Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады закрываюць таварыства беларускіх татар «Зікр уль-Кітаб». Чым яно вядомае?


Частка вокладкі часопіса «Байрам», які выпускала Беларускае грамадзкае аб’яднаньне татараў «Зікр уль-Кітаб»
Частка вокладкі часопіса «Байрам», які выпускала Беларускае грамадзкае аб’яднаньне татараў «Зікр уль-Кітаб»

Ужо 18 чэрвеня пасьля судовага рашэньня можа апынуцца пад забаронай адно з найвядомейшых беларускіх аб'яднаньняў нацыянальных меншасьцяў.

18 чэрвеня пачынаецца разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага грамадзкага аб’яднаньня татараў «Зікр уль-Кітаб». Аб'яднаньне можа апынуцца ў кампаніі соцень іншых, прымусова, судовым рашэньнем, зьліквідаваных уладамі пасьля 2020 году.

Месца правядзеньня працэсу — Менскі гарадзкі суд (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1), судзьдзя Я. Сямак.

Старшынёй «Зікр уль-Кітаб» зьяўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 году ўзначальвае таксама і Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне. Вядома, што Шабановіч удзельнічае ў афіцыйных акцыях, дзяржаўныя мэдыя прадстаўляюць яго лідэрам беларускіх мусульман. У 2017 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэньне».

Беларускае грамадзкае аб’яднаньне татараў «Зікр уль-Кітаб» было зарэгістравана ў 2005 годзе. На беларускую мову назва арганізацыі перакладаецца як «Памяць і кніга». Каля вытокаў «Зікр уль-Кітаб» і I ўсебеларускага зьезду мусульман, на падставе рашэньня якога ў 1994 годзе было створана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне, стаяў адзін зь лідэраў татарскай дыяспары, вядомы гісторык Ібрагім Канапацкі, які пайшоў з жыцьця ў 2005 годзе.

Ібрагім Канапацкі — аўтар шэраг кніг, артыкулаў у навуковых зборніках і пэрыядычных выданьнях. Таксама ён арганізаваў шэраг навуковых канфэрэнцый, да якіх і сам рыхтаваў матэрыялы, быў іх удзельнікам і як навуковец.

Агулам зь ягонай ініцыятывы і пры ягоным непасрэдным удзеле было праведзена 11 міжнародных навукова-практычных канфэрэнцый па гісторыі і культуры татараў Беларусі, Літвы і Польшчы, прысьвечаных праблемам дасьледаваньня культурнай спадчыны татараў.

У 1993-м зь яго ініцыятывы была праведзеная першая міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная 600-годзьдзю запрашэньня татараў на землі Беларусі. У 1994-м Канапацкі быў сябрам арганізацыйнага камітэту па правядзеньні Першага ўсебеларускага зьезду мусульман, у адпаведнасьці з рашэньнямі якога 2 лютага таго году было створана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь. Канапацкі ўвайшоў у склад кіраўніцкага органу аб’яднаньня — муфтыяту, стаўшы намесьнікам муфтыя і старшынём мусульманскай суполкі Менску. Сам ён праводзіў набажэнствы ў Сьмілавіцкай мячэці.

Сярод шэрагу навуковых прац вядомыя ягоная манаграфія «Беларускія татары: мінулае і сучаснасьць» (1993 г., у суаўтарстве са Станіславам Думіным) і навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000 г., у сааўтарстве з Аляксандрам Смолікам).

З 1991-га па 2002 год аб’яднаньне выпускала штоквартальны часопіс «Байрам» на беларускай мове. Архіў выданьня можна знайсьці ў сеціве. Там публікаваліся матэрыялы пра гісторыю татараў на Беларусі, матэрыялы па чытаньні кітабаў, артыкулы пра славутых асобаў і іншыя артыкулы і ўнікальныя здымкі. Гэта было першае пэрыядычнае выданьне беларускіх татараў за больш чым 600-гадовую гісторыю пасяленьня гэтага народу на землях Беларусі.

Таксама ў выданьні публікавалі пераклад найбольш ужываных казанскататарскіх і крымскататарскіх слоў і выразаў. На старонках часопісу было і месца для артыкулаў пра татарскую кухню, нацыянальныя песьні і танцы. Разам з Ібрагімам Канапацкім ад самага пачатку выданьня і да сваёй сьмерці ў 1998 годзе складальнікам і галоўным рэдактарам часопісу быў Якуб Якубоўскі. Рэцэнзіі на матэрыялы часопісу пісаў вядомы навукоўца Леанід Лыч.

У кастрычніку 2023 году сілавікі затрымлівалі дачку Ібрагіма Канапацкага, вядомага гісторыка Зарыну Канапацкую. На відэа, запісаным пад прымусам сілавікоў, жанчына кажа, што «займалася выключна сваёй навуковай дзейнасьцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію ў тэматыцы аб беларускіх татарах». Жанчыну прымусілі сказаць, што яна вінаватая ў тым, што была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і знаёмілася зь іх зьместам.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG