Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абыход санкцый польскія кампаніі аштрафаваныя на 5,3 млн даляраў


Сьцягі Польшчы і Эўразьвязу
Сьцягі Польшчы і Эўразьвязу

З пачатку году мытныя і падатковыя органы Польшчы распачалі 51 справу супраць кампаній, якія не выконваюць эўрапейскія і нацыянальныя санкцыі ў гандлі зь Беларусьсю і Расеяй, паведамляе тэлекампанія TVP з спасылкай на зьвесткі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА).

Агулам вынесена 37 рашэньняў, у тым ліку 24 — аб накладаньні штрафаў на агульную суму больш за 20,8 млн злотых (больш за 5,3 млн даляраў паводле бягучага курсу Нацбанку Польшчы).

Удакладняецца, што за абыход санкцый, у прыватнасьці за продаж у Расеі аўтамабіляў прэміюм-клясы, спагнаньні накладзеныя на шэсьць польскіх кампаній.

У публікацыі падкрэсьліваецца, што ў дачыненьні да такіх кампаній могуць быць ужытыя розныя санкцыі, у тым ліку «замарожваньне ўсіх фінансавых і эканамічных рэсурсаў», выключэньне зь ліку ўдзельнікаў тэндэраў, замежным заснавальнікам юрыдычных асоб могуць забараніць уезд у Польшчу.

10 ліпеня паведамлялася, што Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы на патрабаваньне падатковых службаў краіны замарозіла актывы і ўвяло забарону на дзейнасьць польскай кампаніі Tradeservice, заснаванай грамадзянамі Беларусі Аляксандрам Дубінам і Юрыем Шпілеўскім, за садзейнічаньне абыходу санкцый ЭЗ у дачыненьні да Расеі.

Таксама адзначалася, што санкцый супраць Расеі дапамагала пазьбягаць і створаная ў жніўні 2022 году варшаўская кампанія Rs Pro, якая экспартуе ў Расею тавары падвойнага прызначэньня і высокатэхналягічную прадукцыю праз арганізацыі з Азэрбайджану і Ганконгу.

На гэтыя тавары накладзенае эмбарга, бо яны выкарыстоўваюцца ў расейскіх вайсковых сыстэмах, выяўленых на полі бою ва Ўкраіне. Да сёлетняга красавіка кампанія належала Ірыне і Андрэю Рыбак, цяперашнія яе ўладальнікі — Ільля і Юлія Немчанка. Апошнія двое не паказваюць свайго грамадзянства ў Нацыянальным судовым рэестры, аднак, зыходзячы з напісаньня імёнаў (Illia і Yuliya Nemchanka), гэта таксама грамадзяне Беларусі.

Адзначалася, што перасьлед кампаній, якія абыходзяць абмежаваньні Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі і Беларусі, — вынік паправак да шэрагу законаў, якія былі ўнесеныя сёлета ўсімі краінамі ЭЗ, уключаючы Польшчу. У адпаведнасьці зь імі НПА атрымала новыя паўнамоцтвы, у тым ліку па адсочваньні месцазнаходжаньня задэкляраваных тавараў, вывезеных з краіны.

Цяпер прадпрымальнікі павінны гарантаваць мытным органам, што экспартаваныя імі тавары, якія ідуць транзытам праз Расею ці Беларусь, не падлягаюць рэалізацыі ў гэтых краінах. Мытныя і падатковыя органы могуць сканфіскаваць тавары, якія парушаюць палажэньні санкцый, і запатрабаваць іх канфіскацыі ў Дзяржаўнае казначэйства, а кіраўнік НПА — накласьці штраф у памеры да 20 млн злотых (каля 5 млн даляраў ЗША) за невыкананьне абмежаваньняў.

29 чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз прыняў новы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі. Сьпіс тавараў, забароненых у адпаведнасьці зь ім да паставак з ЭЗ у Беларусь, утрымлівае некалькі сотняў пазыцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG