Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад апублікаваў сьпіс відаў дзейнасьці, якімі змогуць займацца беларускія ІП і самазанятыя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Гандлёвы цэнтар «Сталіца» ў Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Гандлёвы цэнтар «Сталіца» ў Менску

Савет міністраў Беларусі апублікаваў сьпіс відаў дзейнасьці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Рэгістрацыю ІП па відах дзейнасьці, якіх няма ў сьпісе, спыняць з 1 кастрычніка.

Індывідуальныя прадпрымальнікі з 1 кастрычніка змогуць займацца 127 відамі дзейнасьці, вынікае з пастановы ўраду.

Зь пераліку відаў дзейнасьці, якімі і надалей змогуць займацца ІП, прыбралі аптовы гандаль, розьнічны гандаль у сьпісе застаўся. У пералік дазволеных відаў дзейнасьці для ІП, сярод іншага, уключылі тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт аўтамабіляў, розныя віды транспартнай дзейнасьці, паслугі па часовым пражываньні і грамадзкім харчаваньні, асобныя віды дзейнасьці па вытворчасьці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, шэраг будаўнічых паслуг (сьпіс дазволеных відаў дзейнасьці скарацілі), рэклямную дзейнасьць. Таксама ІП змогуць здаваць жыльлё на кароткатэрміновы пэрыяд, ім дазволена вырабляць відэакантэнт, распрацоўваць праграмнае забесьпячэньне, рамантаваць кампутары і іншае. Поўны пералік відаў дзейнасьці, дазволеных для ІП можна паглядзець па спасылцы.

Шэраг відаў дзейнасьці можна ажыцьцяўляць толькі пры ўмове ліцэнзаваньня. Сярод іх — дзейнасьць у галіне сувязі; дзейнасьць, зьвязаная з працаўладкаваньнем па-за межамі Беларусі; паліграфічная дзейнасьць; дзейнасьць, зьвязаная са зборам і распаўсюдам інфармацыі пра фізычных асобаў у мэтах іх знаёмства; дзейнасьць, зьвязаная з каштоўнымі мэталамі і камянямі, і інш.

Абноўлены сьпіс відаў дзейнасьці, дазволеных для самазанятых, утрымлівае 87 пазыцыяў. У ім, сярод іншага, прысутнічаюць фота- і відэаздымка, рамонт кампутараў, выкананьне аддзелачных работ, дастаўка тавараў дадому, цырульні і касмэтычныя паслугі, паслугі па манікюры і пэдыкюры, рэпэтытарства, перакладчыцкая дзейнасьць, рамонт мэблі і іншыя.

Як адзначыў юрыст Аляксандар Жук, з нэгатыўных зьменаў — цяпер юрыдычныя паслугі змогуць аказваць толькі юрыдычныя асобы. Псыхолягі, паводле яго, могуць надалей працаваць у якасьці ІП — пад кодамі 8559 (іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі) і 88 (аказваньне сацыяльных паслуг без забесьпячэньня пражываньня). Коўчы, эзатэрыкі, астролягі, варажбіткі цяпер будуць лічыцца самазанятымі.

  • 22 красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці, згодна зь якім сьпіс відаў дзейнасьці, дазволеных для ІП, скарацілі. Тым, хто ня трапіў у гэты сьпіс, давядзецца або закрыцца зусім, або перайсьці ў юрыдычную асобу.
  • Па відах дзейнасьці, якія не ўвайшлі ў гэты пералік, з 1 кастрычніка спыняць рэгістрацыю новых ІП.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG