Самы хуткі шлях: 600 эўра і 2,5 года
Беларусы за мяжой больш ня могуць зрабіць новы беларускі пашпарт, калі ў старога скончыўся тэрмін дзеяньня, бо Лукашэнка памяняў заканадаўства. Праект «пашпарта Новай Беларусі» таксама пакуль не рэалізаваны. Каб мець асабістыя дакумэнты, найперш каб падарожнічаць, беларусам у эміграцыі давядзецца атрымліваць грамадзянства іншых краін.
Беларус Янка* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў, як ідзе да польскага грамадзянства (ён яшчэ ў працэсе). Мужчына выехаў зь Беларусі ў Грузію ў канцы 2021 году ад палітычнага перасьледу.
У Янкі была на той момант шэнгенская віза. Але ў Грузіі ён падаўся на гуманітарную польскую, каб разам зь ёй атрымаць права працаваць. Прадставіў доказы свайго перасьледу ў Беларусі, і яму зрабілі гуманітарную візу пры дзейнай шэнгенскай. Ад падачы дакумэнтаў да атрыманьня візы прайшло два тыдні.
У пачатку 2022 году Янка пераехаў у Польшчу. Некалькі месяцаў ён «разглядаўся», думаў, што рабіць далей. У траўні 2022 году падаў дакумэнты на дазвол на сталае пражываньне праз польскія карані. Ён ня меў «карты паляка», але адзін з бацькоў меў гэтую нацыянальнасьць. Каб пацьвердзіць гэта, дастаткова было ягонага пасьведчаньня аб нараджэньні, выдадзенага ў савецкі час, дзе была пазначаная нацыянальнасьць бацькоў.
У пачатку 2023 году ён атрымаў станоўчае рашэньне і дазвол на сталае жыхарства. Роўна праз год беларус меў права падавацца на польскае грамадзянства. Але ён зноў прапусьціў некалькі месяцаў і падаў дакумэнты толькі ўлетку.
Янка падзяліўся лайфхакам. Ён даведаўся, што запісацца на падачу дакумэнтаў на грамадзянства ў Падляскім ваяводзтве, дзе ён жыве, можна было толькі на тэрмін праз год — такая чарга. Запісвацца на падачу дакумэнтаў можна, толькі калі міне год пасьля атрыманьня сталага дазволу на жыхарства, не раней. Мужчына вырашыў даслаць дакумэнты поштай. Дзеля гэтага ўсе дакумэнты трэба заверыць у натарыюса. Праз два дні яму прыйшоў адказ, што ягонай справе далі нумар, пачалі разгляд. На гэта, паводле працэдуры, павінна пайсьці 3 месяцы.
Янка падсумоўвае, што ў яго на ўвесь працэс пайшло 2,5 года, але працэдура яшчэ ня скончаная. За гэты час ён патраціў на афармленьне дакумэнтаў, у тым ліку, пераклады, засьведчаньне ў натарыюса, абавязковыя зборы — каля 600 эўра. Ён яшчэ чакае разгляду справы і рашэньня наконт польскага грамадзянства.
Расказваем, на якіх умовах беларусы могуць атрымаць грамадзянства некаторых краін.
Польшча
- «Карта паляка» або польскія карані
Гэта, напэўна, самы хуткі спосаб для беларуса атрымаць пашпарт іншай краіны.
Умовы:
Адзін год пражыць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае пражываньне. Гэты дазвол чалавек мусіць атрымаць праз «карту паляка» або праз польскія карані.
На «карту паляка» могуць прэтэндаваць беларусы, у якіх бацькі, або дзяды/бабкі, або прадзеды/прабабкі былі палякамі з нацыянальнасьці і ў іх захаваліся адпаведныя дакумэнты пра гэта. Атрымаць «карту паляка» цяпер можна толькі ў Польшчы (ва ўсіх ваяводзтвах) пасьля экзамэну. У Беларусі яе перасталі выдаваць з 2020 году. У некаторых выпадках яе могуць даць людзям бяз польскіх каранёў, але якія працавалі на карысьць Polonii (палякаў за мяжой).
