У Белгарадзкай вобласьці РФ з 23 ліпеня абмяжуюць уезд у 14 населеных пунктаў, дзе «апэратыўная сытуацыя вельмі складаная», паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.
Гаворка ідзе пра 14 вёсак, хутароў і пасёлкаў, разьмешчаных каля мяжы з Украінай у Белгарадзкім, Барысаўскім і Краснаярускім раёнах, а таксама ў Грайваронскай і Шабекінскай гарадзкіх акругах.
На ўездах у іх установяць кантрольна-прапускныя пункты, дзе будуць знаходзіцца сілавікі. Уяжджаць у гэтыя населеныя пункты будзе дазволена толькі пасьля падачы заяўкі кіраўнікам паселішчаў ці муніцыпалітэтаў.
«Прапускаць будзем толькі дарослых мужчын паводле жорсткага рэглямэнту: у браняваным аўтамабілі з РЭБам, у сродках індывідуальнай абароны — бронекамізэльцы і касцы — і ў суправаджэньні вайскоўцаў і прадстаўнікоў муніцыпалітэтаў, у тым ліку самаабароны», — паведаміў Гладкоў, адзначыўшы, што жанчын пускаць у гэтыя населеныя пункты «недапушчальна».
Пакінутыя жыхарамі дамы будуць ахоўваць сілы Мінабароны Расеі «адпадведна ўзгодненаму парадку і графіку». Жыхарам сёлаў, якія выехалі з дамоў, улады абяцаюць штомесяц выдаваць на арэнду жыльля па 10 тысяч рублёў звычайным сем’ям і 15 тысяч рублёў — шматдзетным.
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў Белгарадзкай вобласьці, сьцьвярджае Гладкоў, загінулі больш за 200 чалавек, сама меней 1100 чалавек атрымалі раненьні. Больш за 2 тысячы чалавек пераехалі ў пункты часовага разьмяшчэньня.
- Белгарадзкая, Курская і Бранская вобласьці Расеі рэгулярна трапляюць пад абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў з боку Украіны.
- «Вёрстка» раней пісала, што з 2022 году тэрыторыя Расеі больш за 4200 разоў трапляла пад абстрэлы і атакі. Узброеныя сілы Ўкраіны б'юць па рэгіёнах Расеі ў адказ на бесьперапынныя ўдары Расеі па ўкраінскай тэрыторыі. Больш за ўсё ад атак пацярпела Белгарадзкая вобласьць Расеі: з чэрвеня 2023 году рэгіён кожны месяц у сярэднім атакуюць па 300-400 разоў.
Форум