Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня толькі ворагаў, але і сем’і іх зьнішчым». Чаго варта чакаць і асьцерагацца сваякам праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка, Іосіф Сталін, Міхаіл Булгалкаў. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Іосіф Сталін, Міхаіл Булгалкаў. Каляж

Што стаіць за пагрозамі Лукашэнкі ў адрас сем’яў тых ягоных палітычных апанэнтаў, хто здолелі ўцячы ад палітычных рэпрэсій.

Сьцісла:

  • Параўнаньні са Сталіным і сталінскай рэпрэсіўнай палітыкай Лукашэнку даўно не бянтэжаць і не выклікаюць у яго сораму, хутчэй наадварот: цешаць самалюбства і натхняюць на яшчэ большую жорсткасьць.
  • Канфіскаваную ў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» нерухомасьць пакуль што прадаюць з аўкцыёнаў, а не перадаюць пільным грамадзянам, якія выкрылі і абясшкодзілі «ворагаў» (як рабілі ў сталінскім СССР). Але гэта можа быць пытаньнем часу.
  • Ад пастаяннага страху, «закручваньня гаек», расьперазанай прапаганды, сварак з усім сьветам стаміліся ня толькі шараговыя грамадзяне. Больш спакойнага, прадказальнага, стабільнага існаваньня жадае і кіроўная кляса — намэнклятура, на якую абапіраецца Лукашэнка.
  • Лукашэнка ў сваім раскручваньні махавіка рэпрэсій ужо ня спыніцца. Пытаньне ў тым, ці ёсьць у яго рэсурс часу на тое, каб давесьці працэс да сталінскіх маштабаў. І ці не прысьпешыць ягонага сыходу з улады само ягонае атачэньне.

На першы погляд, рэпрэсіі супраць сваякоў праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі пакуль што нібыта адзінкавыя, кропкавыя, ня масавыя. На слыху пераважна вядомыя асобы. Ужо чатыры гады за кратамі сын галоўнага суперніка Лукашэнкі на выбарах 2020 году Віктара Бабарыкі Эдуард. На тры з паловай гады кінулі ў турму сына апазыцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі Арцёма. За настойлівую і пасьлядоўную абарону зьняволенага мужа, блогера і журналіста Ігара Лосіка, на 2 гады няволі асудзілі Дар’ю Лосік. Але ўжо сотнямі (калі ня тысячамі) вымяраюцца выпадкі, калі да сваякоў палітэмігрантаў, якія ўцяклі ад арышту за мяжу, прыходзяць зь ператрусамі, выклікаюць на допыты, пагражаюць, схіляюць да даносаў на блізкіх людзей, шантажуюць і псыхалягічна ціснуць. Усе гэтыя сем’і — таксама ахвяры рэпрэсій. І ці толькі гэтым абмяжуецца рэжым Лукашэнкі?

Арцём Лябедзька ў судзе, 2023
Арцём Лябедзька ў судзе, 2023

Пра сваякоў тых, хто здолеў уратавацца ад палітычных рэпрэсій, Лукашэнка на працягу апошняга часу выказваўся некалькі разоў. Сёлета 25 студзеня, прызначаючы новага міністра аховы здароўя, даў зразумець, што бачыць у гэтых людзях пагрозу:

«Некаторыя зьбеглыя на Захадзе сядзяць, а тут іхныя сваячкі́ ды іншыя робяць тое, што рабілі раней... Толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры супрацьдзеяньня».

А 25 красавіка, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі на Ўсебеларускім народным сходзе, выказаў у адрас палітычных праціўнікаў зусім пэўную пагрозу:

«Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут. Раю ўжо забыць пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў».

Злавесныя пагрозы Лукашэнкі ажыцьцяўляюцца. Каб з усё большым размахам раскручваць сьпіраль рэпрэсій, сёньняшнім «сілавікам» нічога новага вынаходзіць ня трэба: у архівах ВКП(б) і НКВД усё ў дэталях прапісана — бяры і пераймай з улікам новых рэалій і абставін. У тым ліку і ў дачыненьні да сем’яў «экстрэмістаў».

«Сын за бацьку не адказвае»

Цікава, што ў гісторыі ў якасьці крылатага выразу засталася сталінская фраза, якая цалкам супярэчыць усёй ягонай палітыцы таго часу: «Сын за бацьку не адказвае». Гэта выказваньне мела месца: яно прагучала ў сьнежні 1935-га, падчас сустрэчы правадыра зь перадавымі камбайнэрамі.

