літвінаў ці русінаў? Ці сапраўды назва «Беларусь» пазбаўляе беларусаў права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з доктарам гістарычных навук, супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Аляксандрам Грушам.

0:00 — ці сапраўды беларусы, гэта нашчадкі і русінаў, і літвінаў

5:36 — як быць зь літвінізмам

12:02 — ці сапраўды назва «Беларусь» пазбаўляе беларусаў права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага

16:13 — чаму ўсе беларусы павінны ведаць гісторыю

21:22 — ці сапраўды прысутнасьць у назьве краіны слова «Русь» навечна прывязвае беларусаў да Расеі

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Грушам:

— Ці згодны вы з тэзісам, які ня раз на нашым канале агучвалі розныя гісторыкі, што сучасныя беларусы — гэта нашчадкі і літвінаў, і русінаў, і што нельга ў гісторыі Беларусі аддзяліць Русь ад Літвы?

— Згодзен, але толькі часткова. У пляне генэтыкі відавочна, што сярод сучасных беларусаў вельмі шмат нашчадкаў літвінаў, хоць бы таму, што тады, калі не існавала нейкай палітычнай мяжы паміж Русьсю і Літвой, было вельмі актыўнае ўзаемадзеяньне, вельмі актыўны культурны і іншы абмен. Таму беларусы маюць у сваёй культуры сапраўды нешта і ад літвінаў.

Але я б дадаў, што сучасныя беларусы — гэта таксама нашчадкі хіба што ўсіх эўрапейскіх народаў у большай ці меншай ступені, і нават ня толькі эўрапейскіх. Справа ў тым, што калі мы гаворым пра беларусаў як пра прадстаўнікоў нацыі, то гэты момант — і асобна ўзятых беларусаў, і беларусаў як народу, нацыі — трэба разглядаць, хутчэй за ўсё, менавіта ў культурных катэгорыях. Таму што для мяне, у прыватнасьці (а маю думку можна падзяляць ці не падзяляць), народ і нацыя вымяраюцца найперш у культурным вымярэньні. Гэта ў першую чаргу нейкая пэўная культура.

У адной з нашых папярэдніх гутарках я казаў, што разглядаю культуру як нейкае камфортнае асяродзьдзе, у якім супольнасьць або індывіды могуць рэалізаваць саміх сябе.

Калі казаць пра канкрэтныя складовыя культуры, то сюды мы ўключым пэўныя ўяўленьні пра тое, што павінна быць правільным, што мае быць і што ня мае быць, гэта сьвет ідэй, нейкія бакі сьветапогляду, нейкія патрэбы, чаканьні і г. д. Вось гэта і ёсьць народ, гэта і ёсьць нацыя.

Я думаю, што многія зь беларусаў, якія знаходзяцца за межамі сваёй краіны ня ў якасьці турыстаў, але жывуць там поўным жыцьцём, цудоўна разумеюць, у чым адрозьненьне паміж імі як носьбітамі пэўнай культуры — і носьбітамі іншай культуры, сярод якіх яны знаходзяцца.

Калі адказваць канкрэтна на пытаньне, ці можна падзяляць гісторыю Літвы і гісторыю Беларусі, то я думаю, што ня толькі можна, але нават і трэба. Давайце паглядзім на цяперашнюю рэальнасьць. Ёсьць сучасная Літва, ёсьць сучасная Беларусь, ёсьць сучасная Ўкраіна. Калі гэтыя палітычныя і нацыянальныя ўтварэньні ўзьніклі, значыць, яны ўзьніклі ў сілу нейкіх гістарычных абставінаў.

Калі мы шукаем крыніцы нашага народу, нашай нацыі, то мы павінны знайсьці лініі пераемнасьці паміж нашай культурай, нават тымі асобнымі культурамі, якія прывялі да нашага сучаснага нацыянальнага ўтварэньня. Таму мы, у першую чаргу як носьбіты пэўнай культуры, беларускай культуры (у дадзеным выпадку я вызначаю культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова), павінны зразумець, хто мы такія і якая гісторыя нашай культуры.

Тое, што мы адрозьніваемся ад літоўцаў і ўкраінцаў, гэта факт. Гэта значыць, што недзе ў гісторыі было цеснае ўзаемадзеяньне, недзе яго не было. У канчатковым выніку ў гістарычным пляне мы прыйшлі да таго, што мы, як народы існуем асобна, мы зьяўляемся самабытнымі народамі. Таму ў першую чаргу мы павінны зразумець, як мы сталі такімі, якімі мы ёсьць.

