Трэцяга ліпеня ў Менску ўпершыню пасьля 2020 году прайшоў вайсковы парад. Ён быў больш маштабным, чым чатыры гады таму. Па словах намесьніка міністра абароны Андрэя Жука, колькасьць парадных разьлікаў сёлета павялічылі амаль у паўтара раза. У парадзе ўзялі ўдзел 6000 чалавек, 300 адзінак тэхнікі, 12 адзінак паветранага эшалёну (гэта самалёты і верталёты).
Традыцыйна ў Менску вайсковы парад праходзіць ля стэлы «Менск — горад герой». Сьпярша там прайшлі 26 пешых парадных разьлікаў, потым — тэхніка, за ёй — самалёты і верталёты.
Таксама сёлета да параду далучыліся госьці з Расеі, Казахстану і Азэрбайджану. Была і дэманстрацыя цывільнай тэхнікі (сёлета нават паказвалі вагон мэтро).
Для параўнаньня, парады папярэдніх гадоў былі менш маштабныя. У 2020 годзе ў ім бралі ўдзел каля 3 тысяч чалавек, 150 адзінак тэхнікі. У 2019 годзе на 3 Ліпеня ў парадзе ўдзельнічала звыш 5000 чалавек, 280 адзінак тэхнікі.
Колькі каштуе парад
На вайсковую частку параду беларускія ўлады не абвяшчаюць тэндэраў і публічна не агучваюць ягоны кошт. Сродкі ідуць зь бюджэту, то бок з выдаткаў на войска. Усім гэтым займаецца Міністэрства абароны.
Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне параду, а гэта трыбуны, экраны, рэпэтыцыі, прагоны ды іншыя тэхнічныя выдаткі, абыдуцца, згодна з сайтам дзяржзакупак, у 421 400 рублі, ці 131 277 даляраў. У гэтую лічбу не ўваходзяць траты непасрэдна на выхад тэхнікі.
У 2015 годзе тагачасны прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў называў прыблізныя лічбы.
Штогадовы «умоўны кошт» параду ён ацэньваў у суму, крыху большую за мільён даляраў.
«Калі б не было параду, вайскоўцы ўсё роўна б займаліся падрыхтоўкай. Тэхніка выкарыстоўвалася б для баявой дзейнасьці, харчаваньня, перавозак і гэтак далей. Таму, на жаль, напярэдадні ўсіх парадаў падымаецца пытаньне пра кошт параду як нібыта марнаваньня нейкіх звышвялізных грошай. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці», — казаў тады Макараў.
У тым парадзе ўдзельнічала 250 адзінак тэхнікі і 5000 вайскоўцаў. Менш, чым сёлета.
Свабода ў 2020 годзе разам з экспэртамі падлічвала, што толькі адзін вылет самалёта можа каштаваць да некалькі тысяч даляраў, выезд аднаго танка — 300-400 даляраў.
У вайсковых парадах у Беларусі бярэ ўдзел каля 12 самалётаў. Кошт вылету самалёта ад адной да некалькіх тысяч даляраў. Такім чынам, толькі вылет самалётаў можа абыходзіцца ў суму ад 12 да 36 тысяч даляраў.
Агульны кошт параду — каля мільёна даляраў. І гэта без уліку рамонту асфальту і ліквідацыі наступстваў для экалёгіі. Таксама ў гэты кошт не ўваходзяць ілюмінацыя і салют.
А што з канцэртам і салютам?
Салют на 3 Ліпеня таксама будзе. Піратэхнічная пастаноўка пад арыгінальнае музычнае суправаджэньне сёлета каштуе бюджэту 345 000 рублёў, ці 107,4 тысячы даляраў.
Сьпярша салют мусіў каштаваць на 45 тысяч таньней, але бакі падпісалі дадатковае пагадненьне — і ён падаражэў.
Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне канцэрту на пляцоўцы ля Палаца спорту будзе каштаваць каля 154 тысяч рублёў, ці амаль 48 тысяч даляраў, як вынікае зь дзяржзакупкі.
Як бачым, толькі па закупках і толькі ў Менску на 3 Ліпеня патрацяць мінімум 920 400 рублёў, ці 286,7 тысячы даляраў. І гэта без уліку тратаў непасрэдна на праход вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў па цэнтры Менску.
Форум