Башкірскі калгасьнік Гільба ў сваім выступе тады сказаў: «Хоць я і сын кулака, але я буду сумленна змагацца за справу рабочых і сялян і за пабудову сацыялізму». На што Сталін з прэзыдыюму адклікнуўся шырокім жэстам: «Сын за бацьку не адказвае». Гэта не перашкодзіла яму ж 7 лістапада 1937-га на абедзе ў Варашылава пасьля сьвяточнай дэманстрацыі сказаць:

«Мы ня толькі зьнішчым усіх ворагаў, але і сем’і іхныя вынішчым, увесь іхны род да апошняга калена».

Сталін (як, зрэшты, і любы дыктатар такога кшталту) быў гаспадаром уласнага слова: мог у залежнасьці ад каньюнктуры і абставінаў прытрымлівацца супрацьлеглых пунктаў гледжаньня на адну і тую ж праблему.

Іосіф Сталін і Клім Варашылаў у таджыкскай нацыянальнай вопратцы разам з таджыкскай калгасьніцай, 1935
Іосіф Сталін і Клім Варашылаў у таджыкскай нацыянальнай вопратцы разам з таджыкскай калгасьніцай, 1935

На той момант ужо дзейнічала вядомая пастанова Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 ліпеня 1937 году «Аб членах сем’яў асуджаных здраднікаў радзімы». Паводле яе, жонак выкрытых і асуджаных ворагаў народу — удзельнікаў праватрацкісцкіх дывэрсійных арганізацый прадпісвалася арыштоўваць і саджаць у лягеры на 5-8 гадоў. Іхных дзяцей, якія заставаліся сіротамі пры жывых бацьках, накіроўвалі ў адмысловыя дзіцячыя дамы, якія мала адрозьніваліся ад турмаў.

Усяго тады такім чынам трапілі пад рэпрэсіі 18 тысяч жанчын і каля 25 тысяч дзяцей.

Увогуле, перасьлед і пакараньне сваякоў «здраднікаў» былі даўняй завядзёнкай бальшавіцкага рэжыму — яшчэ з 1926 году. Але тады гэта датычыла толькі сем’яў вайскоўцаў і ішла размова пра ссылку на 5 гадоў. У 1937 годзе такую практыку пашырылі на ўсіх «ворагаў народу». У наступныя гады, што праўда, адбываліся некаторыя паслабленьні.

Напрыклад, 15 жніўня 1937 году зьявілася дырэктыва НКВД, паводле якой накіроўваць у лягеры прадпісвалася ня ўсіх жонак «здраднікаў» пагалоўна, а толькі тых, хто «садзейнічаў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці мужоў» ці пра якіх «ёсьць зьвесткі аб антысавецкіх настроях».

27 жніўня 1938 году НКВД цыркулярным лістом дазволіў у парадку выключэньня аднабаковы развод з арыштаваным безь ягонай згоды і нават без інфармаваньня. Шырока практыкаваліся публічныя, праз газэты і на сходах, адрачэньні дзяцей ад бацькоў, абвешчаных «ворагамі народу». Зрэшты, бывала, што і бацькі выракаліся дзяцей, якія апыналіся ў ГУЛАГу.

Папярэднікі «жоўтых бірак»

Як вядома, палітзьняволеных у сёньняшніх беларускіх калёніях і турмах пазначаюць жоўтымі нашыўкамі на адзеньні і таблічкамі на нарах, каб наглядчыкі і ахоўнікі здалёк бачылі, да каго трэба ставіцца з асаблівай жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю. На бюракратычна-турэмнай мове гэта азначае, што зьняволены «пастаўлены на прафіляктычны ўлік як схільны да экстрэмізму ды іншых дэструктыўных дзеяньняў».

Жоўтая бірка палітвязьня Станіслава Паўлінковіча, архіўнае фота
Жоўтая бірка палітвязьня Станіслава Паўлінковіча, архіўнае фота

У сталінскім ГУЛАГу прыблізна такую ж функцыю выконвалі абрэвіятуры. Рэпрэсаваных паводле пастановы ад 5 ліпеня 1937 году сталі пазначаць скаротам ЧСИР («член семьи изменника родины»).

