Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан прыбыў у Кіеў зь першым візытам — апошні раз ён наведваў Украіну ў 2012 годзе, калі сустракаўся з тагачасным прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.
Як паведаміла агенцтва AP са спасылкай на прэсавага сакратара вугорскага прэм’ера, у Кіеве Віктар Орбан сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, каб абмеркаваць «магчымасьць дасягненьня міру».
З пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны Віктар Орбан толькі двойчы кантактаваў з Уладзімірам Зяленскім – сёлета ў траўні адбылася тэлефонная размова, у часе якой прэзыдэнт Украіны запрасіў яго на Саміт міру ў Швайцарыю, а таксама ў рамках апошняга саміту Эўразьвязу ў Брусэлі, калі ўхвалілі рашэньне аб пачатку перамоў з Украінай і Малдовай, што папярэднічаюць уступленьню краін у ЭЗ.
1 ліпеня Вугоршчына пачала старшынёўства ў Эўразьвязе, яно будзе доўжыцца паўгода. У часе гэтай кадэнцыі пачаліся перамовы з Украінай аб далучэньні да ЭЗ.
Віктар Орбан зьяўляецца найбольшым крытыкам Эўразьвязу і NATO за вайсковую і фінансавую дапамогу Ўкраіне, а таксама рашэньня аб пачатку перамоў аб уступленьні ў ЭЗ.
Вугорскі прэм’ер — першы зь лідэраў краін ЭЗ, які сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у кастрычніку 2023 году на рэгіянальным саміце ў Пэкіне, і адзіным, які сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам перад выбарамі ў Беларусі ў чэрвені 2020 году.
Віктар Орбан выступае за скасаваньне санкцый супраць Расеі і Беларусі.
Форум