Так, былі моманты ўзаемадзеяньня, але культура — у яе зусім іншыя заканамернасьці разьвіцьця. Таму абсалютна нельга зводзіць культуру, як і паняцьце «народ», да мэханічнага злучэньня нашчадкаў розных народаў, у тым ліку Беларусі і Літвы.

Так што я б адказаў на гэтае пытаньне такім чынам: мы розныя, але мы павінны высьветліць, як мы сталі рознымі, як мы сталі такімі, якімі ёсьць насамрэч.

— Прыхільнікі літвінізму не без падстаў сьцьвярджаюць, што назвы «Беларусь» і «беларусы» пазбаўляюць беларусаў права на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Што б вы як гісторык ім адказалі?

— Справа ў тым, што ў гісторыі беларусаў усё ж, апрача пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага, ёсьць і іншыя пэрыяды.

Возьмем, напрыклад, Полацкую зямлю або іншыя палітычныя ўтварэньні на тэрыторыі Беларусі. Яны існавалі тады, калі яшчэ не было Вялікага Княства Літоўскага. Урэшце, давайце ўспомнім той факт, што тая Літва, якая стварыла новую дзяржаўнасьць у сваіх межах, у межах сучасных Беларусі і Ўкраіны, а таксама часткова і Расеі, яна плаціла даніну тым палітычным утварэньням, якія раней узьніклі на гэтых землях і паміж якімі і сучаснымі беларусамі ёсьць простая пераемнасьць. Я маю на ўвазе найперш Полацкую зямлю.

А як быць, дапусьцім, з пэрыядам нацыянальнага адраджэньня ў 20-х гадах ХХ стагодзьдзя, калі назва «Беларусь» зацьвердзілася? Хіба гэта не гісторыя Беларусі? Не, гэта гісторыя Беларусі. Наша гісторыя значна багацейшая, чым проста нейкі пэрыяд, хай сабе і вельмі значны, нават велічны. Але, тым ня менш, да Вялікага Княства Літоўскага гісторыя Беларусі і гісторыя беларусаў абсалютна ня зводзіцца.

А калі гаварыць пра назву... Ведаеце, гэта такая ўзроставая псыхалёгія. Некалі ў дзяцінстве мы шукалі гістарычных пэрсанажаў, якія насілі тое імя, якое носіш ты, і ўяўлялі сябе Аляксандрам Неўскім ці Аляксандрам Македонскім. Але гэта ўсё праходзіць. Гэтаксама пройдзе і ў тым, што можна назваць нашым сумесным пошукам сваіх вытокаў. Ня варта надаваць назьве нагэтулькі вялікае значэньне — гэта ўсяго толькі назва.

Ну, напрыклад, як назва сучаснай Украіны пазбаўляе ўкраінцаў права на спадчыну Кіеўскай Русі? Між тым нават сама назва «Русь» прыйшла з тэрыторыі сучаснай Украіны. Русьсю называўся вузкі рэгіён, які ўключаў у сябе Кіеў, Чарнігаў, Пераяслаў. Пасьля гэтая назва распаўсюдзілася на іншыя рэгіёны. Але я ня чуў, каб украінцы спрабавалі зьмяніць сваю назву, для таго каб не забіць спадчыну Кіеўскай Русі. Яны і так яе не забываюць і лічацца з тым фактам.

Пытаньне ня ў назьве, пытаньне ў веданьні гісторыі, ня больш за тое.

Беларусь — вызначальная частка ў гэтым слове нават ня «белая», а «Русь». «Русь» — гэта гістарычнае найменьне беларускага народу. Мы тут ужо шмат гаварылі аб Русі і аб тым, дзе яна была, ці называўся Полацак Русьсю, ці называліся задзьвінскія ці задняпроўскія рэгіёны Русьсю? Так, называліся. Прычым яны сталі так называцца дастаткова рана. Прынамсі адносна Полацку мы можам казаць, што Русьсю і русінамі палачан называлі ўжо ў ХІІІ стагодзьдзі. Гэта гістарычнае найменьне, і мы павінны з павагай ставіцца да любога гістарычнага найменьня нашага народу.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Ці можна ў гісторыі Беларусі аддзяляць Русь ад Літвы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:27:52 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG