Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму забясьпечыць спыненьне агню для правядзеньня мірных перамоў.
«Мір — гэта важнае пытаньне. Вайна, у якой вы зараз жывяце, вельмі інтэнсіўна ўплывае і на бясьпеку Эўропы. Мы вельмі цэнім усе ініцыятывы спадара Зяленскага для дасягненьня міру. Я расказаў, што гэтыя ініцыятывы патрабуюць шмат часу. І менавіта праз правілы міжнароднай дыпляматыі яны вельмі складаныя. Я папрасіў Зяленскага падумаць пра тое, ці не маглі б зрабіць інакш: спачатку спыніць агонь, а потым весьці перамовы пра мір. Таму што спыненьне агню магло б прыскорыць тэмп гэтых перамоў», — працытавала Віктара Орбана інфармацыйнае агенцтва «Інтерфакс- Україна».
Вугорскі прэм’ер таксама дадаў, што ўдзячны Зяленскаму за ягоную думку ў гэтым пытаньні".
У сваёй заяве журналістам Уладзімір Зяленскі не адрэагаваў на гэтае выказваньне Віктара Орбана.
Вугорскі прэм'ер таксама паведаміў аб жаданьні падпісаць з Украінай двухбаковую дамову аб супрацы.
«Мы хочам наладзіць дачыненьні паміж нашымі краінамі. Мы хочам заключыць з Украінай глябальную дамову аб супрацы, падобную да тых, што маем зь іншымі суседнімі краінамі», — сказаў вугорскі прэм’ер.
Паводле яго, Вугоршчыне і Ўкраіне патрэбна ўрэгуляваць шмат пытаньняў, якія абмяркоўваліся на ранейшых перамовах.
«Мы спрабуем закрыць усе папярэднія спрэчкі і сканцэнтраваць увагу на будучыні», — дадаў ён.
Віктар Орбан адзначыў, што Вугоршчына будзе ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ўкраінскай эканомікі адпаведна сваім магчымасьцям.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што на сустрэчы з Віктарам Орбанам абмеркавалі «прынцыповыя пытаньні суседзкіх дачыненьняў — гандаль, транспамежную супрацу, інфраструктурныя і энэргетычныя пытаньні».
«Увогуле зьмест нашага дыялёгу па ўсіх сёньняшніх пытаньнях можа стаць асновай для новага двухбаковага дакумэнту паміж нашымі дзяржавамі — дакумэнту, які будзе рэгуляваць усе нашыя ўзаемадачыненьні, які будзе заснаваны на люстэркавым падыходзе да двухбаковых дачыненьняў паміж Украінай і Вугоршчынай і які дазволіць нашым народам карыстацца ўсімі перавагамі адзінства ў Эўропе», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
Прэм'ер Вугоршчыны знаходзіцца ў Кіеве зь першым з 2012 году візытам. Вугорскі прэм’ер прыехаў ва Ўкраіну на другі дзень пасьля таго, як ягоная краіна пачала старшыняваць у Эўразьвязе.
Форум