Былі і значна больш страшныя абрэвіятуры, напрыклад КРТД («контрарэвалюцыйная трацкісцкая дзейнасьць») — да такіх зьняволеных прадпісвалася ставіцца з выключнай суровасьцю: іх выкарыстоўвалі на самых цяжкіх работах. Значна больш мяккім лічылася таўро КРД («контрарэвалюцыйная дзейнасьць») — звычайна гэта былі былыя царскія чыноўнікі, сьвятары, у іх у ГУЛАГу быў шанец трапіць у санітары ці кладаўшчыкі. Сустракаліся ў абвінаваўчых палітычных прысудах позьнесталінскага пэрыяду і вельмі спэцыфічныя абрэвіятуры: напрыклад, ВАТ («восхваление американской техники»); ВАД («восхваление американской демократии»); ПЗ («преклонение перед Западом»).

Жаночая турма для ЧСИР. Омск
Жаночая турма для ЧСИР. Омск

Усё гэта ўжо нават у часы Брэжнева ўспрымалася з усьмешкай, як абсурд і далёкая гісторыя сталінскай эпохі. Але ў сёньняшніх Расеі і Беларусі гэта гучыць зусім па-іншаму. Прынамсі не выглядае як нешта такое, што ня можа вярнуцца.

Прывід Алаізія Магарыча

Змрочны сымбаль палітычных рэпрэсій, спалучаных з унутрывідавой барацьбой бальшавікоў за нерухомасьць для ўласных патрэбаў — славуты Дом на Набярэжнай (ці Першы дом Саветаў) — жылы комплекс для сталінскай эліты, узьведзены на беразе Масквы-ракі ў 1931 годзе. Мара і праклён любога савецкага намэнклятурніка: раскошныя па тым часе апартамэнты, часам 7-пакаёвыя кватэры, зь відам на Крэмль, з дубовым паркетам, арыгінальным жывапісам на сьценах і пакоямі для прыслугі. Гэты будынак шматкроць згадваецца ў многіх антысталінскіх творах пазьнейшага пэрыяду як месца канцэнтрацыі людзкіх трагедый — краху сем’яў, здрадаў, подласьці, даносаў...

Дом на Набярэжнай у Маскве, 2017
Дом на Набярэжнай у Маскве, 2017

Падлічана, што пад палітычныя рэпрэсіі трапілі каля 700 жыхароў гэтага дома, у ліку якіх такія вядомыя асобы, як маршалы Міхаіл Тухачэўскі і Васілій Блюхер, высокі партыйны функцыянэр Аляксей Рыкаў і ягоная жонка, Павел Постышаў... Некаторыя з кватэр у канцы 30-х гадоў памянялі па 4-5 гаспадароў. Абязьлюдзелымі і апячатанымі стаялі цэлыя лесьвічныя клеткі. У той час частымі зьявамі ў доме сталі самагубствы, у тым ліку сярод жонак і дзяцей арыштаваных. Здаралася, што жыхароў дома арыштоўвалі цэлымі сем’ямі. Нярэдка гэта адбывалася ў выніку даносаў тых, хто сам разьлічваў на прэстыжныя квадратныя мэтры. Кватэра ў выніку даносу і наступнага арышту вызвалялася, даносчык засяляўся на жылплошчу арыштаваных, але гэта зусім не было гарантыяй таго, што пераехаў ён надоўга. На кожнага даносчыка мог знайсьціся новы даносчык...

Сядзяць маршалы Тухачэўскі, Варашылаў, стаяць Будзёны і Блюхер. 1935 год
Сядзяць маршалы Тухачэўскі, Варашылаў, стаяць Будзёны і Блюхер. 1935 год

Калі сёньня ў Беларусі распачынаецца санкцыянаванае дзяржавай паляваньне на кватэры і дамы тых, хто пасьпеў уцячы ад палітычных рэпрэсій, такія эпізоды колішняй савецкай рэчаіснасьці ўспрымаюцца па-асабліваму. Канфіскаваную ў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» нерухомасьць пакуль што прадаюць з аўкцыёнаў, а не перадаюць пільным грамадзянам, якія выкрылі і абясшкодзілі «ворагаў». Але гэта можа быць пытаньнем часу. Цень булгакаўскага Алаізія Магарыча блукае па вуліцах сёньняшніх беларускіх гарадоў і вёсак. Нагадаю, пэрсанаж рамана «Майстар і Маргарыта» Алаізій Магарыч — знаёмец Майстра, які ўбіўся да яго ў давер, бываў дома, прыкідваўся сябрам, а насамрэч паклаў вока на ягоную паўпадвальную кватэрку недзе ў завулках Арбата. І, каб захапіць яе, напісаў на Майстра данос «у органы», нібы той захоўвае дома забароненую літаратуру.