Атрымаць дазвол на жыхарства можна і толькі «праз карані», прапусьціўшы этап «карты паляка». Трэба падаць адпаведныя дакумэнты пра сваіх польскіх продкаў і прайсьці гутарку. Адмоваў пры гэтай працэдуры больш, чым калі чалавек падаецца праз «карту паляка».
- Статус уцекача або міжнародная абарона
Умовы:
Два гады пражыць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае пражываньне. Гэты дазвол чалавек мусіць атрымаць праз статус уцекача або міжнародную абарону. Перад гэтым трэба атрымаць уласна міжнародную абарону. Дзеля гэтага ён мусіць давесьці, што на радзіме яму пагражае небясьпека. Стандартны тэрмін разгляду такіх заяваў у Польшчы — 6 месяцаў, але ў рэальнасьці ён можа быць даўжэйшым, бо яго могуць працягваць.
- Шлюб
Умовы:
1) Два гады пражыць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае жыхарства.
2) Тры гады знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы.
- Асоба без грамадзянства
Умовы:
1) Два гады пражыць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае жыхарства.
2) Ня мець ніякага грамадзянства.
- Даход і жытло
Умовы:
1) Тры гады пражыць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае пражываньне.
2) Мець у Польшчы стабільны і рэгулярны даход і юрыдычнае права на жытло.
Асобныя правілы дзейнічаюць для дзяцей. Дзеці залежаць ад бацькоў у гэтым пытаньні.
Ва ўсіх сытуацыях таксама неабходна паказаць валоданьне польскай мовай на ўзроўні В1. Дзеля гэтага можна здаць іспыт з пісьмовай і вуснай частак. Яго ладзяць у розных гарадах Польшчы чатыры разы на год. Можна пацьвердзіць веданьне мовы без экзамэну. Тады трэба скончыць адну з польскамоўных навучальных установаў, прыкладам школу або ўнівэрсытэт.
Дакумэнты падаюць ваяводу — галоўнаму ў ваяводзтве (аналяг вобласьці ў Беларусі). Рашэньне, даць ці ня даць грамадзянства, прымае прэзыдэнт Польшчы. Ён не абмежаваны ніякімі тэрмінамі ці ўмовамі.
Цэны:
Моўны экзамэн — 150 эўра.
Падаць дакумэнты на грамадзянства — 360 эўра.
Атрымаць рашэньне — каля 50 эўра.
Літва
- 10 гадоў жыцьця ў Літве
Умовы:
1) Апошнія 10 гадоў бесьперапынна і легальна жыць у Літве.
2) На момант падачы дакумэнтаў мець права жыць у Літве.
3) Здаць экзамэн на веданьне літоўскай мовы на І катэгорыю: пісьмовы тэст і гутарка. Яго ладзяць 6 разоў на год.
4) Здаць экзамэн з асноваў Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі. Яго таксама ладзяць 6 разоў на год.
5) Мець законную крыніцу сродкаў для існаваньня.
6) Ня мець іншага грамадзянства або страціць яго/адмовіцца ад яго, калі яно ёсьць.
- Шлюб
Калі беларус возьме шлюб з грамадзянінам Літвы, то яму або ёй неабходна пражыць у Літве 7 гадоў, перш чым прасіць грамадзянства. Іншыя ўмовы застаюцца такімі ж.
- Аднаўленьне літоўскага грамадзянства
Умовы:
Сам беларус або ягоныя продкі (бацькі, дзяды/бабкі, прадзеды/прабабкі) былі грамадзянамі Літвы да 15 чэрвеня 1940 году. Гэты факт трэба пацьвердзіць адпаведнымі дакумэнтамі, напрыклад пашпартамі таго часу або дакумэнтамі аб дзяржаўнай службе ў Літве ці службе ў літоўскім войску на той час.
- Спрошчаны парадак
Умовы:
Мець літоўскае паходжаньне. Гэта значыць, каб бацькі або дзяды/бабкі вызнавалі сябе літоўцамі з нацыянальнасьці. Гэта трэба пацьвердзіць адпаведнымі дакумэнтамі. Таксама патрэбна заява, што сам чалавек лічыць сябе літоўцам.
