Зварот накіраваны прэм’ер-міністру Дональду Туску, міністру замежных спраў Радославу Сікорскаму, сьпікеру Сэйму Шымону Галоўню, ліквідатару TVP S.A. Даніэлю Гаргашу (з канца мінулага году кампанія знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі юрыдычнай асобы) і дырэктару TVP Томашу Сыгуту.
«Мы ведаем і бачым, што цяпер адбываюцца незваротныя працэсы, якія вядуць да зьнішчэньня і ліквідацыі флягманскага польскага праекту мяккай сілы на Ўсходзе, — гаворыцца ў дакумэнце. — Як калектыў мы ня можам гэтага дапусьціць. Таму мы настойліва зьвяртаемся да вас з просьбай прыслухацца да нашага голасу і не зьнішчаць «Белсат».
У лісьце адзначаецца, што дзякуючы польскай дзяржаве і працы каманды было створана «найважнейшае для беларусаў незалежнае ад Лукашэнкі тэлебачаньне, якое зь цягам часу пашырыла сваю дзейнасьць на ўсю постсавецкую прастору і стала адным зь вядучых СМІ, якія супрацьстаяць Крамлю». Мэдыя «шырока прадстаўляе сытуацыю на Ўсходзе і для польскай аўдыторыі».
У звароце падкрэсьліваецца, што ў самыя цяжкія моманты журналісты кампаніі «заставаліся незалежнымі і расказвалі пра падзеі ў Польшчы аб’ектыўна, без прапаганды».
Супрацоўнікі каналу разьлічваюць «на ўзаемнасьць» — на незалежнасьць каналу і «кансэнсус у гэтай справе, незалежна ад палітычных падзелаў». Для калектыву «Белсат» — гэта «ня толькі месца працы», але і «важная місія», ідэя, у якую ён верыць і дзеля якой працуе.
«Таму 17 супрацоўнікаў каналу знаходзяцца ў турмах дыктатара Лукашэнкі, — гаворыцца ў дакумэнце. — Таму нашы карэспандэнты кожны дзень на перадавой ва Ўкраіне і рызыкуюць жыцьцём. Таму яго цэняць мільёны гледачоў, а „Белсат“ зьяўляецца самым папулярным прадуктам TVP у сацыяльных сетках і мае самы папулярны ютуб-канал сярод усіх каналаў Польскага тэлебачаньня. <...> Мы — унікальная вітрына польскай дзяржавы і інструмэнт, якога баяцца дыктатары; забароненая, але дзейсная крыніца праўды для жыхароў Беларусі і Расеі. Вынікі нашай працы цікавяць ня толькі гледачоў, але і палякаў, якіх усходнія суседзі ўспрымаюць як сяброў і саюзьнікаў».
Крыніца ў «Белсаце» паведаміла, што кіраўніцтва TVP разам з МЗС Польшчы вырашылі правесьці «глыбокую рэформу некаторых праектаў публічнага тэлебачаньня». Паводле яе інфармацыі, з англамоўнага праекту TVP World і «Белсату» плянуецца стварыць адну структуру. Апошні зьнікне з кабэльных сетак Украіны, Літвы, Польшчы, заплянавана спыніць спадарожнікавую трансьляцыю. Працягласьць беларускага этэру зьменшыцца ў тры разы, этэрны час будзе падзелены паміж беларускай, расейскай і ўкраінскай рэдакцыямі новай структуры. На практыцы гэта азначае, што «беларуская аўдыторыя губляе свой самастойны беларускі тэлеканал», адзначыла крыніца.
Працягнуць падтрымку «ўнікальнага тэлеканалу „Белсат“ і захаваць яго незалежнасьць» заклікала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская — падчас сустрэчы зь Сікорскім 10 ліпеня на палях саміту NATO ў Вашынгтоне.
- 4 ліпеня паведамлялася, што «Белсат» плянуецца ўключыць у склад новай мэдыяструктуры, якая ствараецца на базе Польскага грамадзкага вяшчаньня (TVP) — Цэнтру замежных праграмаў (ЦЗП). Мяркуецца, што ў склад ЦЗП увойдуць таксама расейскі канал «Вот Так» і «ўкраінская рэдакцыя», якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 году. Кіраваць Цэнтрам замежных праграмаў будзе TVP World.
Форум