Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Расеі адмовіўся перавесьці журналістку Свабоды Алсу Курмашаву пад хатні арышт


Алсу Курмашава падчас слуханьняў у судзе ў Казані. 31 траўня 2024
Алсу Курмашава падчас слуханьняў у судзе ў Казані. 31 траўня 2024

Журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву пакінулі ў СІЗА. Яна знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо 8 месяцаў. Абарона журналісткі настойвала на зьмене меры стрыманьня на хатні арышт.

18 чэрвеня Вярхоўны суд Татарстана пакінуў пад вартай журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву.

Аб гэтым піша расейская газэта «Коммерсантъ» са спасылкай на адваката. Абаронца журналісткі ўдакладніў, што Алсу Курмашава хацела зьмяніць меру стрыманьня «хаця б на хатні арышт». Судовае паседжаньне прайшло ў закрытым рэжыме.

Такім чынам, судзьдзя Рызван Юсупаў прызнаў законным рашэньне Савецкага раённага суду Казані, які 31 траўня падоўжыў Алсу тэрмін утрыманьня пад вартай да 5 жніўня.

На мінулым судовым паседжаньні журналістка расказала, што горш сябе адчувае. Па словах Алсу Курмашавай, у яе такія дыягназы, пры якіх здароўе не палепшыць: «Можна толькі захаваць тое, што ёсьць». Яна падкрэсьліла, што ёй патрэбна апэратыўнае ўмяшаньне. Журналістка таксама зазначала, што апошні раз чула галасы сваіх дзяцей у кастрычніку 2023 году. У яе няма дазволу на званкі.

Алсу Курмашова знаходзіцца ў зьняволеньні 8 месяцаў — з 18 кастрычніка мінулага году.

Курмашава на судзе 31 траўня таксама расказвала пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА:

«Камэра 5 квадратных мэтраў на дваіх... Няма гарачай вады... Замест унітаза — дзірка ў падлозе. Няма нават паўмэтра вольнага! Два ложкі і няма стала, абшарпаныя сьцены. Рамонту, напэўна, не было паўстагодзьдзя».

Перасьлед Алсу Курмашавай

Алсу Курмашаву абвінавачваюць паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Расеі: ч. 3 арт. 330.1 КК РФ («Невыкананьне вызначанага заканадаўствам РФ абавязку падаваць ва ўпаўнаважаны орган дакумэнты, неабходныя для ўключэньня ў рэестар іншаземных агентаў, учыненае асобай, якая ажыцьцяўляе мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайскова-тэхнічнай дзейнасьці РФ, якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі РФ») і пункту «д» ч. 2 арт. 207.3 КК РФ («Распаўсюджваньне фэйкаў аб арміі па матывах палітычнай нянавісьці»).

У першай справе сьледзтва лічыць, што Алсу Курмашава павінна была самастойна падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар «іншаземных агентаў». Пры гэтым у адпаведным рэестры Міністэрства юстыцыі яе няма. У другой справе журналістцы ставяць у віну распаўсюджваньне кнігі «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну», якую рэдакцыя «Idel.Реалии» прэзэнтавала восеньню 2022 году.

  • У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе з мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году прыехала ў родны горад Казань да хворай маці. 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані — перад вылетам дадому ў Прагу — яе затрымалі сілавікі. У яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Празь некалькі дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве (арт. 330.2 КК).
  • Пазьней ёй выставілі абвінавачаньне ў тым, што яна не зьвярнулася да ўладаў і не папрасіла зарэгістраваць яе ў якасьці «іншаземнага агента» (ч. 3 арт. 330.1 КК). Празь яшчэ амаль два месяцы на яе завялі новую крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «фэйкаў» аб расейскай арміі. Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну».
  • Затрыманьне Алсу Курмашавай асудзілі многія краіны і міжнародныя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG