Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Орбан сустрэнецца з Пуціным у Маскве пасьля паездкі ў Кіеў


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота 2018 году
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота 2018 году

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан адправіцца ў Маскву 5 ліпеня, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, празь некалькі дзён пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве, паведаміла Радыё Свабода крыніца ў вугорскім урадзе.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта таксама будзе суправаджаць Орбана ў Крэмль, паведаміла крыніца ва ўрадзе 4 ліпеня. Сіярта наведаў Расею больш за пяць разоў з таго часу, як Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну больш за два гады таму.

З пачатку вайны ва Ўкраіне Віктар Орбан вылучаецца сярод лідэраў Эўразьвязу і NATO сваім нежаданьнем падпісваць заходнія пакеты зброі і дапамогі Ўкраіне.

Першым пра паездку Орбана паведаміў у сацыяльнай сетцы X рэдактар-дасьледчык Цэнтральнай Эўропы Сабальч Паньі. Пазьней Радыё Свабода атрымала пацьверджаньне візыту ад крыніцы ў вугорскім урадзе.

Прэс-служба прэмʼер-міністра Вугоршчыны пакуль не адказала на просьбы пракамэнтаваць інфармацыю.

  • У мінулым месяцы Пуцін заявіў, што Расея спыніць вайну, у якой, як мяркуюць, загінула і было паранена сама меней 500 тысяч салдат з абодвух бакоў, толькі калі Кіеў выканае пэўныя ўмовы. У іх лік уваходзіць адмова ад амбіцыяў уступіць у NATO і саступка чатырох часткова акупаваных рэгіёнаў, на якія прэтэндуе Расея, апроч Крыму. Украіна назвала гэтыя ўмовы абсурднымі і заявіла, што яны раўназначныя капітуляцыі.
  • 2 ліпеня прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у часе свайго першага за 12 гадоў візыту ў Кіеў прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму забясьпечыць спыненьне агню для правядзеньня мірных перамоваў, дадаўшы, што спыненьне агню «можа забясьпечыць паскарэньне тэмпаў гэтых перамоваў».
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пазьней пракамэнтаваў прапанову Орбана, заявіўшы, што разглядаць пытаньне аб спыненьні агню немагчыма па-за кантэкстам тэмаў і пазыцыяў на перамовах. Ён адзначыў, што расказаў прэм’ер-міністру Вугоршчыны пра вялікую колькасьць перамоваў з Расеяй з 2014 году, у часе якіх дамаўляліся пра спыненьне агню, але расейскі бок парушаў гэтыя дамоўленасьці. «У вайне мы ня можам проста так гаварыць пра спыненьне агню. Для мяне і для нашых людзей патрэбны плян. Мы ня можам проста давяраць Пуціну», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію агенцтву Bloomberg.
  • Украіна заяўляе, што яе «тэрытарыяльная цэласнасьць» павінна быць асновай любога мірнага пагадненьня. Гэтую ідэю падкрэсьлілі 80 краін, якія ўзялі ўдзел у ініцыяваным Украінай Глябальным саміце міру ў Швайцарыі ў чэрвені.
  • Апошні раз Орбан наведваў Маскву ў верасьні 2022 году, калі аддаў даніну павагі былому прэзыдэнту СССР Міхаілу Гарбачову на яго пахаваньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG