У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі заявілі, што ў Жытомірскай вобласьці ў зоне адказнасьці ўкраінскіх памежнікаў падразьдзелы Расейскага добраахвотніцкага корпусу праводзяць выведку, у тым ліку «з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
Расейскі добраахвотніцкі корпус вядомы тым, што ў пачатку 2024 году ажыцьцяўляў рэйды ў Белгарадзкую і Курскую вобласьці Расеі. Тады некалькі дзён працягваліся баі і расейскія ўлады прызналі спробы захапіць тэрыторыю Расеі з боку Ўкраіны.
З сакавіка 2024 году падразьдзелы Расейскага добраахвотніцкага корпусу ваююць у Харкаўскай вобласьці, якая мяжуе зь Белгарадзкай вобласьцю Расеі.
Памежнікі Беларусі паведамілі, што 26 чэрвеня ў Ельскім раёне Гомельскай вобласьці з выкарыстаньнем зброі зьбілі выведны ўкраінскі дрон, на карце памяці якога знайшлі відэафайлы «з прамысловымі аб’ектамі і аб’ектамі памежнай інфраструктуры» Беларусі.
Апроч таго, у паведамленьні сьцьвярджаецца, што на тым жа кірунку 27 чэрвеня знайшлі «схрон» з кантэйнэрамі, у якіх знаходзілася «2 кіляграмы плястычнага выбуховага рэчыва, выканаўчыя прылады з запаламі і дэтанатарамі да іх».
У сувязі з гэтым памежная служба Беларусі разам з вайсковымі падразьдзеламі ажыцьцяўляюць «дадатковае прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы, узмацненьне кантролю за паветранай прасторай і выкананьне рэжыму на памежнай тэрыторыі».
Пазьней у Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што праз «складаную сытуацыю на мяжы» вывелі дывізіён рэактыўнай сыстэмы «Палянэз» з поўным боекамплектам на баявое дзяжурства.
«Гатовы выконваць задачы ў нанясеньні ракетных удараў на адлегласьць да 300 кілямэтраў цягам 20 хвілін», — адзначаецца ў паведамленьні.
У Мінабароны Беларусі не канкрэтызавалі месца разьмяшчэньня «Палянэзу», але спаслаліся менавіта на заяву памежнікаў аб складанай сытуацыі на мяжы з Украінай.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны неаднойчы заяўлялі, што пасьля падтрыманьньня Беларусьсью агрэсіі Расеі супраць Украіны, украінскія вайскоўцы і выведныя службы стала адсочваюць сытуацыю, зьвязаную зь перамяшчэньнем вайсковых сіл і тэхнікі на беларускай тэрыторыі.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у прэсавую службу расейскіх добраахвотнікаў.
На баку Ўкраіны ваююць тры падразьдзелы — легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён, сфармаваныя з грамадзян Расеі.
Раней паведамлялі, што частка расейскіх добраахвотнікаў, прынамсі аднаго з батальёнаў, легіёну «Свабода Расеі», — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым гэта людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум