Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі ў ААН адказалі на абвінавачаньне ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый


Сымболіка ААН. Ілюстрацыйнае фота
Сымболіка ААН. Ілюстрацыйнае фота

У Жэнэве праходзяць дыскусіі наконт правоў чалавека, на якіх закранаюць і тэму вайны ва Ўкраіне.

Беларусь 10 ліпеня ў рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прыняла ўдзел у дыялёгу зь Вярхоўным камісарам у правах чалавека Фолькерам Цюркам. Камісар прадставіў даклады Генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша і справаздачу Маніторынгавай місіі ў правах чалавека ва Ўкраіне.

Прадстаўніцтва Беларусі ў Жэнэве паведаміла, што беларускія дыпляматы падчас дэбатаў нагадалі аб абстрэлах гарадоў Расеі і акупаванага Крыма, а таксама «шматгадовых абстрэлах Данбасу». Пры гэтым ад іх не было згадкі пра нядаўні ўдар расейскай ракетай па дзіцячай лякарні «Охматдит» у Кіеве.

У прадстаўніцтве Беларусі ў Жэнэве адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Сам даклад беларускія дыпляматы назвалі «староньнім», заявіўшы, што ў ім нібыта «адсутнічае фундамэнтальны аналіз прычынаў канфлікту».

Яшчэ ў пункце пра дзяцей прадстаўнікі ўладаў заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў». А дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».

Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь

Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь было вывезена ня менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасьці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.

Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.

  • Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.

8 ліпеня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар адразу па некалькіх гарадах Украіны. Масавы ўдар па Ўкраіне нанесьлі больш як 40 ракетамі розных тыпаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Расея атакавала Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск.

На гэты момант вядома пра 37 чалавек, якія загінулі, і больш за 140 параненых.

Сярод іншых аб’ектаў ад расейскай ракеты пацярпела адно з памяшканьняў дзіцячай лякарні «Охматдит» у Кіеве. Пашкоджаны будынак, у якім дзеці праходзілі дыяліз, паведаміў міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко. Служба бясьпекі Ўкраіны назвала атаку «тэрарыстычным актам» і адкрыла з гэтай нагоды крымінальную справу.

Паводле папярэдніх зьвестак сьледзтва, Узброеныя сілы Расеі для атакі на мэдычную ўстанову выкарысталі стратэгічную крылатую ракету Х-101.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG