Паводле сайту katolik.life, вернікам перадалі толькі, што ён у зьнясіленым стане і за два месяцы ўпершыню змог прыняць душ.
Таксама сайт паведамляе, што вернікі парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне штодзень моляцца за свайго пробашча і спрабуюць выкарыстоўваюць усе даступныя спосабы дапамагчы яму.
Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, хадайнічаюць перад органамі сьледзтва і пракуратуры, каб яго выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, але там адказалі, што ня могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.
Вернікі дагэтуль ня ведаюць, у чым менавіта і па якім артыкуле абвінавачваюць іх пробашча — гэта тлумачаць таямніцай сьледзтва. У сьвятара ёсьць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, бо вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошваньні.
Затрымалі па дарозе ў Польшчу
Айца Анджэя Юхневіча затрымалі сёлета 8 траўня. У гэты час ён ехаў у Польшчу на сустрэчу настаяцеляў-аблятаў. Гэта адбылося пасьля сустрэчы сьвятароў і манашак Віцебскай дыяцэзіі, якая праходзіла ў Шуміліне. Там сабраліся дзясяткі чалавек, у тым ліку біскуп Алег Буткевіч. У той жа дзень у Шуміліне затрымалі яшчэ аднаго сьвятара і манаха таго ж ордэну, айца Паўла Лемеха, які таксама працаваў у пасёлку.
Курыя Віцебскай дыяцэзіі праз тыдзень пацьвердзіла арышт манахаў і заклікала маліцца за іх. Манахі-абляты з Польшчы называлі прычынай затрыманьня «dywersyjną działalność». Гэты выраз можна перакласьці ня толькі як «дывэрсійная дзейнасьць», але і як «экстрэмісцкая». Пасьля 15 дзён арышту айцец Павал выйшаў на волю.
Айца Анджэя Юхневіча судзілі агулам чатыры разы па адміністрацыйных справах. Ён правёў пад арыштам каля двух месяцаў у Віцебскім ІЧУ. Гэта самы доўгі тэрмін сярод усіх беларускіх каталіцкіх сьвятароў, якія траплялі пад адміністрацыйны арышт (найдаўжэй пад адміністрацыйным арыштам прабыў праваслаўны сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў — больш за 100 дзён).
Зь перадач айцу Юхневічу ў ІЧУ дазвалялі толькі лекі. Потым стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і адправілі ў СІЗА. Падстава для крымінальнай справы невядомая. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
- Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.
- На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоных жонку і сына. Восем месяцаў застаецца за кратамі цяжка хворы ксёндз Генрых Акалатовіч з Валожына. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дэталі справы невядомыя. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён “пракаціў” на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.
- Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед з 2020 году, у тым ліку ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў працаваў у Паставах і пабудаваў там касьцёл. Таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.
- Улады Лукашэнкі зьнішчылі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, а будынак, прыстасаваны да малітваў, разбурылі. Пасьля таямнічага начнога лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл, сымбаль каталікоў і візытоўку Менску.
Форум