Увасабленьне мараў тысяч і тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій аб справядлівасьці і адплаце — сцэна рамана, у якой Маргарыта просіць Воланда «вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, і каб лямпа загарэлася, і каб усё стала, як было».

Ахоплены жахам Алаізій Магарыч тут жа паўстае перад вачыма суду хуткага, справядлівага і непадкупнага:

— Гэта вы, прачытаўшы артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напісалі на яго скаргу з паведамленьнем, што ён захоўвае ў сябе нелегальную літаратуру? — спытаў Азазэла.

Наваяўлены грамадзянін пасінеў і заліўся сьлязьмі раскаяньня.

— Я ванну прыбудаваў, — ляскаючы зубамі, крычаў акрываўлены Магарыч і ў жаху панёс нейкую лухту. — Адна пабелка... Купарос...

— Ну вось і добра, што ванну прыбудаваў, — ухвальна сказаў Азазэла, — яму трэба браць ванны, — і крыкнуў: — Прэч!

Тады Магарыча перавярнула дагары нагамі і вынесла са спальні Воланда праз адчыненае вакно.

Кадр з сэрыялу «Майстар і Маргарыта» (2005). У ролі Азазэлы – Аляксандар Філіпенка, ролю Сьцяпана Ліхадзеева выконвае Аляксандар Панкратаў-Чорны
Кадр з сэрыялу «Майстар і Маргарыта» (2005). У ролі Азазэлы – Аляксандар Філіпенка, ролю Сьцяпана Ліхадзеева выконвае Аляксандар Панкратаў-Чорны

У рамане імя Алаізія Магарыча чароўным чынам выкрэсьліваюць з «дамавой кнігі», і ён зьнікае, нібы і не было: «Няма дакумэнта, няма і чалавека», — задаволена прамаўляе Кароўеў амаль што сталінскую формулу. Майстар і Маргарыта зноў апынаюцца ў сваёй паўпадвальнай кватэрцы. І лямпа загараецца над сталом. І ўсё становіцца так, як і было... У рэальнасьці гэтай запаветнай мары кожнай ахвяры сталінскіх рэпрэсій ніколі ня суджана збыцца.

«Мне да Сталіна яшчэ тупаць і тупаць...»

Цяжка ўявіць, што Лукашэнка не чытаў Булгакава. Ці Салжаніцына. Ці хаця б павярхоўна не знаёміўся з гісторыяй Курапатаў. Няўжо яго не бянтэжыць тое, што ён рухаецца па той жа дарозе? Пэўна ж, і чытаў, і ведае. Але тут трэба мець на ўвазе адну важную акалічнасьць, без разуменьня якой немагчыма растлумачыць тое, што адбываецца ў сёньняшняй Беларусі. Справа ў тым, што такія параўнаньні са Сталіным і сталінскай рэпрэсіўнай палітыкай Лукашэнку даўно не бянтэжаць і выклікаюць сораму, хутчэй наадварот. Дарэчы будзе ўспомніць адно ягонае даўняе выказваньне (восені 2012 году), зробленае падчас адной з традыцыйных тады сустрэч з расейскімі рэгіянальнымі журналістамі. Зайшла размова пра былых савецкіх кіраўнікоў. Лукашэнка пачаў параўноўваць маштаб уласнай пэрсоны з размахам асобаў Леніна і Сталіна. І са шкадаваньнем прызнаў:

«Мне да іх яшчэ тупаць і тупаць. Перад імі стаялі такія задачы...»

Што адметна, тады ж ён спрабаваў зазірнуць у будучыню: «Міне яшчэ паўстагодзьдзя, як жа нас будуць ацэньваць, мяне? Калі пачнуць падтрымліваць тэндэнцыю, як на Захадзе, дык я горшы за Сталіна: хадзіў па вуліцах, лавіў людзей, еў іх, асабліва жанчын... Будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна». Тады гэта прамаўлялася як іронія, гіпэрбала, вобразнае перабольшаньне, відавочнае нібыта для ўсіх. Сёньня, праз дванаццаць гадоў, тыя Лукашэнкавы словы ўспрымаюцца зусім іначай і гучаць хутчэй як прадбачаньне, а не як жарт.