Заявы аб прыёме ў літоўскае грамадзянства разглядае Камісія ў справах грамадзянства. Рашэньне аб аднаўленьні літоўскага грамадзянства прымае міністар унутраных справаў Літвы. Указ аб наданьні літоўскага грамадзянства падпісвае прэзыдэнт Літвы.
Цэны:
Дзяржаўны збор — 62 эўра.
Экзамэн літоўскай мовы — 240 эўра.
Чэхія
Умовы:
1) У чалавека ёсьць сталы дазвол на жыхарства ў Чэхіі.
2) Бесьперапыннае жыцьцё ў Чэхіі цягам апошніх 5 гадоў са сталым дазволам на жыхарства або бесьперапыннае жыцьцё ў Чэхіі цягам 10 гадоў са статусамі часовага і пастаяннага дазволаў на жыхарства разам.
3) Адсутнасьць судзімасьці за злачынствы.
4) Здача іспыту на веданьне чэскай мовы або навучаньне ў чэскамоўных школах або ВНУ ня менш за 3 гады.
5) Веданьне заканадаўства Чэхіі, гісторыі, геаграфіі, сацыяльна-культурных пытаньняў.
6) Адсутнасьць запазычанасьцяў у сацыяльных выплатах, падатках, мэдыцынскім або пэнсійным страхаваньні, алімэнтах і іншых.
7) Пасьля станоўчага рашэньня аб выдачы чэскага грамадзянства чалавек мае скласьці прысягу Чэскай дзяржаве.
Цэны:
Збор за наданьне чэскага грамадзянства — каля 80 эўра.
Экзамэн на веданьне чэскай мовы — каля 150 эўра.
Грузія
- 10 гадоў жыцьця ў Грузіі
Умовы:
1) 10 гадоў пражыць у Грузіі.
2) Пацьвердзіць веданьне грузінскай мовы, гісторыі і асноўных законаў. Экзамэн праходзіць у электронным выглядзе цягам адной гадзіны.
3) Даказаць фінансавую забясьпечанасьць: працоўны кантракт або нерухомасьць ва ўласнасьці.
- Шлюб
1) 5 гадоў пражыць у Грузіі.
2) Пацьвердзіць веданьне грузінскай мовы, гісторыі і асноўных законаў.
3) Даказаць фінансавую забясьпечанасьць: працоўны кантракт або нерухомасьць ва ўласнасьці.
- Рэпатрыяцыя
Умовы:
1) Сам чалавек або ягоныя продкі пражывалі на акупаваных тэрыторыях Грузіі.
2) Іх прымусова перасялілі, прыкладам у савецкі час.
3) Чалавек эміграваў праз палітычныя перакананьні або празь цяжкое сацыяльна-эканамічнае становішча.
- Спорт, навука, культура
Умовы:
трэба мець дасягненьні ў спорце, або навуцы, або культуры, і хацець прадстаўляць Грузію. Такі іншаземец можа атрымаць грузінскае грамадзянства ў выключным парадку.
- Нарадзіўся ў Грузіі
Умовы:
Калі чалавек нарадзіўся ў Грузіі да 31 сакавіка 1993 году, ён можа атрымаць грузінскае грамадзянства ў асаблівым парадку. Яму трэба здаць экзамэн на веданьне грузінскай мовы, гісторыі, права.
- Інвэстыцыі
Умовы:
Спачатку атрымаць дазвол на жыхарства праз інвэстыцыі.
Ад 100 тысяч даляраў у нерухомасьць — інвэстар можа атрымаць дазвол на жыхарства на 1 год. Падаўжаць можна 12 гадоў.
Ад 300 тысяч даляраў у нерухомасьць або бізнэс — дазвол на жыхарства на 5 гадоў. Пасьля гэтага чалавек можа атрымаць бестэрміновы дазвол на жыхарства.
Праз 10 гадоў жыцьця ў Грузіі інвэстар можа атрымаць грузінскае грамадзянства.
Цэны:
Падаць дакумэнты на грамадзянства — 65 лары (23 даляры).
Экзамэн на веданьне грузінскай мовы, гісторыі, права — адзін раз бясплатна, кожная пераздача — 15 даляраў.
Форум