Смаленская мытня завяла 6 крымінальных спраў за прадстаўленьне ў падатковыя органы зьвестак падстаўных асобаў, што пацягнула за сабой унясеньне зьвестак у Адзіны дзяржаўны рэестар юрыдычных асобаў, паведамляе прэс-служба ведамства.
Чацьвёра жыхароў Смаленску ва ўзросьце ад 21 да 30 гадоў за грашовую ўзнагароду ад 10 да 15 тысяч расейскіх рублёў (каля 100–150 даляраў) пагадзіліся прадставіць свае пэрсанальныя зьвесткі і стаць намінальнымі дырэктарамі шасьці фірмаў. Апэратыўныя падразьдзяленьні мытні ўстанавілі, што пошукам падстаўных асобаў і іх суправаджэньнем для рэгістрацыі фірмаў у падатковых органах займаўся грамадзянін Беларусі сумесна з групай неўстаноўленых асобаў.
«Стварэньне такіх фірмаў мае на мэце ўчыненьне злачынстваў у сфэры эканамічнай дзейнасьці — ухіленьня ад выплаты падаткаў і мытных плацяжоў, парушэньня валютнага заканадаўства, розных відаў кантрабанды і махлярства», — падкрэсьліў начальнік Смаленскай мытні Рустам Якубаў.
На грамадзяніна Беларусі і групу неўстаноўленых асобаў завілі шэсьць крымінальных спраў за незаконнае ўтварэньне юрыдычнай асобы (пункт «б» ч. 2 арт. 173.1 Крымінальнага кодэксу РФ).
Паводле гэтага артыкула прадугледжанае пакараньне ў выглядзе
- штрафу ў памеры ад 300 да 500 тысяч расейскіх рублёў або ў памеры заработнай платы ці іншага даходу асуджанага за пэрыяд ад 1 года да 3 гадоў,
- або абавязковых працаў на тэрмін ад 180 да 240 гадзінаў,
- або пазбаўленьня волі на тэрмін да 5 гадоў.
Крымінальныя справы перадалі ў органы ўнутраных спраў.
Форум