На руках у людзей, якія ўвасабляюць гэты рэжым, ужо столькі крыві, а на сумленьні столькі чалавечых трагедый, што абмежавальнікаў, здаецца, больш не засталося. Дзясяткамі ці сотнямі тысяч ахвяраў будуць вымярацца маштабы рэпрэсій, розьніца ня надта вялікая. Наадварот, пэрспэктыва застацца ў гісторыі злыднем як мага больш брутальным і крывавым, напэўна, нават цешыць самалюбства. І спакваля выяўляецца, што «тупаць да Сталіна» засталося ўжо ня так і далёка.

Варыянт будучыні

Найстрашней тое, што мяняецца ня толькі палітыка — адначасова катастрафічныя зьмены адбываюцца ў грамадзтве. Маральныя нормы размываюцца. Парог дапушчальнай нялюдзкасьці і зла ўвесь час зьніжаецца. І здаецца, што ўжо нічога немагчымага няма, што паўтарыцца можа што заўгодна з тых сталінскіх практык.

Сярод гэтай трывожнай і пагрозьлівай няпэўнасьці цяжка знайсьці падставы для надзеі на зьмены. Але яны ёсьць, і на гэтыя пробліскі таксама паказвае гісторыя. Ад пастаяннага страху, «закручваньня гаек», расьперазанай прапаганды, сварак і лаянак з усім сьветам стаміліся ня толькі шараговыя грамадзяне. Больш спакойнага, прадказальнага, стабільнага існаваньня жадае і кіроўная кляса — намэнклятура, на якую абапіраецца Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка ў цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА, 2023
Аляксандар Лукашэнка ў цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА, 2023

За мінулыя дзесяцігодзьдзі многія зь іх, беручы прыклад з усходніх калег, дбалі пра ўласны дабрабыт і будучыню: выводзілі за мяжу капіталы, набывалі нерухомасьць, прыстройвалі на Захадзе ўласных дзяцей, унукаў, жонак, палюбоўніц. Цяпер уся тая загадзя сплянаваная будучыня пад вялікім пытаньнем. Тым больш што спэцслужбы цяпер арыентаваныя на пільны ідэалягічны кантроль за ўсімі, у тым ліку і за чыноўнікамі самага высокага рангу. Адзін данос пра сваяка-палітуцекача ці банкаўскі рахунак за мяжой — і гэта можа паставіць крыж на кар’еры, а магчыма, і каштаваць асабістай свабоды... І гэтым многія намэнклятурнікі не задаволеныя. Лукашэнка ў сваім раскручваньні махавіка рэпрэсій ужо ня спыніцца, тут сумневаў мала. Пытаньне ў тым, ці ёсьць у яго рэсурс часу на тое, каб давесьці працэс да сталінскіх маштабаў. І ці не прысьпешыць ягонага сыходу само ягонае атачэньне.

...Яшчэ на пачатку 1953 году ў Ёсіфа Вісарыёнавіча былі калясальныя пляны чарговых палітычных чыстак і пераўладкаваньня сьвету. Задумваўся грандыёзны праект перасяленьня габрэяў у Сібір (пачаткам стала «справа лекараў-атручальнікаў»); распрацоўваліся пляны маштабнай вайны з Захадам і захопу Заходняй Эўропы. Сталін выказваў яўны недавер да многіх ключавых фігур у сваім атачэньні: насьпявалі новыя гучныя арышты і расстрэлы. Не адчувалі сябе ў бясьпецы ні Бэрыя, ні Молатаў, ні Хрушчоў...

Ёсіф Сталін у труне. Масква. 1953
Ёсіф Сталін у труне. Масква. 1953

І вось у разгар усіх гэтых рыхтаваньняў Сталін раптоўна сканаў — нечакана, ва ўзросьце 73 гадоў. Рэпрэсіі тут жа адмянілі, брамы лягераў адчынілі, новай вайны ня здарылася. І зь якой жа палёгкай уздыхнулі ўсе — нават тыя, якія яшчэ нядаўна лічыліся самымі зацятымі сталіністамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG